27 снежня на базе адпачынку “Глухариный ток” адчынілася рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Вясёлымі конкурсамі дзяцей і дарослых там сустракалі казачныя персанажы. Песні і танцы, бяспройгрышныя латарэі і шмат чаго іншага падрыхтавалі лясныя жыхары для сваіх гасцей. А цвіком праграмы, канечне ж, стаў конкурс на званне лепшага Дзеда Мароза.
У суправаджэнні скамарохаў, лясуноў, кікімар і іншых казачных істот прыбылі на свята восем Дзядоў Марозаў з арганізацый раёна. Барадачы ў чырвоных шубах прапанавалі гасцям вершы, танцы, песні, гульні, і ўсё гэта – дзеля гонару называцца лепшым.
А між тым канкурэнцыя была адчувальная: пераможца мінулага года, Дзед Мароз ЦРБ, і зараз на выдатна паказаў, як трэба праводзіць стары год і сустракаць новы. Марозава світа ад ПМК-241 увесь час весяліла народ шумнымі і актыўнымі гульнямі каля ёлачкі. Іх Дзед Мароз, дарэчы, атрымаў трэцяе месца ў гэтай гонцы. Выдзеліўся таксама і кандыдат на дзедмарозаўскую перамогу райста, які апынуўся на другім месцы за свой няўрымслівы характар. Не горшымі былі і выступленні калектываў Лясгаса, дапаможнай школы-інтэрната, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Цяхцінскага ВПК ДССШ.
Аднак перамога сёлета заслужана перавандравала ў чырвоны мяшок Дзеда Мароза БУКП “Жылкамгас”. Разам са сваёй унучкай Снягурачкай ён весела забаўляў дзяцей гульнямі і танцамі, а дарослых – песнямі і спецыяльна падрыхтаванай інсцэніроўкай.
Нягледзячы на халоднае надвор’е, госці весела праводзілі час, бо ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза можна было сагрэцца не толькі танцамі, але і гарачай гарбатай, піражкамі і іншымі стравамі. Акрамя таго, кожны мог арэндаваць канькі і пакатацца.
Анастасія МАКЕЕВА, “Зара над Друццю”

Поделиться: