За кароткі час дзякуючы прафесіяналізму будаўнікоў ААТ “ПМК-83 Вадбуд” і пры садзейнічанні калектыву ПМК-241 быў адноўлены афтальмалагічны кабінет.
Кампактнае працоўнае месца ўключае аўтаматычны бескантактны танометр, які выдае дакладную інфармацыю аб вочным ціску. Акрамя таго, за долі секунды шляхам замеру пучком сціснутага паветра апарат дазваляе выявіць такое захворванне, як глаўкома. Наступная тэхнічная навінка – аўтаматычны рэфрактометр. Прыбор за найкарацейшы тэрмін дазваляе вывучыць рагавічную крывізну вока, а таксама ажыццявіць падбор кантактных лінзаў. З’явіўся тут і аўтаматычны праектар знакаў, біямікраскоп, набор пробных акулярных лінзаў і партатыўны афтальмаскоп, дзякуючы якому вочнае дно можна абследаваць без лямпы, як было раней.
— Аднаўленне афтальмалагічнага кабінета было даўняшняй задумкай, — распавядае галоўны ўрач ЦРБ Віктар Пянькоўскі.
Уся тэхніка атрымана ў рамках цэнтралізаванай закупкі Мінаховы здароўя ў 2014 годзе. Усяго на рэспубліку былі закуплены 17 такіх камплектаў, 3 з іх накіраваны ў бальніцы Магілёўшчыны. У ліку якіх аказалася і наша райпаліклініка. Каштуе адзін такі камплект звыш 200 мільёнаў рублёў.
— Адноўлены кабінет стаў больш утульным як для ўрача, так і для пацыентаў, — зазначае ўрач-афтальмолаг ЦРБ Ірына Чараднічэнка. — З дапамогай гэтых сучасных прыбораў прадастаўлена магчымасць убачыць поўную карціну стану зроку пацыента, а затым выбраць аптымальны варыянт лячэння. Важна, што цяпер можна дыягнаставаць разнастайныя паталогіі зроку на ранніх стадыях, а таксама праводзіць даследванні ў адпаведнасці з сусветнымі стандартамі.
Вольга НАБОКАВА, «Зара над Друццю»
Поделиться: