З любоўю да роднай зямлі
У выніковых мерапрыемствах ХІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму, якія прайшлі ў Бабруйску, прынялі ўдзел больш за паўтысячы дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі і сталіцы, замежныя госці, прадстаўнікі Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу краіны, прыродаахоўных структур, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх аб'яднанняў экалагічнай скіраванасці.
Сёлетні экафорум прымеркаваны да Года экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя, якім аб’яўлены 2013 год у Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Ужо больш за дзесяць гадоў у Беларусі напрыканцы жніўня збіраюцца эколагі, каб абмяняцца вопытам распрацовак і ўкаранення прыродазберагаючых тэхналагічных навінак, каб ва ўрачыстай абстаноўцы падвесці вынікі і адзначыць лепшых па кожным накірунку шматаспектнай прыродаахоўнай работы. Адзначым, што сталіцамі гэтых урачыстасцяў станавіліся Орша, Горкі, Полацк, Браслаў, Мядзель, Рэчыца, Белавежская пушча, Гродна, Брэст, Маладзечна і сёлета – Бабруйск.
Творчыя калектывы РЦК, прадстаўнікі ўстаноў, арганізацый Бялыніччыны на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Вароніным на мяжы Бярэзінскага і нашага раёнаў віталі дэлегацыі ўдзельнікаў Рэспубліканскага экалагічнага форуму – сталічную і Мінскай вобласці.
Праграмай экалагічнага свята было запланавана азнаямленне дэлегацыі Мінскай вобласці з мерапрыемствамі па ўтылізацыі, уцягненні ў гаспадарчы абарот сыроваткі ў Бялыніцкім філіяле па вытворчасці сыроў Магілёўскай малочнай кампаніі “Бабуліна крынка”.
Як адзначыла кіраўнік філіяла Тамара Галёта, прадпрыемства з 2006 года працуе па безадходных тэхналогіях і не засмечвае акаляючы прыродны асяродак. Дзякуючы праведзенай рэканструкцыі, прымяненню сучасных тэхналогій, глыбокай перапрацоўцы сыравіны, а таксама прафесіяналізму мясцовых работнікаў, бялыніцкія сыры карыстаюцца нязменна вялікім попытам на ўнутраным і знешнім рынках.
Тамара Іванаўна, праводзячы экскурсію для дэлегацыі Мінскай вобласці, адзначыла, што болевым пытаннем вытворчасці сыру з’яўляецца значны аб’ём утварэння падсырнай сыроваткі, якая раней лічылася проста адходамі і ніхто тады не ведаў, што з імі рабіць. Найноўшыя тэхналогі, у прыватнасці глыбокая перапрацоўка, ператварылі сыроватку ў найкаштоўнейшы рэсурс – яна стала другаснай сыравінай.
-Нанафільтрацыя, - распавядае Тамара Галёта, - дазваляе нам ушчыльняць яе больш як у чатыры разы і перапрацоўваць на галоўнай вытворчай пляцоўцы, што размешчана ў абласным цэнтры. Там пабудаваны адмысловы вытворчы ўчастак для поўнай перапрацоўкі ўшчыльненай у нашым цэху сыроваткі.
Госці пабачаным у філіяле па вытворчасці сыроў былі ўражаныя і задаволеныя.
Вядома, сёння важна дабівацца высокіх эканамічна-фінансавых паказчыкаў. Але не менш важна яшчэ рацыянальна, эфектыўна і ашчадна, выкарыстоўваць наяўныя сыравінныя рэсурсы, берагчы прыроду, родную зямлю не толькі для сябе, але і для нашчадкаў. Усё гэта і было прадэманстравана эколагам Міншчыны падчас наведвання імі Бялыніцкага філіяла па вытворчасці сыроў.
ДАРЭЧЫ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вячаслаў Хітрыкаў на чарговай планёрцы ў старшыні райвыканкама падзякаваў калектывы арганізацый, устаноў, гаспадарак і прадпрыемстваў, якія аказалі дапамогу па правядзенні ў раёне мерапрыемстваў ХІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму: аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ПМК № 241, СВК “Калгас “Радзіма”, ПМК № 83, райаграпрамтэхзабеспячэння, ААТ “Падзевічы”, райспажыўтаварыства, філіяла па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка”.
Міхась Карпечанка, “Зара над Друццю”