Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

18 августа

Шэдэўр можна і прысніць

Выстава дэкаратыўна-ўжытковых работ Ірыны КАСЦОВАЙ адкрылася ў раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. У гэты дзень можна было не толькі паглядзець на цудоўныя творы майстра, выкананыя ў самых разнастайных тэхніках, але і паўдзельнічаць у майстар-класе.
 Ірына Аляксееўна прымала ўдзел у многіх выставах, якія праводзіліся ў Магілёве, Чавусах, Быхаве, Шклове, Кіраўску, аг. Александрыя. Сёлета па выніках раённага этапа конкурсу “Новыя імёны Беларусі” ў намінацыі “Выяўленчае і дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва” яна была ўзнагароджана Дыпломам I ступені раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ. Аднак зараз для Ірыны Касцовай адбыўся дэбют – першая персанальная выстава.
— Захапляюся рукадзеллем з дзяцінства, — расказвае майстар. – І мая бабуля заўсёды штосьці прыгожае рабіла, і маці. Потым, калі ў самой з’явіліся дзеці, ім касцюмы пачала шыць. Творчая праца загадчыка касцюмернай раённага Цэнтра культуры толькі садзейнічае рэалізацыі задумак і ідэй.
Шмат работ на выставе прадстаўлены ў “канзашы” – японскай тэхніцы стварэння ўпрыгожванняў для валос, а таксама ў “тапіарыі” – гэта сувенірныя дрэвы ў вазонах.
Натхненне прыходзіць да яе самымі рознымі шляхамі. Дзесьці ўбачыць ідэю і спрабуе яе ажыццявіць, а некаторыя задумкі нават могуць і прысніцца.
— Гэта своеасаблівы крык душы, — паказвае на дрэва ў тэхніцы “тапіарый” Ірына Аляксееўна. – Яго прысніла – і так захацелася зрабіць! Але ж сама бачу, і гавораць многія, што атрымалася смела. Спалучэнне розных колераў выглядае даволі эксцэнтрычна. Аднак я задаволена. Дарэчы, працэс вырабу непасрэдна шара быў вельмі працаёмкі. Аснова цалкам зроблена з газет. А каб дрэва было ўстойлівым, спатрэбілася каля 6 кілаграмаў гіпсу.
Асобна спыняецца Ірына Касцова і каля незвычайных лялек, якіх лічыць сваёй гордасцю. Нават калі прыгледзіцца, не адразу можна здагадацца, з чаго яны зроблены.
— Прыдумка цалкам мая. Было неяк шкада выкідваць пабітыя бакалы, і вось так знайшла ім выкарыстанне. Муж, калі прашу яго, заўсёды дапамагае: дзе трэба падпілаваць востры край альбо зрэзаць непатрэбную частку.
Дарэчы, муж Віктар Яфімавіч, а таксама малодшы сын Антон, які часам падказвае маці творчыя ідэі і заўсёды дапамагае парадай, прыйшлі падтрымаць Ірыну Аляксееўну на адкрыццё выставы. На пытанне, ці застаецца ў творчай маці і жонкі час на сямейныя справы, адказваюць станоўча. Майстар паспявае ўсюды – і прыгожыя вырабы ствараць, і са звычайнай хатняй працай спраўляцца. А сям’я заўсёды дапамагае ёй ва ўсіх пачынаннях.
— У верасні збіраюся прыняць удзел у абласным форуме майстроў. У мяне ёсць вельмі цікавая задумка, якую зараз спрабую ажыццявіць. Але ж усіх сакрэтаў раскрываць не буду, — падзялілася творчымі планамі Ірына Касцова.
Аксана ПЛЕСКАНЁВА.
Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

КАМЕНТАРЫЙ
Алена САМУСЕВА, выконваючы абавязкі дырэктара ДУК “Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі”:
— Персанальная выстава Ірыны Касцовай з’яўляецца часткай праекта, які распачаў музей у бягучым годзе, “Самабытныя таленты Бялыніччыны”. Нам вельмі хочацца, каб і жыхары раёна, і госці ўбачылі, якія таленавітыя людзі жывуць у нашым краі.
 Ірына Аляксееўна, можна сказаць, зрабіла свой першы крок у гісторыю нашага музея. Кожная яе работа патрабуе карпатлівасці, усе яны захоўваюць цеплыню рук і душы майстра, ствараюць атмасферу ўтульнасці і прыгажосці.
­ Поделиться: