Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

21 июня

У прэс-цэнтры “Зары над Друццю” прамую тэлефонную лінію правялі спецыялісты райЦГЭ

У прэс—цэнтры рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю” прамую тэлефонную лінію для жыхароў раёна правялі спецыялісты райЦГЭ – памочнікі ўрача—гігіеніста Ала ІВУЛЁВА і ўрача—эпідэміёлага Алена ПАЛУДА, інструктар—валеолаг Ларыса ВАРАВА. Тэмай размовы стала прафілактыка кішэчных інфекцый.
– Якім чынам можна заразіцца кішэчнымі інфекцыямі ў летні перыяд?
А.П.: – Перш за ўсё трэба адзначыць: сярод насельніцтва шырока распаўсюджана меркаванне, што кішэчныя інфекцыі бываюць толькі ў  гарачую пару года. Але яно памылковае. Гэты дыягназ круглагадовы, проста летам і восенню пераважаюць бактэрыяльныя кішэчныя інфекцыі, а зімой і вясной лідарства перахопліваюць вірусныя.
Тым не менш, засцерагчы сябе летам ад непрыемных сюрпрызаў і звесці рызыку заражэння кішэчнай інфекцыяй да мінімуму дапамогуць простыя правілы. Кожны раз перад ежай, а таксама пасля прагулак або працы на вуліцы, наведвання туалета неабходна мыць рукі з мылам. Пры сабе заўсёды трымайце гігіенічныя вільготныя сурвэткі на той выпадак, калі памыць рукі не атрымаецца. Старанна мыйце пад праточнай вадой сырую гародніну і садавіну, перад ужываннем у ежу абдайце яе кіпенем. Напрыклад, у перыяд масавага спажывання клубніц многія заражаюцца аскарыдозам з-за таго, што забываюць старанна прамыць ягады.
Піць трэба толькі кіпячоную або бутыляваную ваду, а водаправодную ачышчайце бытавымі фільтрамі. Пры купанні ў адкрытых вадаёмах старайцеся не глынуць бруднай вады і не дапусціць траплення бактэрый у арганізм.
– Што рабіць, калі ў краме мне прадалі прадукт з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці?
(Марыя П., бялынічанка)
А.І.: – Ні ў якім разе не ўжывайце такі прадукт у ежу. Калі вы захавалі чэк аб пакупцы, яго можна вярнуць у краму, і прадавец абавязаны ў вас забраць такі тавар. Таксама пра гэты факт неабходна праінфармаваць спецыялістаў  райЦГЭ, каб прадухіліць далейшы продаж няякаснай прадукцыі ў гэтым гандлёвым аб’екце.

Увогуле, кожнаму пакупніку трэба абавязкова звяртаць увагу не толькі на тэрміны прыдатнасці тавару, але і на тэмпературны рэжым і суседства прадуктаў. Напрыклад, рыба, мяса, кулінарныя і малочныя вырабы хутка псуюцца, таму павінны прадавацца не з прылаўка, а толькі з халадзільніка з тэмпературай захоўвання ад 0 да 6 градусаў.
Пры захоўванні прадуктаў дома таксама неабходна прытрымлівацца шэрагу правілаў. Прадукты, якія хутка псуюцца, захоўвайце ў халадзільніку. Гатовыя стравы неабходна захоўваць у закрытым посудзе і не дапускаць іх кантакту з сырымі прадуктамі, таму што ў сырым мясе, птушцы і морапрадуктах знаходзяцца небяспечныя мікраарганізмы, якія пры трапленні на гатовыя стравы здольныя выклікаць у чалавека захворванне.
– Што такое кішэчны грып і ў чым яго небяспека?
(Надзея К., бялынічанка)
А.П.: – Кішэчны грып, або ротавірус, з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных дзіцячых кішэчных інфекцый. Вірус трапляе ў органы стрававання праз брудныя пальцы і рот. Таму часцей за ўсё ад захворвання пакутуюць маленькія дзеці ва ўзросце да трох гадоў. Крыніцай заражэння з’яўляецца хворы чалавек. Пасля наведвання туалета бактэрыі трапляюць на рукі, а з іх – на прадметы побыту. Ротавірусы здольныя захоўвацца на паверхні цацак, дзвярных ручках і мэблі да пяці дзён.
Менш распаўсюджаным спосабам перадачы ротавірусу з’яўляецца паветрана-кропельны.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.
Фота аўтара.
Поделиться: