Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

27 мая

Прайшоў конкурс-пленэр разьбяроў па дрэве

Роў бензапіл заглушыў усе гукі над вёскай Восліўка: 20-21 мая на базе ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” праходзіў конкурс-пленэр разьбяроў па дрэве.
Да падрыхтоўкі мерапрыемства яго арганізатары – Магілёўскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне і Бялыніцкі лясгас – падышлі з усёй адказнасцю, а таму нават штармавое надвор’е ў першы дзень спаборніцтваў не перашкодзіла іх правядзенню. Лясгасы вобласці прадстаўлялі 13 майстроў, якіх ужо чакалі пад навесам дрэваапрацоўчага цэху ў Восліўцы бярвёны сасны, дубу і асіны. Пачатак спаборніцтвам даў пранізлівы гук бензапілы.
У адзін момант дождж дапоўніла сапраўдная завіруха: майстры кружылі вакол будучых скульптур, а з-пад піл выляталі фантаны белага пілавання. Сканцэнтраваныя твары мужчын, іх рухі, гукі бензапіл стваралі ўражанне своеасаблівага рок-канцэрта.


— Калі казаць паэтычна, то гэта сапраўды так: скульптура разьбяра па дрэве з’яўляецца на свет праз музыку бензапілы, — у перапынках паміж працай падзяліўся думкамі з карэспандэнтам “Зары над Друццю” Аляксандр МЫЧКОЎ, прадстаўнік Быхаўскага лясгаса. – З дзяцінства вельмі любіў маляваць, а калі ўпершыню ўзяў у рукі бензапілу, то зразумеў, што атрымаў добрую магчымасць для самавыяўлення. Менавіта гэты від мастацтва найбольш падыходзіць да майго характару.
Паступова масіў сасны, з якім працаваў Аляксандр, ператварыўся ў вытанчаны сілуэт птушкі, што нясе ў кіпцюрах рыбу. Як паведаміў майстар, само жыццё нараджае вобразы, і застаецца толькі перанесці іх на матэрыял.
Мабыць, для ўдзельнікаў конкурсу-пленэра гэта і проста, але недасведчанаму гледачу застаецца толькі здзіўляцца майстэрству мужчын. Некалькі гадзін – і замест бярвенняў на пляцоўцы спаборніцтваў з’явіліся дзядок-лесавік і неверагоднай прыгажосці жывёлы.


— Палёт фантазіі ўдзельнікаў пленэра сапраўды ўражвае, — выказаўся галоўны паляўніцтвазнавец Магілёўскага ДВЛГА Дзмітрый ПАНЦЯЛЕЕЎ. – Усе работы адлюстроўваюць прыгожы свет навакольнага асяроддзя і заклікаюць да адказных адносінаў да прыроды, на што, уласна кажучы, і накіравана гэта мерапрыемства. Хочацца адзначыць высокі ўзровень майстэрства разьбяроў.
Па выніках конкурсу прыз пераможцы — бензапілу — атрымаў прадстаўнік Магілёўскага лясгаса Аляксандр ДАМАРАЦКІ, які зрабіў скульптуру з дубу “Мядзведзь”. На другім і трэцім месцах, адпаведна, аказаліся Аляксандр АЛЕНІН з Бабруйска і Андрэй ГАНЧАРЭНКА з Краснаполля.
І хоць прызы адправіліся ў іншыя раёны, работы майстроў, зробленыя падчас пленэра, застануцца на Бялыніччыне. Як адзначылі арганізатары, конкурс разьбяроў па дрэве мае ўсе шансы стаць штогадовай традыцыяй лясных гаспадарак вобласці.­



­
Анастасія МАКЕЕВА.
Фота аўтара
Поделиться: