Пабудаваць дом, вырасціць сына і пасадзіць дрэва – жыццёвая мэта для сапраўднага мужчыны. А пасадзіць лес – справа, пра якую будуць помніць і нашчадкі.
Ураджэнец вёскі Навасёлкі Вішоўскага сельсавета Аляксандр БЯЛЯЎСКІ не ўяўляе свайго жыцця без прыроды і, хоць працуе зараз у Магілёўскім лясніцтве, не забывае на сваю маленькую радзіму. Гледзячы, як пусцее роднае паселішча, на школу, што дажывае свой век, Аляксандр Васільевіч вырашыў сабраць разам сваіх аднакласнікаў, настаўнікаў, сяброў і пасадзіць лес у памяць аб навучальнай установе, якая іх некалі аб’ядноўвала. Два дзясяткі энтузіястаў падтрымалі гэтую ініцыятыву, і ў хуткім часе непадалёку ад Навасёлак з’явіліся два з паловай гектара еўрапейскай елкі, саджанцы якой вырошчваюць у Магілёўскім лясгасе для аднаўлення ўласных лясных масіваў. Ганаровы абавязак пасадзіць першае дрэўца прадаставілі лесніку з 36-гадовым стажам Якаву ГРЫШАНАВУ. Якаў Іванавіч даўно на пенсіі, апошні год цяжка хварэе, але на запрашэнне калегі паўдзельнічаць у мерапрыемстве пагадзіўся з задавальненнем.
— Як гэта пасадзяць лес без майго ўдзелу? – жартуе ветэран лесагаспадарчай галіны. – Аляксандра ведаю з маленства. Гэта мой вучань, і вельмі ганаруся тым, што ён звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай.
Якаў Іванавіч спрытна ўсадзіў меч у падрыхтаваную баразну, прысыпаў маленькую елачку глебай.
Работа дружна закіпела. Людзі рознага сацыяльнага статусу і розных прафесій, аб’яднаныя адной навучальнай установай, паклалі пачатак добрай справы.
— Мы скончылі школу дваццаць два гады назад, — расказвае Аляксандр Бяляўскі. – Але дагэтуль падтрымліваем цёплыя адносіны. Праз сацыяльныя сеткі запрасіў знаёмых падтрымаць мяне і разам пасадзіць лес. Лічу, што пачын атрымаўся. Плануем працягваць традыцыю і кожны год будзем збірацца для таго, каб зрабіць нашу маленькую радзіму яшчэ больш прыгожай.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК
Поделиться: