Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

4 июля

Гонар называцца матулечкай

Сустракаючыся з будучымі гераінямі майго творчага праекта, незнарок адзначаю для сябе тры важныя акалічнасці. Гэта адметная працавітасць жанчын, незвычайная сціпласць і прыгожая ўсмешка, што бывае толькі ў тых маці, якія аддалі дзецям усю любоў свайго вялікага сэрца.
Такая ж цёплая і шчырая ўсмешка зайграла на вуснах жыхаркі вёскі Заполле Алы КАНАПЛЁВАЙ, калі яна расчыніла дзверы свайго дома. Насустрач маці выскачыла маленькая дзяўчынка, абняла за ногі і пачала весела шчабятаць.
— Гэта Надзейка, малодшая дачушка, — усё яшчэ ўсміхаючыся, распавядае Ала Станіславаўна. – Ёй усяго пяць годзікаў. Старэйшыя нашы дзеці дарослыя. Віталь і Дзмітрый маюць свае сем’і. У Віталя, які жыве непадалёк ад нас, у Заполлі, гадуюцца трое дзетак, у Дзімы, ён пасяліўся з сям’ёй у Горацкім раёне, нарадзілася дачушка. Так што я ўжо багатая бабуля. Мікалай прыйшоў з арміі і зараз вызначаецца з будучым працоўным месцам. Хоча пайсці служыць у падраздзяленне Дэпартамента аховы. Жэня – студэнт, вучыцца ў Магілёўскім каледжы машынабудавання, а Таня сёлета пойдзе ў 11-ты клас.
— Вялікую сям’ю вы з мужам стваралі мэтанакіравана?
— Я сама з мнагадзетнай сям’і. Нас у бацькоў было шасцёра. Таму пытанняў, колькі нам з мужам Віктарам Рыгоравічам нараджаць дзяцей, ніколі не стаяла. Мы хацелі дзяўчынку, і калі нарадзілася Таня, вельмі ўзрадаваліся. А праз некалькі гадоў я зноў зацяжарыла. Канечне, расхвалявалася. Як растлумачыць амаль дарослым дзецям, што ў хуткім часе наша сям’я папоўніцца яшчэ на аднаго чалавечыка? Аднак трывогі хутка рассеяліся. Усе дапамагалі. Сыны ашчаджалі свае кішэнныя грошы, каб купіць мне што-небудзь смачненькае. А калі Надзейка нарадзілася, то стала ўсеагульнай любіміцай.
— А ці скарысталіся вы льготамі, што адрасуюцца мнагадзетным сем’ям?
— Па-праўдзе кажучы – не. Саўгас “Падзевічы” выдзеліў дом шмат гадоў назад. Мы прыватызавалі яго за ўласныя сродкі. А так стараемся абыходзіцца сваім. Раней трымалі вялікую падсобную гаспадарку. Зараз збавілі абароты. Гадуем свіней, дый курачкі засталіся.
Вельмі прыемна было, калі ўручылі ордэн Маці. Я тады працавала прадаўцом у магазіне райста ў Замачуллі. Усе віншавалі: і калегі, і кіраўніцтва, і родныя.
— Якія маральныя каштоўнасці прывівалі сваім дзецям?
— Натхнялі больш уласным прыкладам. Мы з мужам нядаўна адзначылі 25 гадоў сумеснага жыцця. А дзеці толькі ўмацавалі наш шлюб. І таму хацелася б параіць людзям: калі ваш сямейны човен пачынае гайдацца ў жыццёвым моры, абавязкова нараджайце дзяцей.

— Не шкадуеце, што жыццё не склалася іначай?
— Ніколечкі! Усе дзеці апраўдалі нашы з мужам чаканні, выраслі працавітымі, шчырымі, з павагай адносяцца да людзей, за іх паводзіны нам не сорамна. Гэта галоўнае прызначэнне для мяне як для жанчыны і маці. Калі дачушкі прыціснуцца, абдымуць, будуць шаптаць на вуха: “Матулечка!”, куды і стома падзенецца, і клопаты адыдуць у бок. А калі яшчэ ўсе сыны зляцяцца, як птушкі, у бацькоўскую хату, то колькі радасці ў нас, колькі весялосці!
КАМЕНТАРЫЙ старшыні Запольскага сельсавета Марыі ЛІСТАПАДАВАЙ:
— Сям’я Канаплёвых – адна з тых, з каго патрэбна браць прыклад. Моцная сялянская загартоўка, працавітасць і добрыя адносіны да аднавяскоўцаў дазваляюць ім заўсёды быць на вышыні.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара

Поделиться: