Удзел у рэспубліканскім суботнікі прынялі больш за 4800 жыхароў нашага раёна. Яны заробілі ў гэты дзень каля 114 млн. рублёў.
Асноўнымі месцамі генеральнай уборкі ў раёне сталі, апроч воінскіх пахаванняў, мемарыялаў і помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, грамадзянскія могілкі, дваровыя тэрыторыі ў райцэнтры і сельскіх паселішчах, месцы агульнага выкарыстання. Напрыклад, наводзіўся парадак на прыбярэжнай паласе ракі Друць, аб’ектах жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш. Работнікі ФАКу “Друць”, вучні і настаўнікі Свяцілавіцкага ВПК ДССШ, а таксама супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама наводзілі парадак на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Стэфанова”.
Добрую ініцыятыву праявілі загадчыкі Масцішчанскіх клуба Людміла Каралёва і бібліятэкі Тамара Дадалка, якія разам з удзельнікамі гуртка школьнікаў “Умелыя ручкі” і аматарскага аб’яднання “Спадчына”, а таксама разам з многімі мясцовымі жыхарамі пасадзілі на тэрыторыі, дзе размешчаны гэтыя ўстановы культуры, вішнёвую алею ў гонар 70-годдзя Перамогі. Саджанцамі дрэўцаў з імі ахвотна падзяліліся аднавяскоўцы.
Заробленыя ў дзень правядзення суботніка грашовыя сродкі будуць накіраваны на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, на рэалізацыю мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
***
На Магілёўшчыне асноўныя сілы ўдзельнікаў суботніка былі сканцэнтраваны на рэканструкцыі Быхаўскага замка, добраўпарадкаванні Бабруйскай крэпасці, навядзенні парадку на тэрыторыі лячэбных устаноў, аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, мемарыяльных комплексаў і воінскіх пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, іншых аб’ектах.
Непасрэдна ў Магілёве асноўнымі аб’ектамі сталі хоспіс абласной анкалагічнай бальніцы, мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, дзе ў тым ліку закладзена ліпавая алея, высаджаны тры дубы як сімвал трох армій, якія вызвалілі горад на Дняпры ад фашысцкіх акупантаў.
Усяго ў абласным суботніку прынялі ўдзел больш за 340 тысяч чалавек, з якіх каля 12 тысяч аказвалі дапамогу сельскім гаспадаркам рэгіёна.
Магіляўчане заробілі на суботніку больш за 7 мільярдаў рублёў.

Поделиться: