Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

26 января

Выхаванне рэліквіямі

Фонд музея гісторыі СВК “Калгас “Радзіма” пастаянна папаўняецца, а ўнікальныя дакументы мінуўшчыны актыўна выкарыстоўваюцца ў патрыятычным выхаванні вучняў Вішоўскай школы, мясцовага насельніцтва і шматлікіх экскурсантаў.  

На сёння калекцыі музея гісторыі СВК “Калгас “Радзіма” налічваюць больш за пяць тысяч цікавых, а нярэдка і ўнікальных, экспанатаў, сярод якіх даўнія рэчы вясковага побыту і працы, дакументы, перыядычныя выданні і кнігі, фотаздымкі, успаміны і пісьмы і    г. д., што адлюстроўваюць ваенную і працоўную славу насельніцтва Вішоўскага краю, яго найбагацейшую культурна-духоўную спадчыну і гісторыю ва ўсіх яе праяўленнях.

Адна з цікавых асаблівасцяў гэтага музея заключаецца і ў тым, што тут дзейнічае інфакіёск, дзе кожны можа атрымаць гістарычную даведку, напрыклад, аб ваенных і працоўных узнагародах жыхароў аграгарадка і навакольных паселішчаў. Таксама можа паглядзець фотаальбомы і відэасюжэты аб знакавых падзеях Вішова, працоўнага калектыву гаспадаркі.

У музеі ўсё сваё, роднае, блізкае. Экспазіцыі яго расказваюць пра тое, як жылі дзяды-прадзеды сённяшніх вішоўцаў і жыхароў навакольных вёсак, як працавалі, чаму радаваліся, аб чым марылі і што іх засмучала. Гэта своеасаблівы масток, які яднае два берагі жыцця насельніцтва вішоўскага краю: мінулае і сучаснае. Сёння, калі ўсе мы ўключаныя ў працэс глабалізацыі, якая сваім буйназярнёным шліфавальным катком на карысць безаблічнай, прагматычнай універсальнасці і аднастайнасці без жалю сцірае на пыл унікальнейшыя адметнасці, ролю ў нашым жыцці вось такога музея цяжка перабольшыць, бо ён зберагае  для наступных пакаленняў рэгіянальную культуру, духоўную спадчыну, народную памяць.

Наталля ПІКАС, спецыяліст па музейнай справе СВК “Калгас “Радзіма”, захапляльна расказвае, з якой цікаўнасцю адносяцца экскурсанты да экспазіцый, сабраных у пяці залах музея. Асабліва інтрыгуюць іх прылады працы, якімі карысталіся мясцовыя сяляне ў ХХ стагоддзі.

– Нярэдка паміж імі разгараюцца нават спрэчкі адносна назвы ці прымянення той альбо іншай прылады, – гаворыць Наталля Уладзіміраўна. – Яно і зразумела. Калі апошні раз выкарыстоўвалі, напрыклад, вось гэты інструмент, якім страхары раўнялі кулі ў страсе, крыючы саломай хату ці хлеў? Гэта так патрэбная раней прылада ў кожнай сялянскай гаспадарцы даўно з-за сваёй непатрэбнасці выйшла з ужытку, страціла пазнавальнасць, назву і сваё прызначэнне. Падобная гісторыя суправаджае сотні музейных прадметаў.

Спецыяліст па музейнай справе СВК “Калгас “Радзіма” не толькі праводзіць экскурсіі, апісвае фонды, але і актыўна займаецца зборам будучых музейных экспанатаў. Напрыклад, толькі за апошнія тры месяцы фонд калгаснага музея папоўнілі больш як 200 прадметаў. Кожны з іх мае сваю адметную гісторыю, выклікае эмоцыі і здзіўленне, гонар за нашых папярэднікаў.

У вёсцы Ветка, што ў Галоўчынскім сельсавеце, жыў майстравіты ветэран Вялікай Айчыннай вайны Андрэй ХАДАСЕВІЧ. Маючы залатыя рукі, ён славіўся сваім сталярным умельствам далёка за межамі роднай вёскі: рабіў вокны і дзверы, ліштву, вырабляў куфары, сундукі, ложкі, шафы, сталы, табурэткі, цэбры, бочкі… Не так даўно яго ўнучка Ніна ВІШНЯВЕЦКАЯ прапанавала музею дзедавы сталярныя інструменты і некаторыя вырабы. Даставілі ў Вішоў унікальных экспанатаў цэлы кузаў грузавой машыны. Сярод іх адшукаліся і ручная піла з падстаўкай для распілоўкі бярвення, і з дзясятак лучковых пілак, нажовак, рубанкаў, і жорны, і каромыслы…

Перадала музею некалькі даўніх рэчаў жыхарка Ермалавічаў Таццяна АЛЯКСЕЙЧЫКАВА, а пенсіянерка Надзея Пікас з Лямніцы падарыла сяннік, дзяружку. Папоўнілася калекцыя і на берасцяны кораб, бязмен, што быў зроблены (а, можа, і набыты) у 1805 годзе, самаробны гармонік, змайстраваны ў 1942 годзе…

Аўтара гэтых радкоў уразіла, напрыклад, адмысловае ліпавае карытца, якое некалі ў сялянскай хаце мела цікавае функцыянальнае прызначэнне. Яно, як паінфармавала Наталля Пікас, падвешвалася да столі над абедзенным сталом. У паланачкі, так называецца гэта рэч, складваліся хлеб, скавароднікі, бліны, нож і накрываліся самаробным ручніком.

– Многія жыхары, – расказвае гаспадыня музея гісторыі СВК “Калгас “Радзіма”, – калі даведваюцца, што зберажоныя імі старыя рэчы іхніх бацькоў, матуль, дзядоў і бабуляў збіраюцца для нашага музея, з ахвотаю расстаюцца са сваімі сямейнымі рэліквіямі, бо пэўна ведаюць, што тут яны не толькі зоймуць дастойнае месца, але яшчэ і паслужаць многім пакаленням. І тут будзе зберагацца памяць пра іхні род, сям’ю – гэту самую найвялікшую каштоўнасць. Хоць далёка і не ўсялякі зберагае гэты скарб, гэту мадэль і школу, дзе кожны абавязкова праходзіць курс жыцця. І проста выдатна, калі ў такім выхаваўчым працэсе задзейнічаны радаводы сям’і, гісторыя роднага паселішча, сельгаспрадпрыемства, дзе працуюць бацькі, мінуўшчына рэгіёну і краіны.

Наталля Пікас, заняўшыся краязнаўчымі росшукамі, не стамляецца хадзіць па хатах, распытваць людзей, цікавячыся лёсам іх родных і блізкіх. Цяпер яна піша гісторыю жыцця першага старшыні калгаса “Чырвоны баец” (вёска Крукі) Казіміра ГАРНОЎСКАГА, літаральна па крупінках збірае факты пра першага старшыню гняздзінскага калгаса імя Будзённага Фёдара ДАЛІНІНА, распытвае ў вяскоўцаў рэцэпты выпечкі хлеба. Адным такім унікальным рэцэптам падзялілася жыхарка вёскі Студзёнкі Галіна ДРАЧОВА.

Стварэнне музея гісторыі СВК “Калгас “Радзіма” не было самамэтай. Музей працуе, пашыраецца яго прастора, у тым ліку і духоўная. Тут пастаянна праводзяцца ўрокі для вучняў Вішоўскай школы. Як адзначае дырэктар школы Кацярына ЗАЙЦАВА, выдатныя навучальныя, пазнавальныя магчымасці калгаснага музея задзейнічвае кожны настаўнік-прадметнік. Як вядома, тэма ўрока, вывучаная на мясцовым матэрыяле, лепей засвойваецца і запамінаецца вучнямі.
Для наведвальнікаў музей гісторыі СВК “Калгас ”Радзіма” працуе па аўторках і пятніцах з 10 да 14 гадзін, па нядзелях – з 12 да 16 гадзін.

КАМЕНТАРЫЙ
Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ, старшыня праўлення СВК “Калгас “Радзіма”:

– Вызначальнай тэндэнцыяй сённяшняга часу становіцца выразная тэндэнцыя да гістарычнага мыслення. Людзей цікавіць мінулае роднага краю, свайго роду, яны імкнуцца глыбей і паўней асэнсаваць гісторыю сваёй дзяржавы, уласнага народа і ролю сваёй сям’і.

Усім вядома народная казка, у якой закладзены вельмі глыбінны сэнс. Знясілены воін вяртаецца дамоў і прыпадае да роднай зямлі, і гэтым самым набірае моц духу і новую сілу. Ён зноў ідзе на бітву і перамагае зло.

Надзвычай важна, каб кожны работнік гаспадаркі, школьнік, наведаўшы музей, мог пераканацца яшчэ раз, што ім вельмі пашанцавала нарадзіцца ў гэтым цудоўным кутку, які называецца Вішоўшчына.
А без ведання свайго мінулага чалавек нагадвае сабой засохлае дрэва. Менавіта таму і заснаваны наш музей, у экспазіцыях, фондах і калекцыях якога праз рэчы, дакументы, успаміны, фотаздымкі знайшла сваё адлюстраванне багатая гісторыя нашага калгаса, аграгарадка Вішоў і навакольных паселішчаў.

Пачынаючы гэту справу, мы тады самі і ўявіць сабе не маглі, якая багатая ў нас гісторыя!

Мы пашыраем музейную прастору. Непасрэдным вынікам гэтай працы стане стварэнне цэльнага гісторыка-этнаграфічнага комплексу, у складзе якога, акрамя музея, будуць дзейнічаць карчма з абрадавай залай, кузня, веранда (куток сялянскага побыту), клець (выставачны павільён), ветраны млын, хлебапякарня.

Канечне, будучыня патрабуе разумных, інтэлектуальных людзей. Праз  15-20 гадоў кардынальна зменяцца ўмовы жыцця і працы, многія сённяшнія прафесіі за гэты перыяд будуць непатрэбныя і знікнуць – стануць гісторыяй, а новыя тэхналогіі запатрабуюць новых прафесій.
Нам ёсць да чаго імкнуцца, ёсць над чым працаваць. Не толькі ў гаспадарчай дзейнасці, у галіне эканомікі, але і ў сацыяльна-культурнай сферы. Я абсалютна перакананы: калі селянін вырошчвае хлеб і доіць малако, гэта зусім не азначае таго, што ён павінен быць аддзелены ад прыгожага свету культуры і мастацтва, духоўных скарбаў роднай зямлі.

Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара

Поделиться: