Галоўным і важным пытаннем парадку дня чарговага пасяджэння
райвыканкама, безумоўна, стала наступнае: «Аб выніках
сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за першае
паўгоддзе 2013 года», з дакладамі па якім выступілі намеснік старшыні
райвыканкама Святлана Мікалуцкая і начальнік фінансавага адзела Сяргей
Ільчук.
На пасяджэнні райвыканкама адзначана, што за першае паўгоддзе выкананы
3 з 4 асноўных прагнозных паказчыкаў (за І квартал, нагадаем, дасягнутым
аказаўся толькі 1) сацыяльна-эканамічнага развіцця: па экспарце
тавараў, уводу жылля ў эксплуатацыю, росце заработнай платы на аднаго
работніка. Таксама забяспечана выкананне заданняў па рознічным
тавараабароце, энергазберажэнні, стварэнні камерцыйных арганізацый.
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,6 працэнта ад колькасці
эканамічна актыўнага насельніцтва пры заданні 1 працэнт. На Бялыніччыне
створаны 118 новых рабочых месцаў пры гадавым заданні — 170.
Добры тэмп росту (121,6 працэнта) вытворчасці прадукцыі дэмаструюць
прамысловыя прадпрыемствы, асабліва на гэтым фоне вылучаецца пратэінавы
завод, калектыў якога ў 2 разы павялічыў экспартныя пастаўкі
і дабаўленая вартасць на аднаго работніка тут у 3,5 раза перавышае
сярэднераённую.
Па народнагаспадарчым комплексе раёна атрымана 28683 мільёны рублёў
чыстага прыбытку, а ўзроўні рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі
і рэнтабельнасці продаж склалі адпаведна 8 працэнтаў і 6,6 працэнта.
У бюджэт раёна паступіла 29700,2 млн рублёў даходу, ці 104,8 працэнта
да плана першага паўгоддзя 2013 года і 54,1 працэнта да гадавога.
Атрыманы 2133,3 млн рублёў даходу ад пазабюджэтнай дзейнасці.
Узровень датацыйнасці раённага бюджэту склаў 65,6 працэнта.
Разам з тым, не выкананы прагнозны паказчык па прыцягненні прамых
замежных інвестыцый, заданні па вытворчасці прадукцыі сельскай
гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый, у тым ліку
ў сельгасарганізацыях, па рэнтабельнасці продаж у сельгаспрадпрыемствах
(з 7 сельскіх гаспадарак толькі СВК «Калгас «Радзіма» і ААТ «Новая
Друць» засведчылі нядрэнны вынік), здачы другасных рэсурсаў — адыходаў
лому чорных металаў, шклабою, макулатуры, тэкстыльных і палімерных
адходаў, зношаных шын. Таксама не выкананы дзяржаўны заказ на пастаўку
лому і адходаў чорных металаў.
Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія не выканалі
даведзеныя заданні, у сваіх справаздачах абяцалі паправіць сітуацыю
цягам ІІІ квартала. Старшыня райвыканкама Аляксандр Варонін не падзяліў
іхняга аптымізму, заўважыўшы, што «спадзявацца на рывок у канцы года
не мае сэнсу. Такога не бывае, бо час упушчаны. А таму трэба працаваць
сістэмна, паслядоўна, мэтанакіравана».
Райвыканкам прызнаў нездавальняючай работу дырэкцый ААТ «Бялыніцкае
райаграпрамтэхзабеспячэнне» (дырэктар — А. Вададохаў), «Падзевічы»
(А. Драздоў), старшыняў праўленняў СВК «Лебядзянка» А. Салаўя, СВК
«Кудзін» А. Сачыловіча, СВК «Ількавічы» В. Крываноса. Таксама работа
кіраўніцтва шэрагу гаспадарак, арганізацый і ўстаноў адзначана
як недастатковая, а некаторым указана на непрыняцце неабходных мер.
Райвыканкам рэкамендаваў дырэкцыям, наглядальным саветам ААТ, праўленням
СВК прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў, якія не забеспечылі выкананне
даведзеных паказчыкаў, заданняў і іншых даручэнняў.
Поделиться: