На беразе Заазерскага возера не першы год запар пачаў працаваць
палатачны дзіцяча-аздараўленчы лагер «Брыганціна». Адпачыць у яго першай
змене пажадалі 20 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Кожны дзень у лагеры праводзяцца цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы,
спартыўныя спаборніцтвы. Многія з дзяцей выбіраюць «Брыганціну» ў якасці
лепшага месца для летняга адпачынку не ў першы раз. Старэйшыя хлопчыкі
і дзяўчынкі з’яўляюцца першымі памочнікамі сваіх выхавацеляў. Могуць
і ежу дапамагчы прыгатаваць, і тэрыторыю прыбраць, і за малодшымі
прыгледзіць. Не скардзяцца адпачываючыя і на харчаванне. У меню
абавязкова ўваходзяць мясныя вырабы, агародніна, садавіна, ласункі.
Смутку і дрэннаму настрою ў «Брыганціне» няма месца. У любой сітуацыі
і пры любым надвор’і кожны выхаванец знаходзіць сабе справу па душы.
Бацькі і дзеці ведаюць: адпачынак на прыродзе робіць рабят больш
самастойнымі, дружалюбнымі і працалюбівымі.
Варта адзначыць, што палатачны дзіцячы аздараўленчы лагер «Брыганціна»
будзе працаваць тры змены. Адпачнуць у ім і набяруцца сіл перад новым
навучальным годам каля 60 школьнікаў.
Поделиться: