Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

15 сентября

Таццяна НАБОКАВА: “Вельмі хвалявалася за сына”

Наш зямляк, легкаатлет Дзмітрый НАБОКАЎ упершыню прыняў удзел у Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. Прызавога месца ён, на жаль, не заняў, але за яго выступленнямі ўважліва сачылі родныя, знаёмыя, сябры і, канечне ж, самы дарагі сэрцу чалавек – маці. Таццяна Мікалаеўна дзеліцца з чытачамі раёнкі сваімі радасцямі і хваляваннямі за сына
— Што вы перажываеце падчас прагляду па тэлевізары трансляцый выступленняў Дзмітрыя?
— Заўсёды адчуваю вельмі вялікае хваляванне. Не магу знайсці сабе месца. Мяне перапаўняюць розныя эмоцыі. Часам, бываюць моманты, не вытрымліваю і выключаю на некалькі хвілін тэлевізар. Але вельмі радуюся дасягненням сына. Ён майстар спорту міжнароднага класа, срэбны прызёр чэмпіяната свету сярод юніёраў 2014 года, чэмпіён Беларусі па лёгкай атлетыцы 2016 года. З асаблівым хваляваннем чакала выступленняў на Алімпіядзе ў Рыа. Не гледзячы на тое, што сын вярнуўся дадому без узнагароды, гэты вопыт спаборніцтваў для яго і для мяне многа значыць.
— Як ваш Дзіма прыйшоў у спорт?
— Ён з дзяцінства быў вельмі актыўны, не мог сядзець на месцы. У пятым класе настаўнік фізкультуры Мікалай Раманавіч ЮШКЕВІЧ літаральна за руку адвёў сына ў дзіцячую спартыўную школу. З таго моманту Дзмітрый і спорт сталі неразлучнымі. Вялікую ролю ў станаўленні майго сына як спартсмена адыграла і першы трэнер Ірына ПРЫХОДЗЬКА.
— Як удавалася вашаму сыну сумяшчаць вучобу і спартыўныя трэніроўкі? Ці аказвалі яму падтрымку?
— Сумяшчаць вучобу і спорт заўсёды вельмі складана. Я старалася дапамагаць парадамі, як правільна распісаць дзень, каб рацыянальна спалучыць і заняткі, і трэніроўкі.
— Прафесійныя спартсмены працуюць на мяжы магчымасцяў. Ці адбіваліся негатыўна на здароўі вашага сына павышаныя фізічныя нагрузкі падчас трэніровак і збораў?
— Прафесійны спорт заўсёды звязаны з каласальнымі фізічнымі і псіхалагічнымі нагрузкамі, але Дзіма іх добра пераносіць. І, думаю, яны яму не перашкодзілі.
— Ці былі ў Дзмітрыя сур’ёзныя траўмы?
— Так, у яго была вельмі сур’ёзная траўма – пералом нагі. Дактары ставілі несуцяшальныя прагнозы, што ў спорт ён ужо не вернецца. Адзін хірург нават сказаў, што адзіны від спорту, якім ён можа займацца пасля траўмы — шахматы. Нягледзячы на гэта, Дзіма не здаўся, пачаў зноў трэніравацца і хутка вярнуўся ў сваю былую форму. А праз некаторы час атрымаў перамогу на юніёрскім чэмпіянаце свету ў Амерыцы. Увогуле, калі мой сын захоча завяршыць спартыўную кар’еру, то я, як маці, падтрымаю любое яго рашэнне.
— Калі можна было б усё вярнуць назад, вы аддалі б сына ў спорт?
— Так, не задумваючыся.
Дзмітрый ЦІХАНАЎ,
студэнт ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.
Поделиться: