Суббота, 10 мая 2025 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - На пасяджэнні райвыканкама
20 декабря

На пасяджэнні райвыканкама

18 снежня адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама, у парадак дня якога было ўнесена больш за 30 пытанняў: “Аб ходзе выканання плана мерапрыемстваў на 2013 год па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011 – 2015 гады”, “Аб стане работы па папярэджанні крадзяжоў у сферы аграпрамысловага комплексу”, “Аб прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду”, “Аб прадстаўленні маладым і мнагадзетным сем’ям фінансавай падтрымкі дзяржавы”, “Аб уключэнні грамадзян у спіс на атрыманне льготных крэдытаў для газіфікацыі жыллёвага фонду, які эксплуатуецца”, ”Аб уключэнні ў спіс на атрыманне льготнага крэдыту маладых спецыялістаў” і іншыя.
Удзел у папасяджэнні райвыканкама прынялі намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Мікалай Кукліс, пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк, начальнік аддзела ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Анжэла Струновіч, галоўны ўрач абласнога наркадыспансера Аляксандр Фаставец.
З аналітычнай інфармацыяй аб ходзе выканання плана мерапрыемстваў на 2013 год па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011 – 2015 гады выступілі галоўны ўрач ЦРБ Віктар Пянькоўскі і начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксандр Манікайла.
Як паінфармаваў Віктар Пянькоўскі, апошнія чатыры гады ўсе суб’екты прафілактыкі актыўна праводзяць работу па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму, разумеючы, што калі чалавек, асабліва – падлетак, вып’е адзін раз, другі, то ён ужо становіцца хворым. На адным з пасяджэнняў райвыканкама тры гады таму было выпрацавана і прынята комплекснае рашэнне прафілактычнай скіраванасці, прыярытэтныя акцэнты якога – ранняе выяўленне, папярэджанне алкагалізму, здаровы лад жыцця, усебаковая праца з сацыяльна небяспечнымі сем’ямі і тымі, хто апынуўся на “дне”.
-На той час, - паведамляе галоўны ўрач ЦРБ, - за год кожны жыхар раёна спажываў па 18 літраў віна-гарэлачных вырабаў. Бялыніччына па гэтым паказчыку трымала непрыемнае лідарства на Магілёўшчыне. Адпаведна, перавышалі абласныя паказчыкі колькасць псіхозаў, лік смяротнасці ад атручвання алкаголем і паталогій на глебе п’янства.
У райбальніцы функцыянуе наркалагічны кабінет, дзе аказваецца прафілактычная і спецыялізаваная дапамога хворым на алкагалізм і наркаманію, перапрафіляваны тры неўралагічныя ложкі на наркалагічныя, на якіх толькі сёлета прайшлі курс лячэння 106 пацыентаў.
Віктар Канстанцінавіч адзначыў, што ў медыцынскай установе актыўна выкарыстоўваецца метад эмацыйна-стрэсавай тэрапіі (кадзіраванне), а з бягучага года прымяняецца і ўнутрымышачная імплантацыя супрацьалкагольнага прэпарата  дысульфірам. Толькі за бягучы год гэтыя метады лячэння былі ўжытыя адпаведна да 150 і 13 пацыентаў.
За 9 месяцаў сёлета аб’ём спажывання абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва скараціўся да 9,4 літра. Хоць у сярэднім па Магілёўскай вобласці гэты паказчык складае 7,7 літра. Знізіўся і лік псіхозаў, да  якіх прыводзіць празмернае ўжыванне алкаголю. Аднак у параўнанні з мінулым годам павялічылася смяротнасць ад атручвання этылавым спіртам з 6 выпадкаў да 11.
Выклікае трывогу і праблема п’янства сярод непаўналетніх. Зараз на ўліку ў наркалагічным кабінеце ЦРБ знаходзяцца 11 падлеткаў. За дзесяць сёлетніх месяцаў на такі ўлік былі пастаўлены 13 дзяцей. А першыя прафілактычна-антыалкагольныя гутаркі ўрач-нарколаг правёў з 78 падлеткамі, якія патрапілі на прыём да яго па накіраванні міліцыі.
Адсюль вынікае, што суб’екты прафілактыкі павінны больш актыўна і мэтаскіравана працаваць у падлеткавым асяродку, глыбей унікаць у гэту праблему, займаць дзяцей – спортам, гуртковай работай, мастацкай самадзейнасцю, грамадска-карыснай працай...Падлетак павінен быць заняты, пастаянна знаходзіцца ў полі зроку бацькоў, настаўнікаў, дарослых.
Уразіла і статыстыка, якую прывёў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксандр Манікайла. З леташніх 54 выпадкаў да 57 сёлетніх вырасла колькасць злачынстваў, якія былі зробленыя ў п’яным стане: у тым ліку 30 крадзяжоў, забойства сынам маці, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. У насельніцтва канфіскаваны 2 тоны 111 кілаграмаў самагону і брагі. Выяўлены 40 выпадкаў незаконнай рэалізацыі спіртаўтрымліваючай прадукцыі. Накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый 26 алкаголікаў, 4 чакаюць адпраўлення, а 32 прайшлі адпаведны медыцынскі агляд і ў выпадку паўторнага затрымання “пад мухай” будуць дастаўлены ў ЛПП у наступным годзе.
Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксандр Манікайла лічыць, што для бялынічан зашмат двух магазінаў, якія рэалізуюць спіртное з 7 раніцы і да 24 гадзін. Ён таксама прапанаваў паўтарыць леташні эксперымент па абмежаванні продажу алкагольнай прадукцыі ў Бялынічах і на тэрыторыі Вішоўскага сельсавета, дзе ў стане алкагольнага ап’янення зроблена больш злачынстваў, а таксама адрадзіць практыку правядзення дзён цвярозасці.
-Горш за п’янства сёння ў грамадстве няма нічога. Таму работай па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму павінны займацца ўсе і штодзённа, - падкрэслівае старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка. – І яна павінна ўключаць увесь спектр вядомых метадаў – ад інфармавання да прымусу. Калі ў калектыве ёсць п’яніца, завесці яго ў дапаможную школу-інтэрнат: няхай на свае вочы пабачыць, якое гора прыносіць гарэлка. Лічу, што ў гэтай справе ўсе метады добрыя – каб толькі вынік быў. У раёне і вопыт добры маецца, маю на ўвазе СВК “Калгас “Радзіма”. Яго трэба актыўней выкарыстоўваць, распаўсюджваючы на ўсе працоўныя калектывы. Перакананы, вырашым праблему п’янства, лягчэй і прасцей будзе разабрацца і з іншымі пытаннямі.
Адна з нашых важнейшых задач заключаецца і ў тым, каб у наступным годзе аб’ём спажывання абсалютнага алкаголю на душу бялыніцкага насельніцтва аказаўся ніжэй за адпаведны сярэднеабласны паказчык.
Нашы рашэнні, як і нашы дзеянні павінны быць канкрэтнымі, а не насіць характар абстрактнага закліку. Мы павінны арганізаваць працу ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, у тым ліку і саветаў прафілактыкі і аховы грамадскага парадку такім чынам, каб сістэма ранняга выяўлення стала эфектыўнай, каб дайсці да кожнага парушальніка і алкаголіка і каб тыя адчулі, што спакою ім не будзе. Чалавек чым больш заняты, тым у яго менш часу застаецца на нядобрае. У гэтым плане разлічваю і на актыўную, канкрэтную працу старшыняў сельвыканкамаў. Яны ўсіх сваіх людзей ведаюць выдатна.
КАМПЕТЭНТНА
Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Мікалай Кукліс:
-Ад работы па папярэджанні п’янства напрамую залежыць і ўсё астатняе. Калі муж алкаголік, то гэта гора не толькі для яго сям’і, асабліва – дзяцей, але і для ўсёй радні. Які з п’яніцы работнік, тлумачыць не трэба.
У вашым раёне ўдзельная вага гэтак званых “п’яных” злачынстваў, якія раскрыты, склала 37,6 працэнта і з’яўляецца самай высокай за апошнія чатыры гады. Яна перавышае адпаведны сярэднеабласны і рэспубліканскі паказчыкі.
За прайшоўшыя 11 месяцаў у раёне ад знешніх прычын загінулі 36 чалавек, у тым ліку 11 – ад алкагольнага атручвання, што складае самую высокую ўдзельную вагу за апошнія пяць гадоў. З агульнай колькасці загінулых ад знешніх прычын 24 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Гэта статыстыка ўказвае на нізкую эфектыўнасць прафілактычнай работы.
У чым прычыны? Дапушчаны сур’ёзныя пралікі па супрацьдзеянні алкагалізму. Крокавая даступнасць спіртнога. Ва ўсім свеце прымаюцца меры па скарачэнні такой даступнасці – закрываюцца ці перапрафілююцца адпаведныя гандлёвыя кропкі, уводзяцца абмежаванні па рэжыму продажу спіртных напояў, устанаўліваюцца высокія цэны на іх. На тэрыторыі такога маленькага па плошчы раёна спіртное можна набыць у 86 гандлёвых кропках. У Бялынічах два магазіны гандлююць ім з сямі гадзін раніцы да апоўначы, свае паслугі аказваюць пяць кафэ і рэстаранаў. Пі – не хачу!
Непаўналетнія, якія затрымліваюцца п’янымі ў грамадскіх месцах, павінны абмяжоўвацца ў праве распараджацца грашовымі сродкамі. На Бялыніччыне гэта мера зусім не прымяняецца.
Ранняя прафілактыка алкагалізму падлеткаў павінна заключацца ў тым, каб аніводнае дзіця не жыло ў асяродку п’янства бацькоў. Выявілі такі факт – трэба малога адразу ж выдаліць з гэтага асацыяльнага асяродку.
Перакананы ў тым, што без стварэння ў грамадстве, працоўным калектыве, а ў перспектыве – і ў кожнай сям’і, рашуча нецярпімых адносін да п’янства немагчыма перамагчы гэту сацыяльную бяду.
Прынятае на пасяджэнні райвыканкама рашэнне не толькі будзе садзейнічаць папярэджанню і пераадоленню п’янства і алкагалізму, але і забяспечыць эфектыўнасць гэтай нялёгкай і няпростай работы.
***
За 10 месяцаў бягучага года работнікі рэанімацыйнага аддзялення ЦРБ выратавалі 67 чалавек ад смерці з-за хвароб, выкліканых алкагольнай паталогіяй.

***
У прыёмным аддзяленні і наркалагічным кабінеце райбальніцы за 10 месяцаў 2013 года прайшлі медыцынскі агляд на прадмет ужывання алкаголю 269 чалавек.

***
На ўліку ў наркалагічным кабінеце ЦРБ знаходзіцца 787 чалавек. У сем’ях каля 80 з іх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці.
У краіне на такім уліку знаходзіцца 175176 чалавек, з якіх 16638 пастаўлены сёлета.

***
З адзінаццаці чалавек, якія памерлі сёлета ад атручвання алкаголем, двое працавалі, двое мелі групу інваліднасці, 7 – нідзе не працавалі.
На Беларусі па гэтай прычыне з жыццём развіталіся 1297 чалавек.

Поделиться:

Афиша и объявления

21 апреля
23 апреля 2025 г. с 14.00 до 16.00 «прямую телефонную линию» на тему «Порядок временного ввоза транспортных средств для личного пользования, а также порядок...
21 апреля
Любой желающий сможет бесплатно получить консультации профсоюзных юристов по вопросам, связанным с защитой трудовых прав и социально-экономических интересов.
21 апреля
24 апреля 2025 г. с 12.30 до 13.30 в кабинете № 6 Белыничского райисполкома (г.Белыничи, ул.Советская, 29) личный прием граждан и юридических лиц...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничи, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00