Рэспубліканскі семінар
Адкрываючы нараду, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама-начальнік камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Алег Чыкіда звярнуў увагу на тое, што адна з надзённых задач — гэта захаванне патрабаванняў тэхналогіі ва ўсіх галінах аграпрамысловага комплексу. Гэта жорсткае патрабаванне адносіцца таксама і да сяўбы азімага рапсу, аптымальныя тэрміны правядзення якой наступаюць.
Сёлета ў сярэднім па Магілёўскай вобласці ўраджайнасць масла-насення рапсу склала 20,9 цэнтнера з гектара. У Шклоўскім раёне — 30,3, Кіраўскім — 29,4. У шэрагу гаспадарак вобласці гэты паказчык перавысіў і 40 цэнтнераў з гектара. Напрыклад, у СВК «Калгас «Радзіма» сёлета кожны гектар рапсавага палетку прынёс па 40,3 цэнтнера масла-насення рапсу. Другі паказчык па вобласці.
-На прыкладзе лепшага на Магілёўшчыне і ў Беларусі СВК «Калгас «Радзіма», — адзначыў Алег Чыкіда, звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара, — мы падрабязна пакажам, як трэба працаваць з рапсам, каб атрымаць добры яго ўраджай.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун прывёў падрабязную інфармацыю аб ураджайнасці рапсавых палеткаў у разрэзе абласцей, раёнаў, асобных гаспадарак. Таксама назіраецца цераспалосіца па ўраджайнасці культуры. Недабор ураджаю атрыманы з-за грубейшых парушэнняў тэхналогіі на ўсім працягу ланцуга вырошчвання рапсу — ад выбара поля, перадпасяўной падрыхтоўкі глебы, сяўбы, абароны ад шкоднікаў да ўборкі. І ў гэтым, перакананы намеснік міністра, сёлета вінаватая не прырода, не тэхніка, якой хапае, але выключна арганізацыя работы.
Уладзімір Гракун заклікаў прысутных пабачанае ў Вішове перанесці ва ўмовы сваіх абласцей, раёнаў, гаспадарак.
Праграма рэспубліканскага семінара складалася з дзвюх арганічна паяднаных паміж сабой частак: практычнай і тэарэтычнай.
Практычную пры дапамозе механізатараў СВК «Калгас «Радзіма» на полі паблізу вёскі Ермалавічы правёў дырэктар ДУ «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых Магілёўскага аблсельгасхарчу» Якаў Яроцкі. Тут былі прадэманстраваны ўсе этапы дзвюх сучасныя тэхналогій сяўбы азімага рапсу (на аснове лемешнага ворыва і камбінаваная) — ад выбара поля і правядзення яго лушчэння, патрабаванняў да падрыхтоўкі і рэгуліроўкі сельгасмашын да перадпасяўной падрыхтоўкі глебы і самой сяўбы рапсу з наступным доглядам.
Практычная каштоўнасць тлумачэнняў Якава Усцінавіча заключалася ў шматлікіх агратэхнічных, тэхналагічных, арганізацыйных нюансах, якія актыўна ўплываюць у канечным выніку на ўраджайнасць культуры. Напрыклад, лушчэнне поля папярэдніка неабходна праводзіць за 4 гадзіны пасля ўборкі, перадпасяўную падрыхтоўку глебы — у дзень сяўбы. У асноўным жа звычайная практыка нашых гаспадарак па лушчэнні поля расцягваецца да пятага дня, у выніку чаго з яго выпарваецца шмат вільгаці, якая так неабходная для прарастання насення і ўтварэння трох лісцяў расліны. Якаў Яроцкі прадэманстраваў таксама ўдасканаленую ў СВК «Калгас «Радзіма» па яго прапанове магчымасць хуткай рэгуліроўкі плуга. Айчынныя вытворцы сістэму рэгуліроўкі мацуюць на балтах. Бадай, кожны механізатар ведае, што падчас эксплуатацыі яго тыя балты цяжка, а то і немагчыма адкруціць. У выніку плуг выходзіць на поле не адрэгуляваным, што прыводзіць да парушэння тэхналогіі не толькі непасрэдна на ворыве, але і пры выкананні наступных аперацый падрыхтоўкі глебы. Якаў Усцінавіч прапанаваў замяніць балты з гайкамі на сваеасаблівыя фіксатары-ўпоры. Удзельнікі семінара пераканаліся, што абсталяваны такімі фіксатарамі ворыўны агрэгат рэгулююецца за лічаныя хвіліны. У гэтай сітуацыі здзіўляе пазіцыя вытворцы плугоў: няўжо іхнія канструктарскія недахопы павінны выпраўляць калгасныя ўмельцы?
Таксама была прадэманстравана і яшчэ адно ноу-хаў вынаходнікаў земляробаў з Вішова: паперадзе АКШ устаноўлены па два разрыхляльнікі следу на кожную каляіну.
Думаецца, што практычны вопыт сяўбы азімага рапсу, які быў прадэманстраваны на палетку СВК «Калгас «Радзіма», будзе запатрабаваны ў іншых гаспадарках краіны, бо ўдзельнікі семінара не толькі занатоўвалі на паперы пабачанае і пачутае, але і актыўна фатаграфавалі нюансы ўсіх тэхналагічных звенняў.
На пленарным пасяджэнні рэй вялі вучоныя і аграномы-практыкі тых гаспадарак, дзе сёлеты быў атрыманы найбольшы ўраджай масла-насення рапсу. Павучальным, напрыклад, было выступленне кандыдата сельскагаспадарчых навук, дацэнта, загадчыцы лабараторыі крыжакветкавых культур РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» Ядвігі Пілюк, якая падрабязна, глыбока і грунтоўна распавяла аб сучасных тэхналогіях вырошчвання рапсу на зерне, асноўных патрабаваннях да выканання тэхналагічных аперацый пры яго сяўбе, доглядзе і ўборцы, пазнаёміла з перспектыўнымі гатункамі і гібрыдамі гэтай культуры. Ядвіга Эдвардаўна на канкрэтных прыкладах давяла, што пры строгім захаванні тэхналогіі вырошчвання рапсу атрымаць 30 цэнтнераў масла-насення рапсу не мара, а рэальнасць, бо патэнцыяльныя генетычныя магчымасці некаторых гатункаў яго дасягаюць 70 цэнтнераў з гектара. Значыць, уся справа ў захаванні тэхналогіі.
-Многа з нічога не бывае, — падкрэсліла напрыканцы свайго выступлення вучоны. — Не ў гатунках справа, калі практыкі парушаюць тэхналогію.
Прафесіяналізм, дасведчанасць Ядвігі Пілюк зацікавілі старшыню праўлення СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандра Лапацентава, які прапанаваў вучонай разгледзіць магчымасць навуковага суправаджэння вырошчвання рапсу спецыялістамі лабараторыі РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» ў яго гаспадарцы.
Старшы навуковы супрацоўнік РУП «Інстытут аховы раслін» НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук Валянціна Агейчык таксама падрабязна расказала аб тэхналагічных асаблівасцях прымянення сродкаў аховы на пасевах азімага рапсу ў асенні перыяд.
Шмат карыснай інфармацыі прагучала і ў дакладах іншых вучоных, але, зразумела, найбольшую цікавасць выклікалі паведамленні галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў краіны, дзе сёлета забяспечана найбольшая ўраджайнасць рапсавых палеткаў. Напрыклад, у СВК «Дзеньшчыкова» Гродзенскага раёна на кожным гектары сабрана па 64,1 цэнтнера масла-насення гэтай культуры, у СВК «Пяцігор’е» ААТ «Агракамбінат Дзяржынскі» Мінскай вобласці — па 60,5 цэнтнера, у СВК «Ляхавіцкі» Брэсцкай вобласці — па 45,9, у СВК «Гігант» Бабруйскага раёна — па 47,5 цэнтнера з гектара.
Як адзначыў намеснік міністра мінсельгасхарчу Уладзімір Гракун, такія перадавыя гаспадаркі ёсць у кожным раёне Беларусі. А гэта з’яўляецца выразным паказчыкам таго, што пастаўленая задача забяспечыць у наступным годзе ўраджайнасць па 30 цэнтнераў масла-насення рапсу на кожным гектары ўпаўне рэальная.
Галоўны аграном СВК «Дзеньшчыкова» Гродзенскага раёна, напрыклад, паінфармаваў аб тым, што ў іхняй гаспадарцы задзейнічаны 15 розных схем вырошчвання рапсу з выкарыстаннем 10 яго гатункаў і гібрыдаў. Вялікая роля адводзіцца эксперыментаванню. Прэпараты па доглядзе выкарыстоўваюцца толькі новыя, сучасныя. І хоць гаспадарка на іх набыццё траціць вялікія сродкі, але яны акупляюцца.
-Мы цягам усяго вегітацыйнага перыяду, — гаворыць галоўны аграном СВК «Дзеньшчыкова» Гродзенскага раёна, — на рапсавым палетку днюем і начуем. Літаральна на каленях перад ім стаім. Таму і атрымліваем багаты ўраджай.
Думаецца, павучальным і карысным для ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара, што прайшоў у Вішове, быў і вопыт работы па вырошчванні рапсу іншых перадавых гаспадарак краіны.
Заключным акордам гэтай рабочай сустрэчы аграрыяў Беларусі стала наведанне музея гісторыі СВК «Калгас «Радзіма».
Поделиться: