Гэтыя словы можна смела адрасаваць загадчыку магазіна райспажыўтаварыства вёскі Стараселле Машчаніцкага сельсавета Галіне СЕМАШКЕВІЧ. У сферы гандлю яна шчыруе ўжо 23 гады. Хаця нават і не думала, што лёс накануе ёй такі працоўны шлях.
Галіна Данілаўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Кунцы. Пасля заканчэння Мінскага электратэхнікума сувязі маладому спецыялісту прапанавалі працу ў Гомельскай вобласці, але яна выбрала малую радзіму.
Якраз у гэты час райста былі патрэбны прадаўцы ў магазін у вёску Стараселле, і маладая дзяўчына пагадзілася, як тады ёй думалася, часова пагандляваць. Тады ж на працу ў магазін уладкавалася і Валянціна БУРАЯ, разам з якой у дружным тандэме загадчыца працуе да сённяшняга дня.
– Прафесія прадаўца мне падабаецца, – дзеліцца думкамі Галіна Семашкевіч. – Трэба ўвесь час кантактаваць з людзьмі, пастаянна знаходзіцца ў віры мясцовых падзей, быць у цэнтры ўвагі.
Варта адзначыць, што Галіна Данілаўна спраўляецца са сваімі абавязкамі на выдатна. Пакупнікі атрымліваюць хуткае і якаснае абслугоўванне, заўсёды ветлівае стаўленне і шырокі асартымент тавараў, пра які клапоцяцца работнікі сельмага. Таму Галіна Семашкевіч карыстаецца не толькі заслужанай павагай у мясцовых жыхароў. Яе добрасумленная праца не раз адзначалася і кіраўніцтвам райспажыўтаварыства. Па выніках раённага спаборніцтва за 2012 год Галіна Данілаўна стала лепшай па прафесіі ў намінацыі “Гандлёвае абслугоўванне”. У 2013 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне райспажыўтаварыства “Заслужаны ветэран працоўнага калектыву”. У 2014 годзе Галіна Семашкевіч узнагароджана Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, а ў 2015 – Ганаровай граматай Белкаапсаюза.
Але жыхары Стараселля ідуць у магазін не толькі за пакупкамі, а , часам, і па параду ці дапамогу. І гэта не дзіўна, бо, акрамя асноўных абавязкаў, Галіна Данілаўна не застаецца ў баку і ад грамадскага жыцця: яна з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
Любімая праца займае ў жанчыны шмат часу і сіл. Аднак не застаецца без увагі і дамашняя гаспадарка, якую яна даглядае разам з мужам Валерыем. А як выдаецца вольная хвіліна, імкнецца правесці яе разам са сваёй дачкой Анастасіяй. Дзяўчына вучыцца на эканамічным факультэце БДУ. Галіна Данілаўна любіць ездзіць да яе ў госці, каб разам пагуляць па сталіцы, палюбавацца яе славутасцямі і цікавымі месцамі.
У чэрвені адбудзецца чарговая паездка ў Мінск. І вельмі важная ў жыцці Галіны Семашкевіч падзея: як дэлегат ад Бялыніцкага раёна яна прыме ўдзел у працы пятага Усебеларускага народнага сходу.
Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.
Поделиться: