Аказаць якасную медыцынскую дапамогу магчыма толькі дзякуючы высокаадукаваным спецыялістам, выкарыстанню сучасных методык, навейшага абсталявання. На Бялыніччыне праводзіцца актыўная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў. За апошнія гады свае дзверы пасля капітальнага рамонту адчынілі дзіцячае, тэрапеўтычнае, хірургічнае, неўралгічнае аддзяленні…
Днямі ў ЦРБ адбылася радасная падзея. Сюды разам з намеснікам старшыні райвыканкама Надзеяй Серыкавай завітала начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, Ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна Раіса Лычкоўская, каб уручыць ключы ад машыны “Фольксваген-Транспарцёр” галоўнаму ўрачу ЦРБ Віктару Пянькоўскаму. Такога цудоўнага падарунку тут чакалі даўно, а таму не шкадавалі слоў удзячнасці.

– На ўліку ў ЦРБ знаходзяцца пяць хворых, якія маюць патрэбу ў гемадыялізе, - паведаміў Віктар Канстанцінавіч. – Тры разы на тыдзень ім неабходна ездзіць у Магілёў для ачышчэння крыві. Мы шукалі розныя шляхі, каб своечасова дастаўляць іх у абласны цэнтр на гэтую працэдуру. А таму вельмі ўдзячныя Раісе Фёдараўне за тое, што дапамагла вырашыць праблему з аўтатранспартам. Зараз хворыя на нырачную недастатковасць у камфортных умовах (“Фольксваген-Транспарцёр” – аўтамабіль на дзевяць пасадачных месцаў) будуць дабірацца да Магілёва.
Дарэчы, два гады таму, ізноў жа, дзякуючы ініцыятыве Раісы Лычкоўскай, адзін аўтамабіль быў перададзены ў карыстанне супрацоўнікам Машчаніцкай амбулаторыі.
Поделиться: