Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

10 мая

Дзякуй за Перамогу! Дзякуй за будучыню!

Учора бялынічане і госці райцэнтра ўрачыста адзначылі 67-ую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта свята, якое з’яўляецца ўвасабленнем мужнасці, патрыятызму і стойкасці савецкага народа, - адно з самых галоўных і значных у нашым календары.
Бліжэй да 10 гадзін раніцы на плошчы Леніна пачалі збірацца людзі. Са шчырымі ўсмешкамі на тварах і букетамі кветак ў руках яны прыйшлі аддаць даніну памяці воінам, якія мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Жывая калона мільгацела рознакаляровымі паветранымі шарамі, чырвонымі цюльпанамі і гваздзікамі. На працягу ўсяго шэсця яго ўдзельнікаў шчыра віталі вучні школ Бялынічаў, якія выстраіліся паабапал дарогі.
Ганаровая вахта прысутнічала і на Алеі Герояў. Юнакі, апранутыя ў ваенную форму, пільна стаялі на варце спакою тых, хто падарыў ім будучыню. Удзячныя нашчадкі, а таксама ўдзельнікі баявых дзеянняў усклалі кветкі да бюстаў Герояў.
Мітынг, прысвечаны 67-годдзю Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі аб’яўляецца адкрытым. Слова прадастаўляецца старшыні райвыканкама Аляксандру Вароніну.
- Удзел у Вялікай Айчыннай вайне прымалі каля дзесяці тысяч жыхароў Бялыніччыны, - адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. - Нашы землякі ўдзельнічалі ў бітве за Маскву, білі ворага пад Сталінградам, мужна змагаліся на Курскай дузе, фарсіравалі Днепр, вызвалялі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў не толькі тэрыторыю Беларусі, але і Украіну, штурмавалі Берлін. І ваявалі яны вельмі дастойна. Аб чым яскрава сведчаць ордэны і медалі, шматлікія падзячныя пісьмы родным салдатаў і афіцэраў. На жаль, каля паловы жыхароў раёна склалі свае галовы ў барацьбе з ворагам. Таму светлае свята Перамогі нельга аддзяліць ад пачуцця смутку.
Адным з самых эмацыянальных момантаў урачыстага мітынгу стала пахаванне астанкаў байца Чырвонай Арміі, якія нядаўна былі знойдзены падчас правядзення земляных работ на аўтатрасе “Мінск – Магілёў”. Як устанавілі эксперты, салдат загінуў у 1941 годзе падчас абарончых баёў за Бялынічы.
Настаяцель царквы ў гонар іконы Маці Божай Бялыніцкай айцец Сергій правёў адпяванне невядомага героя, пасля чаго гроб быў пахаваны ў брацкай магіле.
Мірную цішыню наваколля парушыў трохразовы залп з вінтовак.
Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто стаў ахвярай нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Шмат цёплых слоў у адрас ветэранаў прагучала на мітынгу ад маладога пакалення. Адзінаццацікласніца гімназіі №1 Кацярына Маклак заверыла галоўных віноўнікаў урачыстасцяў, што моладзь будзе дастойна працягваць найлепшыя традыцыі дзядоў і прадзедаў.
Не абыйшлося на свяце без паходнага стала. Ветэраны атрымалі магчымасць сустрэцца з былымі сябрамі, успомніць гады ваеннага ліхалецця і, канешне ж, узняць франтавыя сто грамаў.
- Для мяне няма найлепшай урачыстасці, чым Дзень Перамогі, -- адзначае ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Федарэнчык. – З кожным годам ветэранаў становіцца ўсё менш, але, нягледзячы на гэта, не магу не радавацца, што сучаснае пакаленне жыве ў квітнеючай і мірнай краіне.
Для ўсіх удзельнікаў свята была наладжана канцэртная праграма, працавалі спартыўныя пляцоўкі. Сумаваць бялынічанам не давялося.

http://belynichi.gov.by/data/region26.jpg

http://belynichi.gov.by/data/region26.jpg

­
(Іна КАРАЛЁНАК, “Зара над Друццю”)


Поделиться: