Приемная: +375 (2232) 78-722
Факс: +375 (2232) 78-722
Электронная почта: belynrik@tut.by
“Зялёную” ініцыятыву падтрымалі ў аграгарадку Цяхцін. У рамках рэспубліканскага праекта “Парк сямейных дрэў” тут высадзілі ліпавую алею.
Арганізатарамі гэтай акцыі сталі райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і райкам ГА БРСМ. Работы ў рамках праекта “Парк сямейных дрэў” распачаліся на Бялыніччыне яшчэ ў мінулым годзе. У кожным рэгіёне Беларусі былі створаны паркі, алеі і скверы сямейных дрэў, дзе ўсе жадаючыя ў гонар заключэння шлюбу, нараджэння дзіця і іншых важных сямейных нагод маглі пасадзіць дрэвы ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Такія паркі стануць добрым напамінам людзям пра важныя падзеі ў іх жыцці.
У мерапрыемстве ў аграгарадку Цяхцін прынялі ўдзел 10 сем’яў, запрошаныя госці і прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады. Усяго былі пасаджаны 38 ліп.
– Мы рады, што ў нас з’явілася сямейнае дрэва – сімвал жыцця, сімвал сям’і. У нас гадуецца дачка, ёсць уласнае жыллё, а цяпер мы пасадзілі і ліпку. Для нас – гэта па-сапраўднаму хвалюючая падзея. І мы пастараемся аберагаць сваё дрэва, даглядаць за ім, – распавялі жыхары аграгарадка Цяхцін Павел і Юлія ЦАПІКІ.
– Мы з задавальненнем адгукнуліся на заклік паўдзельнічаць у азеляненні нашага аграгарадка, які і так па-свойму прыгожы, – падзяліліся эмоцыямі Андрэй і Кацярына ЖУКІ. – Было выдатна паўдзельнічаць у сумеснай працы са сваімі дзецьмі, а іх у нас двое. Яны з задавальненнем нам дапамагалі, захапіліся агульнай ідэяй і былі рады з’яўленню свайго сямейнага дрэва. Дзякуй арганізатарам!
Дзмітрый ЦІХАНАЎ.
Фота аўтара.
Поделиться: