Пятница, 9 мая 2025 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - Чарговы Дзень сельскага Савета прайшоў у...
22 октября

Чарговы Дзень сельскага Савета прайшоў у Запольскім сельсавеце

На чарговым Дні сельскага Савета разгледжана і вывучана сумесная работа Запольскага сельвыканкама і арганізацый па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва Запольскага сельсавета.
Кола праблематыкі акрэсленай тэмы досыць шырокае і ахоплівае практычна ўсе сферы жыцця і побыту не толькі кожнага канкрэтнага чалавека, сям’і, але і насельніцтва паселішчаў у цэлым, мясцовых працоўных калектываў. Пры гэтым дакладна падразумеваецца і чакаецца, што рух насустрач уладзе, арганізацыям і ўстановам абавязаны рабіць таксама і самі жыхары населеных пунктаў. Напрыклад, пастаянна падтрымліваць у чысціні і санітарным парадку свае прыдомавыя тэрыторыі, агарод. Што да апошняга, то зараз, пасля заканчэння сельгасработ, гаспадарам прысядзібных участкаў неабходна звярнуць увагу на поўнае навядзенне парадку на сядзібах і агародах, на межы паміж суседнімі “соткамі”. Нярэдка здараецца так, што на палосцы зямлі ў дваццаць сантыметраў ушыркі і, скажам, 300-метраў у даўжыню буяе паўтараметровае пустазелле.
-Такіх адносінаў да зямлі ў прынцыпе не павінна быць, – вызначае на Дні Запольскага сельсавета першую задачу кіраўнікам сельвыканкамаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Асіпёнак. – Суседзі павінны самі наводзіць парадак на такіх межах і не дапускаць іх зарастання ў будучым. Тым больш, што гэта вельмі актуальна цяпер – перад зімой, калі ўсе клапатлівыя гаспадары паўсюдна наводзяць ідэальны парадак. Зрэшты, папрацуеш зараз, менш пустазелля будзе ўлетку на гародзе, калі межы стануць чыстымі.
Старшыня Запольскага сельсавета Марыя Лістападава паінфармавала ўдзельнікаў семінара, што на тэрыторыі сельскага Савета размешчаны 374 сядзібы, у якіх пражываюць 868 чалавек. Тэндэнцыя да скарачэння зямельных участкаў, жывёлы ў падсобных гаспадарках характэрная і для насельніцтва гэтага сельсавета. Сёлета на тэрыторыі яго толькі 66 уладальнікаў вясковых сядзібаў вырошчвалі на сваіх прысядзібных участках збожжавыя культуры. Своечасова ўбраць ураджай іх дапамагло ім ААТ “Падзевічы”, выдзеліўшы для гэтых мэтаў камбайн.
Аднак жывуць на запольскай зямлі і гаспадары, з якіх варта браць прыклад, арыентавацца на іхнюю жыццёвую пазіцыю. Такія людзі надзеленыя зайздроснай энергіяй гаспадарлівасці. Напрыклад, сям’я Леаніда і Ларысы Сідаровічаў з вёскі Лынькоў або сям’я педагогаў-пенсіянераў з Заполля Аляксандра і Надзеі Міцьковых, якія, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, яшчэ трымаюць у падсобнай гаспадарцы тры каровы, некалькіх коз.
Удзельнікам Дня Запольскага сельсавета цікава было наведаць сядзібу Сідаровічаў, пазнаёміцца з іхняй падсобнай гаспадаркай, выслухаць меркаванні ўладальнікаў яе.
Па сённяшніх мерках, гаспадарку Леанід і Ларыса Сідаровічы трымаюць вялікую: 10 кароў, 8 цялят, гадуецца іншая, традыцыйная для сялянаў, жыўнасць. Ёсць пчолапасека, апрацоўваюць зямлі крыху больш за тры гектары. З гэтага, уласнага мазаля, і жыве сям’я, у якой выхоўваецца трое дзяцей-школьнікаў. Плюс яшчэ заробак Ларысы Мікалаеўны, якая працуе сацыяльным работнікам.
Малако, атрыманае ад сваіх рагуляў, Леанід Міхайлавіч рэалізоўвае філіялу па вырабе сыроў ААТ “Бабуліна крынка” па 3 тысячы 400 рублёў за кілаграм. Дастаўляе сырадой на ўласнай тэхніцы, што, зразумела, толькі павялічвае сабекошт яго і, вядома ж, адбіваецца на суме выручкі. За сёлетніх дзевяць месяцаў ён даставіў з Лынькова ў Бялынічы без малога 13 тон малака. У запасе маецца яшчэ з дзясятак тон бульбы, якую Леанід Міхайлавіч мяркуе рэалізаваць крыху пазней.
Безумоўна, маюцца і іншыя праблемы з вядзеннем падсобнай гаспадаркі. Прыкладам, Леанід Міхайлавіч хацеў бы набываць камбікорм для сваёй буйной рагатай жывёлы дзешавей. Зямельны ўчастак таксама запатрабоўвае мініральныя ўгнаенні. Калі купляць іх у магазіне, сціплы сямейны бюджэт не вытрымае такой нагрузкі расходаў.
Магчыма, каб Леанід Сідаровіч надаў сваёй падсобнай гаспадарцы статус сялянскай (фермерскай), то некаторыя праблемы можна было б вырашыць з куды меншымі фінансавымі затратамі. Акрэслілася б больш канкрэтна і перспектыўнасць яе далейшага развіцця.
Леаніду Сідаровічу было прапанавана падумаць наконт асваення аграэкатурыстычнага бізнесу. Тым больш, што сёння турыстаў прыцягвае і сама беларуская глыбінка, і магчымасць харчавацца прадуктамі з падсобнай гаспадаркі.
-Гэта не мая справа, – адразу ж адказаў Леанід Міхайлавіч. – Не той характар маю, каб дагаджаць усім і кожнаму. Тое паднясі, гэта падай, вось гэта прыгатуй... Не, я люблю і ўмею працаваць на зямлі.
-Колькі гадоў таму, – расказвае гаспадар лынькоўскай сядзібы, – узяў банкаўскі крэдыт. На тыя грошы не футра жонцы, не сукенкі ды ўпрыгажэнні набыў, а прэс-падборшчык купіў, плугі. Лічу, што паступіў абачліва, бо гэтыя сельгасмашыны разам з двума трактарамі вельмі паскараюць маю працу на зямлі. Яшчэ і аднавяскоўцам дапамагаю.  
Выклікае павагу і шчырая любоў Леаніда да роднай зямлі, да бацькоўскага кута, і яго сыноўная занепакоенасць лёсам Лынькова, навакольных паселішчаў.
-Страшна, балюча, – задумаўшыся на хвіліну, кажа ён, – калі людзі адмаўляюцца ад сваёй зямлі, пакідаюць яе. Каб у кожнай вёсцы было хоць бы па адным-два такіх падворкаў, як мае! Моладзь, на жаль, не жадае абцяжарваць сябе падсобнай гаспадаркай – сёння ўсё можна купіць у магазіне. Але ж без такіх гаспадарак, без такіх сем’яў бяднее і сама вёска, сыходзіць у занябыт яе адвечная сялянская традыцыйнасць.
Леаніду Сідаровічу было паабяцана, што адпаведныя спецыялісты дэтальна разбяруцца па названых ім магчымасцях аказання мажлівай падтрымкі яго падсобнай гаспадарцы. Калі агучаныя ім пажаданні і пералічаныя прапановы не супярэчаць дзейнаму заканадаўству, на атрыманне такой дапамогі ён можа разлічваць.
На шчасце, яшчэ, бадай, у кожнай вёсцы можна спаткаць людзей ініцыятыўных, грамадска актыўных, апантаных, якія сваёй дзейнасцю проста ўпрыгожваюць роднае паселішча. У вёсцы Глыбокі Брод такім чалавекам з’яўляецца былы настаўнік і дырэктар таксама былой мясцовай школы-васьмігодкі Артур Вільнеўскі. Артура Емяльянавіча аднавяскоўцы выбралі старастам паселішча, ён з’яўляецца старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “Падзевічы”. Грамадскія клопаты, вядома, займаюць яго час, але ён мае яшчэ і цікавае хобі: ва ўласнай хаце стварыў музей прыроды, у якім размешчаны сотні экспанатаў, што прадстаўляюць мясцовую флору і фаўну. Фонды музея пастаянна папаўняюцца, а дзверы яго заўсёды  адкрытыя для ўсіх. Тут нярэдка можна спаткаць і вучняў Запольскай школы, і дачніка-гараджаніна, і чалавека, які спецыяльна завітаў сюды, і жыхароў Глыбокага Брода.
Прыклад плённага шматбаковага супрацоўніцтва па забеспячэнні жыццядзейнасці, у прыватнасці па добраўпарадкаванні тэрыторыі, быў прадэманстраваны ў дзіцячых яслях-садку № 8 вёскі Заполле. Загадчыца яго, вопытны педагог Таццяна Троцкая паведаміла, што дашкольным выхаваннем і адукацыяй ахоплены ўсе дзеці, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета. На школьным аўтобусе ажыццяўляецца падвоз траіх малых з вёсак Аксенькавічы, Дручаны, Стадолішча, хоць там адсутнічаюць школьнікі. Канечне, гэта затратна для аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, але іншага варыянту няма.
Дзякуючы наладжанаму ўзаемаразуменню работы па добраўпарадкаванні і аздабленні садаўскай тэрыторыі работнікі садка праводзяць сумесна з бацькамі сваіх выхаванцаў, а неабходны матэрыял выдзяляе кіраўніцтва ААТ “Падзевічы”. Напрыклад, летась такім чынам тэрыторыя ясляў-садка была абнесена эксклюзіўнай агароджай. Сёлета ўстаноўлены новыя малыя архітэктурныя формы, альтанкі, разбіты прыгожыя кветнікі. Падобная практыка, як адзначыла Таццяна Іосіфаўна, значна скарачае і перыяд летняй падрыхтоўкі садка да новага навучальнага года.
Безумоўна, пачатак ацяпляльнага сезона запатрабаваў уключэння ў праграму Дня Запольскага сельсавета і пытання аб рабоце Кіраўскага лясніцтва па забеспячэнні насельніцтва сельскага Савета палівам. Ляснічы Аляксандр Бедны патлумачыў, што дравамі вяскоўцы забяспечаны поўнасцю. Іх прададзена насельніцтву больш за 800 метраў кубічных. Танным метадам саманарыхтоўкі вяскоўцы назапасілі на ацяпляльны сезон 200 кубаметраў. І зараз у лясніцтве маецца запас гэтага віду мясцовага паліва.
Падчас правядзення Дня Запольскага сельсавета былі выяўлены пэўныя праблемныя моманты, якія зафіксаваны ў пратаколе даручэнняў і павінны быць вырашаныя ў строга акрэслены час. З васьмі пазіцый, што патрапілі ў пратакол, 6 тычацца ДРБУ – 170: неабходна абкасіць тэрыторыі шэрагу аўтобусных прыпынкаў, пафарбаваць альтанку такога ж прыпынку ў вёсцы Глыбокі Брод, устанавіць інфармацыйны знак пры ў’ездзе ў вёску Стадолішча, правесці ямачны рамонт дарогі на Макаўку і выканаць шэраг іншых работ. Атрымалі даручэнні па навядзенню парадку і добраўпарадкавання пэўных тэрыторый і кіраўніцтва ААТ “Падзевічы”, Кіраўскага лясніцтва.
Міхась КАРПЕЧАНКА, “Зара над Друццю”

Поделиться:

Афиша и объявления

21 апреля
23 апреля 2025 г. с 14.00 до 16.00 «прямую телефонную линию» на тему «Порядок временного ввоза транспортных средств для личного пользования, а также порядок...
21 апреля
Любой желающий сможет бесплатно получить консультации профсоюзных юристов по вопросам, связанным с защитой трудовых прав и социально-экономических интересов.
21 апреля
24 апреля 2025 г. с 12.30 до 13.30 в кабинете № 6 Белыничского райисполкома (г.Белыничи, ул.Советская, 29) личный прием граждан и юридических лиц...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничи, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00