У пятніцу цёплыя словы ўдзячнасці, найлепшыя пажаданні і віншаванні гучалі на адрасспецыялістаў і работнікаў усіх падраздзяленняў самай шматфункцыянальнай службы раёна – БУКП“Жылкамгас”, а таксама ветэранаў працы прадпрыемства. Сваё прафесійнае свята, Дзень работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бялыніцкія камунальнікі па традыцыі адзначылі ў РЦК.
Адкрываючы ўрачыстасць, дырэктар БУКП “Жылкамгас” Віктар ІВУЛЁЎ расказаў прысутным аб праведзенай рабоце, пазнаёміў з дасягнутымі паказчыкамі. Калектыў прадпрыемства ў мінулым годзе працаваў стабільна і рэнтабельна, што дазволіла абнавіць асноўныя фонды, тэхніку, спецабсталяванне. Як і раней, летась праводзілася мадэрнізацыя кацельнай гаспадаркі, аўтаматызацыя і дыспетчарызацыя каналізацыйных помпавых станцый. Уласнымі сіламі выкананы капітальны рамонт жылога фонду плошчай 12,5 тыс. м кв., зроблена аптымізацыя схем цеплазабеспячэння.
Асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню горада і сельскіх населеных пунктаў, вуліц, сквераў і дамавых тэрыторый. Асноўнай задачай таксама з’яўляецца павышэнне якасці камунальных паслуг, якія прадастаўляюцца насельніцтву і гаспадарчаму комплексу раёна, зніжэнне затрат на іх аказанне. У мінулым годзе забяспечана выкананне найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. У выніку выканання мерапрыемстваў па зніжэнні затрат атрыманы эканамічны эфект у суме 446,78 тыс. рублёў. Праводзіцца пастаяннае навучанне і перападрыхтоўка работнікаў сумежным прафесіям з далейшым іх пераводам на іншыя вытворчыя ўчасткі.
Віктар Івулёў выказаў шчырыя словы ўдзячнасці ўсяму працоўнаму калектыву прадпрыемства, павіншаваў работнікаў і ветэранаў галіны з прафесійным святам.
У пацверджанне яго слоў удзельнікі ўрачыстасці ўбачылі відэаролік, у якім наглядна дэманстравалася, якія сферы ахоплівае дзейнасць камунальнікаў, чым яны займаюцца ў працоўныя будні, як дружна і цікава адпачываюць.
Старшыня прафкама Сяргей ШАСТАК выступіў з традыцыйнай справаздачай аб выкананні ўмоў калектыўнага дагавору.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў прысутных з прафесійным святам павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый ДАВЫДАЎ:
– Ваша праца заўсёды запатрабаваная і навідавоку. З кожным годам павялічваецца колькасць капітальна адрамантаваных дамоў. Прычым, вы ажыццяўляеце іх рамонт уласнымі сіламі і ў павялічаным аб’ёме. Ва ўсіх сферах ЖКГ працуюць прафесіяналы сваёй справы, пачынаючы ад інжынерна-тэхнічнага складу і заканчваючы рабочымі на кожным участку. Зладжаная праца кацельнай і водаправодна-каналізацыйнай гаспадарак, цеплазабеспячэнне, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і многае іншае – гэта ваша заслуга.
Затым адбылося ўшанаванне лепшых работнікаў БУКП “Жылкамгас”, якія зрабілі найбольшы ўклад у набыткі калектыву і дабрабыт жыхароў райцэнтра і сельскай мясцовасці.
За шматгадовую добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі Падзякай упраўлення ЖКГ аблвыканкама ўзнагароджаны электрагазазваршчык Аляксандр ЯКАЎЛЕЎ.
Ганаровыя граматы райвыканкама Дзмітрый Давыдаў уручыў галоўнаму бухгалтару Вользе МАРОЗАВАЙ і мантажніку тэхналагічнага абсталявання Ігару СЕЛЯДЦОВУ.
Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў адзначаны электрагазазваршчык Іван ЛАЗОЎСКІ, слесар-сантэхнік Аляксандр СІДАРОВІЧ і вадзіцель Аляксандр САХАРАЎ.
За шматгадовую бездакорную працу на прадпрыемстве, добрасумленнае выкананнне прафесійных абавязкаў і значны ўклад у выхаванне і падрыхтоўку маладых кадраў званні “Ганаровы работнік Бялыніцкага УКП “Жылкамгас” прысвоены начальніку ўчастка па будаўніцтве Івану ДАЛЕЦКАМУ, аператару дыспетчарскай службы Ірыне БАБКОВАЙ і слесару-рамонтніку Рыгору АЎДЗЕЕВУ.
Ганаровымі граматамі дырэкцыі БУКП “Жылкамгас” адзначаны больш за трыццаць спецыялістаў і работнікаў, сярод якіх электраманцёр Юрый ДАВЫДОВІЧ, электрагазазваршчык Раман СУВІТ, майстар па цеплавых сетках Віталь РАГАЛЬСКІ, рабочая зялёнага будаўніцтва Людміла ВАРАБ’ЁВА, эканаміст Вікторыя ЧУМАКОВА, начальнік вытворча-тэхнічнай службы Вікторыя ЗАЙЦАВА, слесар Мікалай САЎЧКОЎ, слесар-сантэхнік Уладзімір ГРОМАЎ і іншыя.
За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, маладзёжных акцыях і мерапрыемствах падзякі райарганізацыі ГА “БРСМ” і каштоўныя падарункі інспектару аддзела кадраў Вользе КАРЧАГІНАЙ і намесніку начальніка вытворча-тэхнічнай службы Максіму СТУКАЛАВУ ўручыла першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля БАРОДЗЬКА.
Арганізатары кветкамі і каштоўнымі падарункамі віталі запрошаных на свята ветэранаў працы, сярод якіх Мікалай ДУДКІН, Васіль ЯКАЎЛЕЎ, Тамара РЫБКОВА, Вольга МАНКЕВІЧ, Уладзімір ЮШКЕВІЧ і іншыя.
З канцэртнай праграмай для работнікаў камунальнай гаспадаркі выступілі артысты і калектывы мастацкай самадзейнасці Бялыніччыны.
Поделиться: