Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

18 августа

Прыцягненне зямлі

Механізатар СВК “Калгас “Радзіма” Сяргей КАЗАКОЎ, нягледзячы на малады ўзрост, дасягнуў значных вышыняў у сваёй прафесійнай дзейнасці. Ён прымаў удзел у раённым конкурсе аратых і атрымаў перамогу, а нядаўна стаў другім на абласным этапе гэтага конкурсу.
Карэспандэнт раённай газеты Святлана МАГІЛЕЎЧЫК сустрэлася з руплівым аратым і папрасіла яго падзяліцца ўражаннямі ад удзелу ў мерапрыемстве.
— Раскажы, калі ласка, як праходзіў конкурс? Ці складана было спаборнічаць з лепшымі механізатарамі вобласці?
— Умовы абласнога і раённага конкурсаў нічым не адрозніваліся. Улічвалася глыбіня ворыва, акуратнасць і якасць апрацоўкі глебы. Для мяне выканаць гэтыя патрабаванні было не складана, таму што кожны год вясной і восенню праходжу іх на практыцы. Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі 40 механізатараў. Я набраў 146 балаў са 150 магчымых і заняў 2-е месца.
— А што новае знайшоў для сябе? Што зацікавіла падчас спаборніцтваў?
— Безумоўна, там было на што паглядзець. Асабліва на тэхніку. Вельмі спадабаліся плугі замежнай вытворчасці. А вось сучасныя беларускія трактары не горшыя, чым замацаваны за мной амерыканскі “Джон Дзір”. І ўсё ж я вельмі задаволены сваім механічным памочнікам. З 2009 года працую на гэтым трактары, ведаю ўсе яго нюансы і тэхнічныя магчымасці.
— Як складваюцца адносіны з працоўным калектывам? Каго са сваіх калег-механізатараў ты можаш назваць сваім настаўнікам?
— У нашым калектыве многія механізатары займаюць перадавыя пазіцыі і на раённым, і на абласным узроўнях. Аднак на “зорную хваробу” аніводны не хварэе. Работнікі старэйшага пакалення з задавальненнем перадаюць свой каштоўны вопыт маладым. Для мяне першым настаўнікам быў бацька, Іван КАЗАКОЎ, які і зараз працуе механізатарам у СВК “Калгас “Радзіма”. Ад яго пераняў любоў да тэхнікі і да зямлі. Многаму навучыў Міхаіл КУЛЯШОЎ. Ён працуе на такім жа трактары, як і я. Таму мы часта раімся па розных пытанях. Ну і, канечне, не абміну ўвагай свайго старэйшага сябра і дарадцу Сяргея ГАЎРЫЛЕНКУ. З ім працую разам некалькі гадоў. І вось зараз пачалі падрыхтоўваць глебу пад сяўбу азімых культур.
— Праца аратага нялёгкая. З ранняй вясны да самых маразоў вы знаходзіцеся ў полі. Як заахвочвае механізатараў праўленне гаспадаркі?
— Падоўжаны працоўны дзень аплачваецца па больш высокім тарыфе. Забяспечаны 2-х разовым гарачым харчаваннем. У 2014 годзе мы з жонкай Алесяй пабывалі на адпачынку ў Турцыі, а мінулым летам ездзілі ў Александрыю на канцэрт вядомых расійскіх выканаўцаў. Пуцёўкі і білеты на канцэрт поў-насцю аплаціла гаспадарка. Таксама праўленне СВК “Калгас “Радзіма” выдзеліла нашай сям’і дом з усімі камунальнымі выгодамі і зручнасцямі.
— Не шкада, што прысвяціў жыццё сельскай гаспадарцы?
— Ніколькі. Адразу ж пасля школы паступіў вучыцца завочна ў Магілёўскі філіял Беларускага інстытута правазнаўства. Каб аплачваць вучобу, пайшоў працаваць механізатарам у калгас. І так здарылася, што хоць і атрымаў вышэйшую адукацыю, але праца на зямлі спадабалася больш. Канечне, за рабочы дзень стамляешся, але ў мяне ёсць надзейны тыл – любімая жонка і маленькая дачушка Варвара. Дзякуючы падтрымцы сям’і, любыя працоўныя дасягненні будуць па плячы.

Поделиться: