У раённым Цэнтры культуры адбылася вечарына-сустрэча аматараў паэзіі з таленавітым земляком, паэтам і пісьменнікам Вячаславам Казакевічам.
Вячаслаў Сцяпанавічам нарадзіўся ў Бялынічах у 1951 годзе. Пасля заканчэння сярэдня школы №2 працаваў грузчыкам, качагарам, праходзіў службу ў арміі. Затым скончыў Вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча і філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя Ламаносава. З’яўляўся навуковым супрацоўнікам аднаго з музеяў у Маскве.
Вершы Вячаслава Казакевіча друкаваліся ў часопісе “Юнацтва”, калектыўным зборніку “Малады Ленінград”. У альманаху “Вытокі” пад рубрыкай “Кніга ў альманаху” змешчана падборка з 27 яго вершаў.
Першыя зборнікі вершаў Вячаслава Сцяпанавіча “Свята ў правінцыі” і “Хто назаве мяне братам?” былі выдадзены ў Маскве. За зборнік “Свята ў правінцыі” наш таленавіты зямляк удастоены звання лаўрэата літаратурнай прэміі імя Максіма Горкага.
Зараз карэнны белынічанін Вячаслаў Казакевіч жыве і працуе ў Японіі, займаецца перакладам на рускую мову вершаў беларускіх аўтараў, выкладае ва ўніверсітэце ў горадзе Таяма.
Паэт завітаў на вечарыну разам са сваёў сям’ёй: жонкай, бацькам, братам і сястрой. Сустрэча праходзіла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Таленавіты зямляк шмат распавядаў аб далёкай і прыгожай Японіі, узгадваў гісторыі з дзяцінства, дэкламаваў свае вершы.
На вечарыну-сустрэчу з паэтам завітаў яшчэ адзін наш таленавіты зямляк – музыкант і музычны крытык Юрый Несцярэнка, які выканаў свае песні на словы Вячаслава Сцяпанавіча.
Аматары паэзіі засталіся ў задавальненні ад сустрэчы з карэнным бялынічанінам Вячаславам Казакевічам, паэтам і пісьменнікам, які жыве ў Японіі, аднак думкі якога заўсёды на радзіме, у Беларусі, у Бялынічах…
Поделиться: