Так лічыць кіраўнік вакальнай студыі «Мажор» Ларыса ХАЛАДЦОВА,
якая ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла творчасці. Дарэчы, спяваць
Ларыса Васільеўна пачала змалку. І яно не дзіўна, бо ўсе яе родзічы па
матчынай лініі – людзі творчыя з выдатнымі вакальнымі данымі.
Нарадзілася Ларыса Халадцова ў Бялынічах. Пасля заканчэння СШ № 1
вырашыла паступаць у Магілёўскае музычнае вучылішча імя
М.А.Рымскага-Корсакава. За плячыма засталася музычная школа, у якой яна
займалася па класе акардэона, таму з паступленнем праблем не павінна
было ўзнікнуць. Але ў той год у навучальнай установе быў вялікі конкурс і
дзяўчыне проста не хапіла балаў. Аднак яна не разгубілася і падала
дакументы ў Магілёўскае вучылішча культуры імя Н.К.Крупскай і не
дарэмна, – яе прынялі. Пасля заканчэння вучылішча, атрымаўшы
спецыяльнасць «Харавы дырыжор», па размеркаванні патрапіла на адпрацоўку
ў адзін з вясковых клубаў раёна, потым яе запрасілі на працу ў Дом
культуры райцэнтра, дзе Ларыса Халадцова адпрацавала 25 гадоў. Аднак
абставіны склаліся так, што яна вымушана была звольніцца. Але талент
Ларысы Васільеўны не прапаў дарэмна, хутка яе запрасілі працаваць у МЦ
«Ветразь». З новымі сіламі, імпэтам узялася Ларыса Халадцова за новую
справу. Чаму новую? Як тлумачыць сама гераіня гэтага артыкула, раней ёй
даводзілася вучыць спяваць у асноўным дарослых, а тут ёй прапанавалі
набраць групу дзяцей, вопыту работы з якімі ў яе было мала. Таму
раз-пораз закрадаліся сумненні, ці зможа справіцца? Але яе хваляванні
былі дарэмныя.
– Ведаеце, з дзецьмі працаваць аказалася яшчэ прасцей, – дзеліцца Ларыса
Васільеўна. – Яны быццам чысты ліст: што намалюеш на ім, тое і
атрымаецца. Калі ты да іх з адкрытым сэрцам, то і яны раскрываюць сваю
душу табе насустрач.
– Раскажыце, калі ласка, пра вакальную студыю «Мажор».
– Студыя дзейнічае з 2019 года. Складаецца яна з чатырох груп, у кожнай
з іх займаецца па восем чалавек. У мяне няма задачы набраць пэўную
колькасць дзяцей, нікому з жадаючых займацца спевамі не адмаўляю. Нават у
пачатку, калі студыя толькі стварылася, наведвальнікаў было каля 60
чалавек, з цягам часу іх стала крыху менш. На сёння застаўся касцяк, з
якім працую. Па ўзросце абмежаванняў няма, увогуле лічу, навучыць
спяваць можна любога чалавека, яму для гэтага неабавязкова мець ідэальны
слых. Сам па сабе ён ёсць у кожнага. Хтосьці нараджаецца з музычным
слыхам і пастаўленым голасам, пра такіх кажуць – самародак, а
каму-небудзь неабходна развіваць яго. Быў выпадак, калі маці адной з
наведвальніц, не верачы ў талент дачкі, сказала такую фразу: «Госпадзі,
яна ў мяне яшчэ гаварыць толкам не ўмее, а вы яе спяваць хочаце
навучыць…». На што я ёй адказала: «Навучым, было б жаданне навучыцца».
Да слова сказаць, калектыў наш з’яўляецца адносна маладым, але мы
паспелі па- ўдзельнічаць не ў адным раённым свяце, і канцэртныя нумары
вакальнай студыі «Мажор» прыйшліся да спадобы гледачам. Мае юныя
дараванні ў мінулым годзе выступалі на сцэне падчас святкавання Дня
беларускага пісьменства ў Бялынічах. На ім маленькія артысты выканалі
песню на словы настаўніцы Цяхцінскага ВПКДССШ Ірыны ТРАЦЦЯКОВАЙ, музыку
Юрыя ДЗЕРАВЯШКІНА «Прывітанне, мой родны край». А зараз старэйшая і
малодшая групы рыхтуюцца прыняць удзел у святочнай шоу-праграме «Фабрыка
зорак», якая адбудзецца напрыканцы снежня ў РЦК. Увогуле, праца нашага
калектыву будуецца так, што кожны ўдзельнік задзейнічаны падчас
выступлення, а не назірае з боку на астатніх. Нават тыя, хто ў вакале
крыху слабейшыя, спяваюць на сцэне разам з усімі. Такія адносіны
падштурхоўваюць вакаліста да жадання больш раскрыць свой талент, бо
калі ты не звяртаеш увагу на дзіця, то ў яго знікае і сэнс займацца
спевамі. Імкнуся зацікавіць дзяцей сваім заняткам і перадаць ім
назапашаны вопыт.
– Ужо ўдзельнічалі ў якіх-небудзь конкурсах?
– Так. У гэтым годзе прынялі ўдзел у IV Міжнародным музычным конкурсе
таленавітых дзяцей і моладзі «Маё пакаленне-2021», на якім заваявалі
Дыплом ІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 6-9 гадоў. Зараз падалі заяўку
на ўдзел у III Міжнародным конкурсе сучаснай творчасці «ZAVIRUHA.BY»,
які будзе праходзіць дыстанцыйна, таму мы знялі відэаролік з песняй
«Футбол» і цяпер чакаем падвядзення вынікаў. Дарэчы, нашу конкурсную
работу можа прагледзець любы жадаючы на YouTube-канале, дастаткова
набраць у пошукавіку назву відэароліка і нашай вакальнай студыі.
– З чаго складаецца ваш рэпертуар?
– У асноўным спяваем тое, што пачуем па тэлебачанні, радыё ці ў
інтэрнэце. Увогуле ж, крыху складана знайсці песню, якая падыходзіць
для маленькіх артыстаў, але неяк спраўляемся, шукаем і знаходзім нешта
новае ці добра забытае старае.
– У якім музычным напрамку працуеце?
– Эстраднае выкананне. Канешне, магчыма ў будучыні паспрабуем развучыць
народныя песні, але пакуль што лічу гэта не зусім мэтазгодным. Дзецям
цяжкавата будзе пераключыцца з аднаго напрамку на другі, яшчэ малыя для
гэтага. Там ёсць свае нюансы выканання, таму не хацелася б ламаць іх
галасы. Тым больш, што і часу не на ўсё хапае. У мяне чатыры групы, у
якіх дзеці займаюцца тры дні на тыдзень па дзве гадзіны ў дзень, плюс
два дні дадаткова адводзім на зводную рэпетыцыю, без яе нельга абысціся,
паколькі нумары ўдасканальваюцца дзякуючы сумесным рэпетыцыям.
– Падзяліцеся планамі.
– Плануем і далей працаваць на вынік, удзельнічаць у разнастайных
творчых конкурсах, фестывалях. Усе перамогі даюць стымул рабятам
імкнуцца да новых вышынь. Канешне, любы педагог па вакалу марыць
выхаваць вялікіх артыстаў, таму, калі нехта з маіх падапечных вырашыць у
далейшым удасканальваць сваё музычнае майстэрства, буду толькі рада і
заўсёды дапамагу чым толькі змагу, як педагог, музыкант і проста
чалавек.
– Што параіце тым, хто захоча стаць наведвальнікам вакальнай студыі «Мажор»?
– Не саромецца і прыходзіць да нас у студыю. Наша творчае аб’яднанне
працуе на бясплатнай аснове. Ніякага конкурсу і адбору ў студыю не
існуе, прымаем у калектыў усіх жадаючых. Увогуле лічу, неталенавітых
людзей няма, ёсць тыя, у каго талент пакуль яшчэ не раскрыты. І мая
асноўная задача – зрабіць так, каб гэты прыродны дар заззяў усімі
фарбамі вясёлкі.
Наталля СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара і з уласнага архіва
Ларысы Халадцовай.
zara.by
Поделиться: