Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

12 июля

Будаваць па цаглінцы сваю мару

У кожнага чалавека ёсць мара, і малады майстар па будаўніцтве БУКП “Жылкамгас” Уладзімір МАРОЗАЎ не выключэнне. Ён імкнецца прыкласці максімум намаганняў, каб ажыццявілася яго запаветнае жаданне.
Упершыню з Уладзімірам мы сустрэліся ў ФАКу “Друць”. На чарговым этапе круглагадовай спартакіяды сярод працоўных калектываў раёна ён прадстаўляў БУКП “Жылкамгас”, у якім шчыруе ўжо трэці год.
— Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці “Прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва”, — гаворыць Уладзімір Марозаў. — Адразу пасля атрымання дыплома вярнуўся дамоў, у Бялынічы, і ўладкаваўся ў жылкамгас.
Падтрымка з боку адміністрацыі і працаўнікоў прадпрыемства адыграла вялікую ролю ў прафесійным станаўленні маладога спецыяліста. Назіраючы за тым, як працуюць яго калегі, Уладзімір хутка адаптаваўся на сваім месцы.
— Калектыў БУКП “Жылкамгас” аб’ядноўвае прафесіяналаў высокага ўзроўню, якія ахвотна дзеляцца вопытам, — адзначае хлопец. — У прыватнасці, начальнік участка Іван ДАЛЕЦКІ і майстар Аляксандр БУЛЫГІН дапамагалі мне зрабіць першыя крокі ў будаўнічай справе.
Камунгасаўцы праяўляюць сваю зладжанасць і ініцыятыўнасць не толькі на працы, але і на разнастайных мерапрыемствах. Уладзімір Марозаў таксама імкнецца не адставаць і ахвотна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці арганізацыі.
— Самым запамінальным для мяне стаў “Турзлёт-2015”, на якім я праходзіў паласу перашкод, — прыгадвае Уладзімір. — Пераважна, прымаю ўдзел у спартыўных спаборніцтвах. Вось у канцы мая ў ФАКу “Друць” прайшоў турнір па вялікім тэнісе сярод працоўных калектываў раёна. У асабістым заліку мне ўдалося заваяваць перамогу.
Спорт заўсёды адыгрываў важную ролю ў жыцці майстра па будаўніцтве. Гадоў з дзевяці Уладзімір Марозаў пачаў займацца футболам, і, па яго прызнанні, атрымлівалася нядрэнна. А ў 2008 годзе пасля заканчэння СШ №2 малады чалавек зацікавіўся будаўнічай справай.
— Зараз свой вольны час праводжу на корце, гуляю разам з сябрамі ў тэніс, — кажа Уладзімір. — А вось мая малодшая сястра Вікторыя — спартсменка, уваходзіла ў склад гандбольнай каманды Бялынічаў. Хутка яна скончыць факультэт фізічнага выхавання МДУ імя А. Куляшова.
Цаглінка да цаглінкі малады спецыяліст будуе сваё жыццё і кар’еру. Грандыёзных планаў на будучыню ў яго пакуль што няма, але Уладзімір дакладна вызначыўся са сваёй марай – спраектаваць і ўзвесці ўласны дом.
— Упэўнены, што ў гэтага здольнага і перспектыўнага працаўніка ўсё атрымаецца, — гаворыць намеснік дырэктара БУКП “Жылкамгас” па ідэалагічнай рабоце Мікалай СЫЦЭВІЧ. — Ён патрабавальны і да сябе, і да іншых. Ахвотна вучыцца новаму, пераймае каштоўны вопыт старэйшых калег. Немалаважна і тое, што Уладзімір дастойна прадстаўляе прадпрыемства на спартыўных спаборніцтвах.
Вольга ГОЛЬЦАВА.

Поделиться: