Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

1 декабря

Аб’яднаныя любоўю да творчасці

­­Танцораў і спевакоў двух брацкіх рэгіёнаў у рамках гала—канцэрта творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў прадпрыемстваў раёна, а таксама ўдзельнікаў прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” сабрала ў мінулы чацвер канцэртная зала РЦК.
Цёпла павітала гасцей старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Святлана ПАТАПЧЫК:
— Напрыканцы кастрычніка пастановай выканкама савета ФПБ прынята рашэнне правесці ў Беларусі Тыдзень прафсаюзнай культуры, у рамках якога і праходзіць сённяшняе свята. Упэўнена, сёлетні год нездарма аб’яўлены Годам культуры. Ён сімвалізуе высокую значнасць творчасці беларусаў. Прыемна адзначыць і той факт, што гэты тыдзень супаў з візітам у Прыдруцкі край гасцей з горада Рыльск. Сённяшняя сустрэча – сведчанне добрых адносінаў паміж нашымі славянскімі народамі: сінявокай Беларусі і неабсяжнай Расіі.

­

Затым перад гледачамі выступілі артысты мастацкай самадзейнасці раёна. Лепшыя з іх атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Дыпломамі раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Уладзіміраўна ўзнагародзіла народныя ансамблі “Бялыніцкія музыкі” і “Славяне”, вакальны ансамбль ДШМ “Акварэлькі”, народную эстрадную студыю “Колеры”, харэаграфічны калектыў РЦК “Созвездие”, кіраўнікоў Вішоўскага і Ланькаўскага СЦКіВЧ Алену ХАРТАВУ і Ірыну ЕМЯЛЬЯНАВУ і іншых.


У другой частцы канцэртнай праграмы сапраўднае свята бялынічанам падарылі самадзейныя артысты горада Рыльск.
Да ўсіх прысутных звярнулася начальнік аддзела моладзі, культуры  і спорту адміністрацыі Рыльскага раёна Ірына Башкірава:
— Гэтым летам нашы раёны ўстанавілі пабрацімскія сувязі ў розных сферах дзейнасці. І за­раз мы робім першыя крокі насустрач адзін аднаму ў гэтым накірунку. Напачатку лістапада нам вельмі прыемна было сустракаць дэлегацыю вашага раёна. А мы зараз знаходзімся ў гасцях у сваіх ужо сапраўдных сяброў, братоў і сёстраў.


Ірына Фёдараўна таксама зачытала прывітальны зварот кіраўніка горада Рыльск Андрэя ЛІСМАНА і ўручыла на памяць нашаму раёну ікону чатырох Святых, якія, згодна падання, з’яўляюцца заступнікамі Рыльска.
Здаецца, сцены канцэртнай залы РЦК даўно не чулі такіх моцных апладысментаў, выгукаў “Брава!” і “Малайцы!”, якія ў знак падзякі за яркія выступленні атрымлівалі рыльскія артысты. Па-майстэрску, запальна дзеці і дарослыя выконвалі народныя танцы “Беларускі”, “Сон пастушка” і “Маруся”. Жыва і пластычна танчылі рок-н-рол юныя ўдзельніцы ансамбля танца “Мара” Рыльскага СЦКіВЧ! Сваімі песнямі не менш уразілі гледачоў калектывы і сольныя выканаўцы з ліку педагогаў рыльскай установы культуры. Асабліва прыемна было пачуць песню “Алеся”, выкананую на беларускай мове.


Развітальным акордам мерапрыемства стаў прыгожы нумар з удзелам артыстаў двух брацкіх раёнаў, падчас якога на сцэне эфектна развіваліся чырвона-зялёныя і бела-сіне-чырвоныя сцягі. Не памылюся, калі скажу, што прыемныя пачуцці надоўга застануцца ў сэрцах тых, хто прыс­утнічаў на гэтым свяце.
­
Вольга НАБОКАВА
Поделиться: