На днях адбылася
творчая сустрэча жыхароў Бялыніцкага краю са знакамітым паэтам, выхадцам
з нашых мясцін Леанідам Сідаравым. Рускамоўны лірык Леанід Цімафеевіч
з'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Расіі. Ён аўтар некалькіх зборнікаў
вершаў - «Майский снег», «Берестяные облака», «Воспоминанья-лебеди»,
«Ангел утешения». Зараз паэт жыве і працуе ў Мінску.
Творчая
споведзь «Пой, моя душа, во всю стихию» прайшла ў атмасферы спакою і
раўнавагі паміж слухачом і аўтарам. Былі прачытаны вершы як самім
паэтам, так і вядучымі мерапрыемства. Асноўнай задачай для паэта, па
меркаванню Леаніда Цімафеевіча, з'яўляецца магчымасць падарыць вечнае.
Падчас бяседы стала зразумелым, што асноўныя тэмы яго творчасці -
каханне, адносіны паміж людзьмі, гісторыя, культура, прырода.
Сустрэча
стала больш насычанай на эмоцыі, калі прысутныя задавалі лірыку
пытанні, або проста дзяліліся сваімі ўражаннямі. У ходзе размовы
высветлілася шмат цікавых фактаў: першы верш быў напісаны ў школьныя
гады, любімая пара года – восень, вершы на тэму кахання пішуцца ад імя
1-й асобы таму, што ў большасці з іх паэт апісвае свае асабістыя
пачуцці.
Падчас гутаркі Леанід Цімафеевіч не раз
звяртаў сваю ўвагу на тое, што трэба добра ведаць гісторыю не толькі
свайго краю, але і сусветную. Трэба многа чытаць, пачынаючы з антычнасці
і заканчваючы сучаснымі аўтарамі. Не засталася без увагі і гісторыя
царквы, якая дае яму духоўны грунт для творчасці. Менавіта ўсе гэтыя
веды і прадэмантраваў слухачам майстар лірычнага жанра Леанід Сідараў.
Ім былі прачытаны вершы з новага зборніка, які яшчэ не пабачыў свет,
такія як «Мотылек печали», «Хромота», «Москва, Москва, что ты творишь?»,
«Женщина-ветер» і іншыя. Госці сустрэчы разам з паэтам акунуліся ў свет
сапраўдных пачуццяў і перажыванняў, бо шчырасць паэзіі, актуальнасць
тэм не аставіла нікога раўнадушным.
Поделиться: