Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

10 ноября

Перспектывы цяхцінскага саду

­Згодна рэспубліканскіх праграм “Пладаводства” і “Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця бульбаводства, гароднінаводства і пладаводства”, у нашай рэспубліцы з 2005 года з’явілася 106 тысяч гектараў насаджэнняў садовых дрэў. Інтэнсіўны сад сёння – гэта не толькі прыгожыя рады яблынь і груш, а яшчэ і значная крыніца даходаў.

На Бялыніччыне садаводствам займаюцца два сельгаспрадпрыемствы.  Адно з іх, ААТ “Новая Друць”, паспяхова асвойвае ўсе аспекты пладаводства і наладжвае шляхі збыту сакавітай вітаміннай прадукцыі.
­
Агульная плошча зямельнага ўчастка, адведзенага пад сад у аграгарадку Цяхцін, складае 140 гектараў. Усе пладовыя дрэвы – беларускай селекцыі. Сярод іх правераныя на смакавыя якасці і адносна ўстойлівыя да распаўсюджаных хвароб гатункі яблынь “Імант”, “Беларускае салодкае”, “Заслаўскае”, “Алеся”, “Вербнае”…

— Сёлета сад уступіў у фазу інтэнсіўнага пладанашэння, — расказвае аб тонкасцях садаводства аграном ААТ “Новая Друць” Надзея МЯЛЕШКА. — Нягледзячы на невялікую колькасць апрацовак, а іх у сярэднім за год праводзім пяць, мы здолелі атрымаць неблагі ўраджай вітамінных пладоў. Усяго сабралі і адправілі спажыўцам 540 тон яблыкаў. Большая частка іх пайшла на экспарт у Расійскую Федэрацыю. Нетаварныя плады і апад прынялі перапрацоўчыя прадпрыемствы ў Кіраўску і Гомелі. Хоць аб’ём работы вельмі вялікі,  на 140 гектарах садовых насаджэнняў пастаянна занятыя толькі чатыры чалавекі, мы своечасова выконваем асноўныя агратэхнічныя маніпуляцыі: падкормкі, абкос, абрэзку, хімапрацоўкі. Гэта дазваляе кожны сезон атрымліваць стабільны ўраджай і пастаўляць на рынак яблыкі высокай таварнасці.

Цяхцінскія садаводы не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. У мінулым годзе была закладзена плантацыя груш лепшых гатункаў беларускай селекцыі плошчай 2,7 гектара. Таксама стварылі невялікі гадавальнік для аднаўлення пашкоджаных насаджэнняў.

— У нашых планах павялічыць разнастайнасць гатункаў яблыкаў і груш і пабудаваць спецыялізаванае пладасховішча, — распавядае Надзея Мялешка. — Будзем удзяляць увагу і пашырэнню плантацыі ягад. Пакуль іх вырошчваем толькі для патрэб сталовай гаспадаркі, але, спадзяюся, парэчкі і вішні прыйдуцца даспадобы ўсім спажыўцам. На рынку ёсць попыт на пладова-ягадную прадукцыю, а значыць у нашай дзейнасці існуюць вялікія перспектывы.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК­
Фота аўтара

Поделиться: