З году ў год колькасць чатырохколавых “сяброў”, як і аўтааматараў, няспынна расце. Прыгадваю, якой радасцю свяціліся вочы, калі атрымала запаветнае пасведчанне з правам кіравання легкавым аўтамабілем.
Тое ж самае, пэўна, адчуваюць і сённяшнія выпускнікі Бялыніцкай аўташколы, якая аднавіла сваю працу на базе дзіцячай дапаможнай школы-інтэрната.
– Мы рыхтуем толькі вадзіцеляў катэгорыі В, – распавядае загадчык гаспадаркі ўстановы Дзяніс СУРГАНАЎ. – Сярод бялынічан і жыхароў раёна жадаючых асвоіць кіраванне аўтамабілем шмат. Зараз сфарміравана ўжо трэцяя група навучэнцаў. У іх хутка пачнуцца заняткі.

З 2007 года аўташкола працавала на базе ПЛ № 17, а пасля таго, як яго расфарміравалі, усе абавязкі па ўтрыманні ўзяла на сябе адміністрацыя дапаможнай школы-інтэрната.
– Шмат паспрыяў у вырашэнні арганізацыйных пытанняў дырэктар установы Аляксандр ПЕКУР, – гаворыць выкладчык ПДР Пётр КАРОЛЬ. – Нас прынялі вельмі прыязна, выдзелілі добраўпарадкаваны кабінет для заняткаў, прадаставілі ўмовы для ўтрымання і абслугоўвання вучэбных аўтамабіляў. Літаральна ў некалькіх кроках ад школы-інтэрната знаходзіцца аўтадром, дзе будучым вадзіцелям дапамагаюць адпрацаваць практычныя заняткі вопытныя інструктары Віктар ВУСІК і Іван КОНАНАЎ.

Усе наведвальнікі аўташколы займаюцца на вячэрняй форме навучання, а практычныя заняткі праходзяць па асобным графіку. Дарэчы, маршруты, па якіх “накатваюць” кіламетры пачынаючыя аўтааматары, узгоднены з дзяржаўтаінспекцыяй, а гэта дазваляе вучням выпрабаваць свае сілы на дарогах з рознымі ўмовамі руху.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.
Поделиться: