Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

9 августа

Рэгістрацыя, а затым і агітацыя

1 жніўня завяршыўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. Іх рэгістрацыя прадоўжыцца па 11 жніўня ўключна. Непасрэдна агітацыйны перыяд пачынаецца з моманту рэгістрацыі акруговымі выбаркамамі прэтэндэнтаў на месца ў парламенце і прадаўжаецца да дня выбараў. Пры гэтым агітацыя ў дзень выбараў, якія адбудуцца 11 верасня, забаронена.
Паводле інфармацыі абласной камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, у акруговыя выбаркамы Магілёўскай вобласці паступілі 108 камплектаў дакументаў ад 85 патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты. З іх 48 чалавек вылучаны палітычнымі партыямі, 42 – шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў і 18 – на сходах працоўных калектываў. Пры гэтым вылучэнне 19 прэтэндэнтаў адбылося ад двух ці трох суб’ектаў.
Найбольшая колькасць ахвотнікаў стаць кандыдатам у дэпутаты беларускага парламента зафіксавана ў Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 86 – 11 чалавек. Дзевяць прэтэндэнтаў падалі дакументы ў акруговую камісію Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акругі № 78. Па сем кандыдатаў у дэпутаты, магчыма, будуць зарэгістраваныя ў чатырох акругах Магілёўшчыны. А вось найменшая колькасць прэтэндэнтаў, па чатыры, пазмагацца за парламенцкае месца зафіксавана ў Быхаўскай № 81 і Крычаўскай № 83 выбарчых акругах.
У выбаркам Шклоўскай выбарчай акругі № 90, па інфармацыі члена акруговай выбарчай камісіі Алены СЕЛІВЕСТРАВАЙ, паступілі дакументы на рэгістрацыю ад 5 прэтэндэнтаў на дэпутацкую пасаду. Двое з іх вылучаюцца шляхам збору подпісаў, адзін – двума спосабамі (сходам працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў), двое з’яўляюцца вылучэнцамі палітычных партый: БНФ і Ліберальна-дэмакратычнай.
Як адзначыў старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Валерый БЕРАСТАЎ, сярод палітычных партый найбольшую актыўнасць праявілі Ліберальна-дэмакратычная, якая вылучыла амаль 12 адсоткаў патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты, Аб’яднаная грамадзянская – больш за 10 %, БНФ – больш за 9%, “Справядлівы свет” – больш за 8 %.
Выбарчае заканадаўства Беларусі дазваляе розныя варыянты вядзення перадвыбарнай агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты, якія ўключаюць выступленне перад выбаршчыкамі на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні, радыё, публікацыю праграмы сваёй будучай дзейнасці. Дазволена ставіць пытанне перад адпаведнымі выбаркамамі аб прадастаўленні памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі.
Кандыдат мае права самастойна вызначаць формы, віды і змест перадвыбарнай агітацыі, захоўваючы пры гэтым патрабаванні заканадаўства аб выбарах, масавых мерапрыемствах і СМІ.
Пры апублікаванні перадвыбарных праграм захоўваецца чарговасць іх паступлення, якая вызначаецца на падставе асобнай рэгістрацыі ў рэдакцыях газет з пазначэннем даты і часу паступлення. Аб’ём праграмы не можа перавышаць 4 000 знакаў з прабеламі пры камп’ютарным наборы. Таксама кандыдат мае права на адно бясплатнае пяцімінутнае выступленне па тэлебачанні, на адно бясплатнае пяцімінутнае выступленне па радыё і на ўдзел у тэледэбатах.
Фінансаванне вырабу друкаваных матэрыялаў, арэнды памяшканняў, абсталявання, аплаты работ (паслуг), транспарту, аргтэхнікі, пакрыццё іншых расходаў, непасрэдна звязаных з правядзеннем кандыдатам у дэпутаты мерапрыемстваў агітацыйнага характару, ажыццяўляецца выключна са сродкаў яго выбарчага фонду. Гэта азначае, што прэтэндэнту на месца ў парламенце забараняецца выкарыстоўваць іншыя грашовыя сродкі для правядзення перадвыбарнай агітацыі, акрамя тых, якія паступілі ў выбарчы фонд. Максімальная сума ўсіх расходаў са сродкаў асабістага фонду не можа перавышаць 1000 базавых велічынь — Br21 тысячы з улікам дэнамінацыі.
У ПРАЦЯГ ТЭМЫ
2 жніўня прайшло чарговае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90, на якім разгледжаны наступныя пытанні, унесеныя ў парадак дня: “Аб арганізацыі працы па праверцы подпісаў выбаршчыкаў, сабраных членамі ініцыятыўных груп Т. І. Балдышэўскай, Д. Д. Гобарава, А. І. Лістападава”; “Аб размеркаванні грашовых сродкаў паміж участковымі выбарчымі камісіямі”; “Аб вырабе календароў і вывесак для ўчастковых камісій”; “Аб вызначэнні месцаў для агітацыйнай працы кандыдатаў у дэпутаты” і іншыя.
Як паведаміла акруговая выбарчая камісія, дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 прадставілі: Кастусёў Рыгор Андрэевіч, 1957 года нараджэння, намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу таварыства з абмежаванай адказнасцю “Аб’яднаная прамысловая кампанія”, г. С-Пецярбург, член партыі БНФ, вылучаны партыяй БНФ; Сяўко Сяргей Ляонцьевіч, 1974 года нараджэння, дырэктар прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Оквес”, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі, вылучаны Ліберальна-дэмакратычнай партыяй.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Поделиться: