1 кастрычніка распачаўся міжнародны пленэр па жывапісе, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі і Расіі Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі. Ён арганізаваны кіраўніцтвам сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Калгас “Радзіма”.
Жывапісцы з Беларусі і Украіны на працягу 10 дзён будуць не толькі адлюстроўваць у фарбах бялыніцкія пейзажы, але і наведаюць жывапісныя мясціны і культурныя аб’екты Прыдруцкага краю і г.Магілёва.
Распачаўся пленэр ў аграгарадку Вішоў. Тут для мастакоў у мясцовым Доме культуры быў арганізаваны па-сапраўднаму цёплы прыём: жывапісцам уручылі каравай, зроблены з новага ўраджаю, падарылі маляўнічыя буклеты аб Бялыніччыне, прадэманстравалі відэафільм “Учора. Сёння. Заўтра” аб працоўных буднях калектыва СВК “Калгас “Радзіма”. Мясцовыя артысты для гасцей выканалі каларытныя народныя музычныя кампазіцыі.
У гэты ж дзень мастакі адправіліся на экскурсію ў мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, а потым на месца нараджэння нашага земляка - вёску Крынкі.
Вынікам пленэра стане выстава работ мастакоў, якая адбудзецца 11 кастрычніка ў аграгарадку Вішоў.
Поделиться: