Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

31 мая

Выхаванне тэатрам

Вольга АСТАФ’ЕВА прысвяціла педагагічнай справе 41 год. Працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Цяхцінскага ВПК ДС СШ. Але пасля выхаду на пенсію жанчына не збіралася сядзець, як кажуць, склаўшы рукі. Яна вырашыла і далей аддаваць дзецям свае веды і вопыт. Толькі цяпер ужо не ў якасці настаўніка…
I магчымасць такая ў хуткім часе прадаставілася: дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Таццяна ГАРНАСТАЙ прапанавала ёй арганізаваць тэатральны гурток у філіяле ДШМ, што ў аг. Цяхцін. Вольга Яфімаўна пагадзілася і ўзялася за новую справу з імпэтам.
— Спачатку не ведала з якога боку падступіцца, з чаго пачаць, — кажа Вольга Астаф’ева. — У школе ўсё зразумела: урок, заданне на дом, адказ, адзнака. Тэатр жа крыху іншае. Унікнуць у справу дапамагае вялікае жаданне асвоіць новы занятак. У мяне за плячыма былі і нядрэнны вопыт выкладання ў школе, і любоў да слова. Мне хацелася, каб дзеці на маіх занятках палюбілі мову так, як люблю яе я. Да гэтага імкнулася. Паступова адбылася адаптацыя да новай справы. Пачалі рабіць з дзецьмі пастаноўкі. I неўзабаве нашы намаганні ўвянчаліся поспехам. Удзельнічаючы ў разнастайных конкурсах, атрымлівалі прызавыя месцы. I тады я зразумела, што не важна, артыст ты ці не, галоўнае, як ставішся да сваёй справы.
На занятках працую з дзецьмі так, каб мае выхаванцы адчулі свае здольнасці. Раблю акцэнт на літаратуру і на індывідуальны падыход да кожнага дзіця. Калі ў школе паміж вучнем і настаўнікам існуе небачная дыстанцыя, то ў нашым гуртку ніякіх межаў няма. I вы ведаеце, наведвальнікі майго гуртка быццам душу перад табой расчыняюць. Для іх тут неабмежаваная прастора для творчасці. Свае ролі вывучаюць на адным подыху. Дзякуючы заняткам, лічу, мне ўдаецца выхаваць культурную асобу. Бо што такое тэатр? Гэта сінтэз літаратуры, музыкі, харэаграфіі, вакала, выяўленчага мастацтва… Знаёмячыся з тэатральным мастацтвам, мы дакранаемся да высокадухоўнага складніка нашага жыцця. Тым самым у дзяцей фарміруецца культура зносін, паводзін, моўная культура і г.д.
Рэгулярна арганізоўваю паездкі ў Магілёў на тэатральныя прэм’еры.Такія экскурсіі — сапраўднае свята для маіх маленькіх тэатралаў. Бачылі б вы, як блішчаць іх вочы ад прадчування судакранання з прыгожым.

Наталля КАПЫЛОВА.
Поделиться: