Пятница, 9 мая 2025 года
Russian Belarusian English
5 января

Саветы і жыццё

Чарговы Дзень сельскага Савета, які прайшоў на базе Галоўчынскага сельсавета 30 снежня і прысвячаўся аналізу ўзаемадзеяння сельсавета з насельніцтвам па ўтрыманні ў парадку тэрыторый паселішчаў, стаў заключным у цыкле аналагічных мерапрыемстваў мінулага года.
Кажучы аб выніковасці і неабходнасці правядзення дзён сельсавета, прывяду толькі адзін факт: летась падчас правядзення іх на тэрыторыі шасці сельсаветаў былі вырашаны 72 праблемныя моманты, якія тычыліся самых розных сфер і галінаў жыццезабеспячэння вясковага насельніцтва. Дадам да гэтага і надзвычай важны псіхалагічны аспект: поруч з работнікамі мясцовых гаспадарак, арганізацый і ўстаноў і само насельніцтва пачало праяўляць большую актыўнасць па навядзенні і падтрыманні парадку ў родных вёсках, добраўпарадкаванні іх. Напрыклад, у справаздачы аб правядзенні дня Ланькаўскага сельсавета раёнка распавядала аб тым, што некалькі сем’яў з вёскі Хвойна правялі суботнікі па ўборцы безгаспадарчых сядзібаў. Такія ініцыятывы становяцца характэрнымі і для насельніцтва іншых сельсаветаў. Не выключэнне складае і Галоўчынскі. Удзельнікі чарговага Дня сельсавета пазнаёміліся з вынікамі такой працы ў вёсцы Старае Сяло, дзе пры ўдзеле мясцовых жыхароў наведзены парадак на тэрыторыі ўезду ў гэта паселішча. Добраўпарадкавальныя работы тут толькі пачаліся, але, як запэўніў старшыня Галоўчынскага сельвыканкама Яўген Валевіч, гэта справа абавязкова будзе прадоўжана і распаўсюдзіцца на ўсю тэрыторыю вёскі. Таксама старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі раённых служб і арганізацый пабывалі на галоўчынскіх вуліцах Магілёўская, Садовая, Церашкевіча, Дубаўская і пераканаліся, што патэнцыял жыхароў іх у справе падтрымання ўласных падворкаў, месцаў агульнага выкарыстання ў чысціні і парадку прыносіць свой станоўчы вынік.
У звязку з гэтай тэмай старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Асіпёнак выказаў меркаванне, што вясковае насельніцтва асабліва давярае, разлічваючы на дапамогу і разуменне, двум чалавекам: старшыні сельсавета і кіраўніку мясцовага сельгаспрадпрыемства. Калі што, яны ідуць да іх у першую чаргу. А гэта абавязвае названых кіраўнікоў да многага. На жаль, сёння для некаторых старшыняў ці дырэктараў сельгаспадарак на першым плане іхняй дзейнасці забеспячэнне належнага функцыявання вытворчасці, вырашэнне сацыяльных праблем членаў калектыву. Аднак ёсць і добрыя прыклады, калі турботы і клопат старшыні сельгаспрадпрыемства распаўсюджваюцца на ўсіх жыхароў мясцовых паселішчаў і пранікаюць ва ўсе сферы іхняга жыцця. У гэтым плане павучальны і карысны вопыт СВК “Калгас “Радзіма” і старшыні праўлення яго Аляксандра Лапацентава, у тым ліку і па ўзаемадзеянні з кіраўніцтвам Вішоўскага сельсавета.
Карысным, а ў ва многім і павучальным, было для ўдзельнікаў Галоўчынскага сельсавета і азнаямленне з работай комплекснага прыёмнага пункта бытавога абслугоўвання насельніцтва аграгарадка, якім загадвае прыёмшчыца заказаў Галіна Нікіфарэнка. У сярэднім за месяц Галіна Сцяпанаўна зарабляе па 15 і больш мільёнаў рублёў. Яе спецыялізацыя – пашыў і рамонт шырокай лінейкі адзення, аказанне іншых відаў швейных паслуг. Па словах Галіны Нікіфарэнка, высокую запатрабаванасць пункта  бытавога абслугоўвання дэманструюць дачнікі, сама яна рэгулярна арганізоўвае аказанне швейных паслуг на выездзе, наведваючы жыхароў навакольных паселішчаў. Прыклад руплівых адносінаў да працы Галіны Сцяпанаўны адназначна пацвярджае вядомую выснову, якая кажа аб тым, што калі сам чалавек жадае працаваць, любіць сваю прафесію, з’яўляецца высокакласным спецыялістам, то і вынік не прымусіць сябе доўга чакаць.
Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца і да кіраўніка авіямадэльнага гуртка, што дзейнічае пры Кудзінскай базавай школе, Ігара Духовіча. Для яго галоўнае ў жыцці – ідэя, а не грошы. Хоць і яны пры такіх яго затратных хобі вельмі і вельмі патрэбныя. Прафесійны вайсковец у галіне радыёсувязі, ён палюбіў яшчэ і лётную справу. На сваёй малой радзіме вось ужо не адзін дзясятак гадоў Ігар Алегавіч захапляе сваёй любоўю да радыёсувязі і авіямадэлізму землякоў. І не толькі захапляе, але робіць усё магчымае, каб падахвоціць, хоць бы напачатку, і падрастаючае пакаленне. Педагог па прызванні, ён выдатна разумее, што негатыўны ўплыў “вуліцы” на непаўналетняга можна скарэкціраваць, а затым і паслабіць, звесці на нуль, тым жа самым хобі, цікавай справай. Ніхто яшчэ не падлічыў, колькім кудзінскім юнакам іхні аднавясковец дапамог і дапамагае не сапсаваць біяграфію не вельмі прыемнымі момантамі, спароджанымі паводзінамі ў перыяд пераходнага ўзросту. Між тым, трое выхаванцаў Ігара Духовіча звязалі сваё жыццё з лётнай справай. А некаторыя яго былыя гурткоўцы і цяпер, ужо дарослыя, сямейныя людзі, па выхадных днях не-не, дый прыходзяць на яго заняткі. Вучацца і дапамагаюць свайму настаўніку.
Адной з характэрных адметнасцяў Галоўчынскай зямлі з’яўляецца яе гістарычная ўнікальнасць, па-першае, а па-другое, – менавіта тут нарадзілася большасць нашых славутых землякоў, якія выключна праявілі сябе ў самых розных сферах дзейнасці. Мабыць, невыпадкова, галоўчынцы імкнуцца падтрымаць свой статус гістарычнасці праз мемарыялізацыю памятных дат і падзей, што адбываліся на іхняй радзіме, і захаванне памяці землякоў. Згадаем, што ў 1946 годзе яны, дбаючы пра адукацыю дзяцей, звярнуліся з лістом да сваіх вядомых землякоў, каб тыя перадалі ў вясковую бібліятэку хоць бы па некалькі кніг. Адгукнуліся, бадай, усе, хто на той час быў жывы.
На Бялыніччыне менавіта Галоўчынскі сельсавет па рэалізацыі праграмы мемарыялізацыі з’яўляецца лідарам. Дастаткова нагадаць, што за апошнія некалькі гадоў мемарыяльнымі знакамі і дошкамі ўшанаваны воіны, палеглыя ў вядомай Галоўчынскай руска-шведскай бітве 1708 года, і партызанскі атрад Дзяніса Давыдава, які 14 лістапада 1812 года ў нялёгкай бітве вызваліў ад французскіх акупантаў Бялынічы; а таксама памяць акадэміка і воіна Міхаіла Севярнёва, выдатнага хлебароба СВК “Кудзін” Васіля Кацяшова... На сродкі фундатараў, адзін з якіх нарадзіўся ў Галоўчыне, у аграгарадку пабудавана і праваслаўная царква – як помнік усёй гісторыі гэтага старажытнага мястэчка. Дарэчы, у нашым раёне на сёння гэта адзінкавы, а таму і ўнікальны прыклад такой сыноўняй любові да роднай зямлі. А на Магілёўшчыне, можа, толькі другі па ліку.
Удзельнікі Дня сельсавета наведалі і гэты, Свята-Троіцкі, храм. Прыхаджане яго, Вера Кужалькова і былы стараста аграгарадка, краязнаўца Васіль Цыркуноў, падрабязна расказалі пра сённяшняе духоўнае жыццё ў аграгарадку, добрым словам згадалі фундатараў пабудовы царквы, якія, да слова сказаць, і зараз падтрымліваюць яе дзейнасць маральна і матэрыяльна. Напрыклад, яны аплацілі рэстаўрацыю двух старых абразоў, якія былі падораныя царкве мясцовымі жыхарамі, зараз аднаўляюць яшчэ дзве іконы...
Ад спраў духоўных да зямных, бо праца – першааснова нашага дабрабыту. Удзельнікі Дня Галоўчынскага сельсавета наведалі машынны двор ААТ “Кудзін”. Сёння для хлебаробаў адна з асноўных задач – падрыхтоўка да правядзення веснавых палявых работ, калі закладваецца падмурак ураджаю, які вызначае дабрабыт нашага жыцця на перспектыву. Галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Яўген Сенцюроў падрабязна расказаў аб тым, чым займаюцца зараз кудзінскія механізатары. Як паінфармаваў галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар Дзяржтэхнагляду, начальнік адпаведнай раённай інспекцыі, Іван Конанаў, па стане на 30 снежня 2014 года два энерганасычаныя трактары таварыства знаходзяцца на захаванні, яшчэ два – у рамонце. З 12 збожжаўборачных камбайнаў, якія пастаўлены ў боксы на захаванне, двум агрэгатам патрабуецца рамонт. Праводзіцца рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі, якая да 1 лютага бягучага года павінна быць пастаўлена на лінейку гатоўнасці.
Напачатку артыкула было названа, што ў мінулым годзе на тэрыторыі шасці сельсаветаў былі вырашаны 72 праблемныя моманты, якія тычыліся самых розных сфер і галінаў жыццезабеспячэння вясковага насельніцтва. Праца ў Галоўчынскім сельсавеце да гэтай лічбы дадала яшчэ дзясятак праблемных пытанняў. Яны былі занесеныя ў выніковы пратакол і сталі абавязковымі для выканання ў акрэслены час.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Асіпёнак, падводзячы вынікі работы райсавета, сельскіх саветаў і органаў мясцовага і тэрытарыяльнага самакіравання за прайшоўшы год, адзначыў, што запатрабаванасць актыўнага ўзаемадзеяння па жыццезабеспячэнні насельніцтва сельскай мясцовасці будзе толькі ўзрастаць. І роля правядзення дзён сельсавета тут толькі павялічыцца, паколькі ўдзельнікі іх, а гэта начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі сацыяльна арыентаваных раённых арганізацый і службаў, нягледзячы на тэматычную разнастайнасць мерапрыемства, выконваюць адну і тую ж агульную задачу: не толькі вырашаюць бягучыя пытанні насельніцтва вясковых паселішчаў, але імкнуцца прадбачыць і своечасова прадухіліць і будучыя магчымыя праблемныя моманты. Іншымі словамі, працуюць на апярэджанне.
Міхась КАРПЕЧАНКА, “Зара над Друццю”
Поделиться:

Афиша и объявления

21 апреля
23 апреля 2025 г. с 14.00 до 16.00 «прямую телефонную линию» на тему «Порядок временного ввоза транспортных средств для личного пользования, а также порядок...
21 апреля
Любой желающий сможет бесплатно получить консультации профсоюзных юристов по вопросам, связанным с защитой трудовых прав и социально-экономических интересов.
21 апреля
24 апреля 2025 г. с 12.30 до 13.30 в кабинете № 6 Белыничского райисполкома (г.Белыничи, ул.Советская, 29) личный прием граждан и юридических лиц...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничи, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00