Дзень Святых апосталаў Пятра і Паўла адзначылі жыхары Прыдрутчыны
ў аграгарадку Вішоў у мінулую пятніцу. Гэта духоўна-асветніцкае свята
праходзіць тут ужо пяты год запар.
Напачатку ўрачыстасці ў мясцовай Петрапаўлаўскай царкве прайшоў
вадасвяцкі малебен, урачыстае богаслужэнне, хрэсны ход вакол царквы
з удзелам епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Уладыкі Сафронія.
Затым у амфітэатры распачалася святочная праграма ўшанавання ветэранаў
працы і пенсіянераў СВК «Калгас «Радзіма» пад назвай «Родительский дом —
начало начал».
З віншаваннямі і словамі бязмежнай удзячнасці да людзей, дзякуючы
адказнасці, добрасумленнасці і працавітасці якіх мясцовая гаспадарка
дасягнула значных вышыняў, звярнуўся яе старшыня Аляксандр Лапацентаў.
У гэты дзень у якасці ганаровых гасцей на ўрачыстасці прысутнічалі
і ўдзельнікі міжнароднага пленэру па жывапісе, які ўжо двойчы прайшоў
на вішоўскай зямлі. Апошні з іх завяршыўся літаральна напярэдадні свята.
«Вельмі важна памятаць аб тых людзях, якія сваёй руплівай працай, сваёй
бязмежнай любоўю да зямлі ўздымалі нашу краіну», — падкрэсліў заслужаны
дзеяч мастацтва Беларусі Уладзімір Уродніч.
У гэты цёплы летні дзень добры настрой не пакідаў нікога. Са сцэны
гучалі песні, працавалі гульнёвыя пляцоўкі, гандлёвыя кропкі. Хочацца
верыць, што дзень памяці Святых апосталаў Пятра і Паўла надоўга
застанецца любімым святам для вішоўцаў.
Поделиться: