Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

5 сентября

Непарыўная сувязь пакаленняў

Першае верасня ў жыцці кожнага чалавека займае асаблівае значэнне і адметнае месца, бо ўсе мы былі ў свой час вучнямі, мелі любімых настаўнікаў і родную школу. Таму і само свята ўспрымаецца як непарыўная сувязь самых розных пакаленняў.
 Урачыста і з радасцю сустракалі 1 верасня настаўнікі школ Бялыніччыны сваіх вучняў – адпачыўшых за лета, прыгожых, па-святочнаму апранутых і гатовых да захапляльных падарожжаў па цудоўнай Краіне Ведаў. У першы дзень новага навучальнага года за школьныя парты селі 2062 юныя жыхары нашага раёна.
На ўрачыстай лінейцы з нагоды Дня ведаў, якая прайшла ў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага, папрысутнічаў і карэспандэнт “Зары над Друццю”.
 Як адзначыла журналісту завуч гэтай установы адукацыі па вучэбнай рабоце Галіна АЛЯНЮК, сёлета ў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага ўпершыню за парты сядуць 93 першакласнікі, з якіх сфарміраваны чатыры класы. Летась было на адзін клас меней.
Роўна а дзясятай гадзіне раніцы стракатае ад сотняў букетаў рознакаляровых кветак стройнае карэ з вучняў, іх бацькоў, настаўнікаў і проста цікаўных бялынічан на хвілінку застыла ва ўрачыстым хваляванні на школьным двары, чакаючы таго незабыўнага моманту, калі да іх далучыцца і жывы ручаёк першакласнікаў.
Намеснік дырэктара школы Таццяна МАНДРЫКАВА, павітаўшы ўсіх прысутных на лінейцы і павіншаваўшы іх з Днём ведаў, пачаткам новага навучальнага года, запрасіла прывітаць, бадай, самых галоўных удзельнікаў свята – першакласнікаў. Яны, крыху збянтэжаныя ад апладысментаў і ўвагі, сталі асобным шыхтам насупраць строю адзінаццацікласнікаў.
Да вучняў і педагогаў школы звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА. Мікалай Міхайлавіч цёпла і сардэчна павіншаваў іх, усіх прысутных са святам і адзначыў, што ў Беларусі робіцца ўсё магчымае для самарэалізацыі дзяцей і моладзі, настаўнікаў.
— У нашай мірнай краіне, — сказаў ён, — клапоцяцца, каб кожнае дзіця, кожны малады чалавек мог стаць дастойным грамадзянінам, патрыётам Беларусі, чалавекам адукаваным і паспяховым. Ва ўсе часы беларусы высока цанілі адукаванасць і прафесіяналізм. Сёння менавіта гэтыя якасці з’яўляюцца гарантыяй дабрабыту кожнага чалавека, устойлівага развіцця краіны.
Кіраўнік раёна падзякаваў педагогам за іх працу, цярпенне і пажадаў ім, іхнім вучням дабівацца новых, яшчэ большых поспехаў. Каб час вучобы стаў для кожнага школьніка светлым і цікавым, дапамог рэалізаваць свае здольнасці і набыць месца ў жыцці.
Мікалай Кадаценка ад калектыву райвыканкама падарыў халадзільнік для школьнай сталоўкі. Да слова сказаць, з падарункамі прыйшлі на ўрачыстую першавераснёўскую лінейку і ўсе іншыя ганаровыя госці – як СШ № 1, так і ўсіх устаноў адукацыі раёна.
Пасля ўрачыстай лінейкі настаўнікі СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага разам з ганаровымі гасцямі правялі свае першыя ўрокі ў новым навучальным годзе на тэму: “Нам мір завешчана берагчы!”. Да слова сказаць, гэтыя тэматычныя ўрокі прайшлі ва ўсіх школах, навучальных установах Беларусі.
Кожны педагог удзяліў на ім увагу ваенна-патрыятычнаму мінуламу нашай краіны, дасягненням у сацыяльнай сферы, навуцы, эканоміцы, гісторыі роднага краю. Несумненна, дзякуючы ўроку, вучні пашырылі свае веды аб міры як абсалютнай каштоўнасці, даведаліся аб магчымасцях супрацоўніцтва і дыялогу на ўзроўні ўзаемадзеяння асобных людзей, прадстаўнікоў розных нацыянальных груп, розных культур, краін.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.
Поделиться: