Приемная: +375 (2232) 78-722
Факс: +375 (2232) 78-722
Электронная почта: belynrik@tut.by
У першую нядзелю студзеня прафесійнае свята адзначаюць. У надыходзячым годзе яно прыпадзе на 2 студзеня. У гэтым матэрыяле карэспандэнт райгазеты пазнаёміць чытачоў з вядучым спецыялістам адміністрацыйна-гаспадарчай службы ЦБП №701 ААТ «Беларусбанк» Аленай Котасавай.
Пра свае будні, напоўненыя разлікамі, праверкамі, кантролем, мая
гераіня расказвае жыва і цікава. Адчуваецца, што працу вельмі любіць.
Алена Яўгенаўна аддала працы ў банкаўскай сферы 35 гадоў, мае толькі
адзін запіс у працоўнай кніжцы.
– Нарадзілася ў Бялынічах, тут жа скончыла школу, – пачынае апавяданне
Алена Котасава. – Працягнула вучобу ў Магілёўскім эканамічным
прафесійна-тэхнічным каледжы. У ліпені 1986 года я прыйшла ўладкоўвацца ў
райцэнтр кантралёрам-касірам. Тады гэта была яшчэ цэнтральная ашчадная
каса №2776. Пазней вывучылася завочна ў Пінскім улікова-крэдытным
тэхнікуме на банкаўскага служачага.
У банку жанчына працавала бухгалтарам, эканамістам. На цяперашняй пасадзе шчыруе больш за 12 гадоў.
– На першы погляд, наша праца незаўважная, але яна вельмі важная, як
адно са звёнаў у зладжаным механізме, – кажа мая суразмоўца. – У мае
абавязкі ўваходзіць ажыццяўленне арганізацыі справаводства і архіва.
Прыкладваю максімум намаганняў, каб зрабіць усё ў тэрмін і правільна.
Мусіць, мне пашчасціла асабліва: я люблю сваю працу. Гэта – справа
майго жыцця, а калектыў – мая сям’я.
Акрамя асноўнай дзейнасці, Алена Котасава больш за 20 гадоў з’яўляецца
прафсаюзным лідарам аддзялення банка. Неаднаразова ўзнагароджвалася
ганаровымі граматамі, прозвішча яе заносілася на дошку гонару ЦБП і
галаўнога офіса ААТ «ААБ Беларусбанк», як актыўнага прафлідара.
– Нашых супрацоўнікаў аб’ядноўвае не толькі агульная справа, але і
сумесны актыўны адпачынак. Мы наведваем культурна-масавыя мерапрыемствы,
– дадае Алена Яўгенаўна. – Гэта і розныя канцэртныя праграмы,
конкурсы, паездкі ў знакамітыя месцы Беларусі.
Таксама калектыў ЦБП №701 актыўна ўдзельнічае і займае прызавыя месцы ў
конкурсе касплея «Стоп. Знята» – праект, які арганізоўвае «Беларусбанк».
Напрыклад, калектыў заняў I месца за касплей вядомага кінафільма «Іван
Васілевіч мяняе прафесію». А сёлета – прызавое месца па тэматыцы Вялікай
Айчыннай вайны.
Алена Котасава – шчаслівая жонка, мама і бабуля. Заўсёды радуецца
прыезду дзяцей і 4-гадовага ўнука Ягора. Вольны час жанчына любіць
праводзіць у кампаніі сяброў і калег.
Калектыў ЦБП №701 віншуе калег і ветэранаў банка з прафесійным святам і
надыходзячым Новым годам. А кліентам Беларусбанка жадае заставацца побач
з надзейным партнёрам. Няхай 2022 год будзе паспяховым ва ўсіх сферах
жыцця.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.