Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

1 декабря

Панацэя для душы

Калі хто не ведае, то слова “хобі” ў перакладзе з англійскай мовы азначае любімую справу, якой чалавек з радасцю займаецца ў вольны час. Сапраўды, прадметам хобі можа быць усё што заўгодна, і гэтыя захапленні, як правіла, не даюць асаблівых матэрыяльных выгод. Затое прыносяць, што не менш важна, вялікае маральнае задавальненне. У тым, што на Бялыніччыне ёсць нямала людзей, здольных ствараць уласнымі рукамі шыкоўныя рэчы, што называецца, для душы, карэспандэнт раёнкі ў чарговы раз пераканаўся, калі наведаўся ў госці да Марыны АРАХОЎСКАЙ. І па-добраму быў уражаны: наколькі розным і нечаканым можа быць вобраз медыцынскага работніка.
Марына Аляксандраўна нарадзілася і вырасла ў Бялынічах. Пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча вярнулася на малую радзіму, шмат гадоў адпрацавала медыцынскім статыстыкам. Апошнія сем гадоў выконвае абавязкі фармацэўта ЦРБ. Гэта ад яе залежыць поўнае забеспячэнне медустаноў раёна лекавымі сродкамі.
І ўжо цягам дзесяці гадоў Марына Арахоўская займаецца вышываннем крыжыкам. Убачыла, як гэта робіць яе сяброўка, паспрабавала і так захапілася, што хобі стала значнай часткай яе жыцця. Першай вышытай карцінай сталі жоўтыя ружы. Аднак тэматыка твораў не абмяжоўваецца кветкамі, яны ўтрымліваюць іншыя матывы: выявы людзей, прыроду, садавіну. Пры гэтым Марына Аляксандраўна часта робіць серыі карцін, бо калі падабаецца, як атрымалася першая з іх, ёй хочацца прадоўжыць развіваць гэты ж накірунак. Адрозніваецца разнастайнасцю і палітра колераў яе вышыўкі: на ёй і вытанчаныя сілуэты людзей у светлых, стрыманых адценнях, і сакавітая садавіна, выканая ў яркай і насычанай аранжавай, гранатавай і зялёнай каляровай гаме.
– Як толькі выдаецца вольная хвілінка, адразу бяруся за іголку і канву, – расказвае Марына Арахоўская. – Вышыванне крыжыкам вельмі зацягвае. Здаецца, толькі прысела, зірну на гадзіннік – ужо амаль поўнач. Гэты занятак, перш за ўсё, вельмі супакойвае, адцягвае ўвагу ад будзённых клопатаў. Нібыта адключаюся ад усяго, што адбываецца навокал, і шывок за шыўком наношу ўзор. У асноўным раблю гэта зімой, а летам шмат часу патрабуюць іншыя заняткі – агарод, закаткі, кветкі…
Некаторыя карціны Марыя Аляксандраўна дорыць сваякам і сябрам да розных святаў, дый проста так, без нейкай нагоды. І гэта, скажу вам, па-сапраўднаму каштоўны падарунак, бо кожная з іх патрабуе не толькі шмат часу і карпатлівай працы, але і грошай на набыццё матэрыялаў.­


– Зараз для аматараў рукадзелля ў продажы з’явіліся адмысловыя наборы, – тлумачыць майстрыха. – А раней прыходзілася шукаць усё неабходнае. Таксама трэба падабраць для вышыўкі рамку і паспарту – спецыяльную кардонную акантоўку, якая стварае вакол выявы поле для большага канцэнтравання позірку.
У выніку атрымліваецца кругленькая сума. Але гэта не стрымлівае апантанага аматара вышыўкі, бо на другім баку шаляў – творчая рэалізацыя і душэўны спакой.

­

Марына Арахоўская сёлета прыняла ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016” і была ўзнагароджана Дыпломам раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ. Яе работы, выстаўленыя ў час заключнага гала-канцэрта, змаглі ўбачыць і ацаніць бялынічане, якія наведалі мерапрыемства.

Тэкст і фота
Андрэя СУПІТАЛЁВА
Поделиться: