Адкрыты дыялог
У чацверг Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, недзяржаўных выданняў і акрэдытаваных у краіне замежных друкаваных і электронных СМІ. Цяперашняя сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі СМІ праходзіла ў Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у новым фармаце – не звычайнай прэс-канферэнцыі, а адкрытага дыялогу, у час якога журналісты не толькі задавалі пытанні, але і выказвалі сваё меркаванне па ўсіх напрамках.
Адкрыты дыялог з журналістамі, у час якога кіраўнік дзяржавы адказаў прыкладна на 40 пытанняў, доўжыўся больш за сем гадзін, што з'яўляецца абсалютным рэкордам такіх сустрэч.
У самым пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што закрытых тэм няма, і выказаў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. "Паколькі праблем і пытанняў нямала, давайце адкрыта і канструктыўна аб гэтым гаварыць", – прапанаваў Прэзідэнт.
Журналісты задавалі пытанні, якія датычыліся самых розных тэм: знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі, эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў краіне, дыверсіфікацыі экспарту, кадравай палітыкі і заработных плат, праблемных пытанняў у будаўніцтве і ЖКГ, карупцыі, рэагавання дзяржорганаў на крытыку СМІ, кантакту чыноўнікаў з журналістамі. Размова датычылася таксама ўкраінскай тэматыкі і ў цэлым праблематыкі забеспячэння бяспекі і міру, супрацоўніцтва з Расіяй, узаемадзеяння ў рамках інтэграцыйных структур, у тым ліку ў Саюзнай дзяржаве, Еўразійскага эканамічнага саюза, адносін з Захадам і ЗША. Прэзідэнт, шчыра, адкрыта і падрабязна адказваючы на ўсе пытанні, асаблівую ўвагу ўдзяліў супрацоўніцтву з Кітаем і многім іншым тэмам.
Бяспека беларускай дзяржавы
Бяспека дзяржавы – гэта кроўны абавязак Прэзідэнта Беларусі. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў у час адкрытага дыялогу з журналістамі.
"Калі я не забяспечу бяспеку дзяржавы, народ мне не даруе. Гэта мой кроўны абавязак", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што дзеля забеспячэння бяспекі краіны важна ўлічваць шырокі спектр меркаванняў і спыняць тых, хто распальвае канфлікты ўнутры краіны. "Калі на ўсходзе Украіны прадоўжацца ваенныя дзеянні, у гэтым балоце збярэцца дрэнь з усяго свету. А потым гэтыя наёмнікі папаўзуць у Расію і да нас – вось, што мяне больш за ўсё хвалюе. Для мяне ўсё роўна, хто будзе ваяваць супраць Беларусі. Калі ён прыйдзе да нас з мячом, мы адкажам тым жа", – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аб эканамічнай сітуацыі
Беларусь зможа пераадолець цяжкасці, якія ўзніклі ў эканоміцы краіны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў некаторых СМІ прапануюць правесці ў краіне так званыя структурныя рэформы. "Я разумею, на што яны намякаюць. На тое, каб мы парэзалі, раздалі прадпрыемствы, неэфектыўныя – закрылі. Закрыць – розуму многа не трэба. Але заўсёды трэба думаць аб наступствах", – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Незалежная Беларусь узяла са свайго мінулага лепшае для эканамічнага развіцця. "Я гэта ў першыя прэзідэнцкія выбары сказаў: мы пакінем толькі лепшае. Мы пакінулі: запусцілі прадпрыемствы. Яны працавалі і нядрэнна працавалі. І будуць працаваць. Я вам гарантую: будуць працаваць. Мы вырвемся з гэтага складанага становішча, у якое трапіла наша эканоміка", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў аб важнай задачы, якая была актуальнай у першыя гады яго прэзідэнцтва і не страчвае актуальнасці цяпер. Размова ідзе аб дыверсіфікацыі экспарту, у тым ліку прадуктаў харчавання. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларуская прадукцыя запатрабавана не толькі ў Расіі, але і ў краінах далёкага замежжа. "Можна нарошчваць экспарт. Сёння вялікі попыт на нашу прадукцыю ў Венесуэле, у Кітаі і гэтак далей. Ёсць вельмі шмат прадукцыі, якую мы вырабляем на зямлі і можам сёння свабодна прадаваць", – упэўнены Прэзідэнт.
Цэнавы фактар
У ходзе сумроўя з журналістамі Прэзідэнт Беларусі даручыў Ураду вывучыць стан цэн на прадукты харчавання ў Беларусі ў параўнанні з расійскімі.
"Быў перыяд, калі цэны ў Беларусі на тавары былі ў 2-3 разы ніжэйшыя, чым у Расіі. І нам каштавала страшных намаганняў пераадолець такую з'яву, як вываз прадукцыі з краіны, асабліва з прыгранічных раёнаў, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы былі вымушаны ў сувязі з гэтым трымаць парытэт цэн".
Гаворачы аб сённяшняй сітуацыі, Прэзідэнт адзначыў: "Але не думаю, што цяпер можа быць вельмі вялікая розніца ў цэнах у Беларусі і Расіі. Мы трымаем цэны крыху таннейшыя, чым у Расіі, дзе немагчыма кантраляваць цэны, бо няма такіх рычагоў і такой структуры. Іх там даўно ліквідавалі. А мы можам кантраляваць цэны, аж да сельскага магазіна. Улада заўсёды трымае гэтыя пытанні пад кантролем і рэгулюе іх".
"Калі цэны ў нас будуць ніжэйшыя, тавар вывезуць, калі будуць вышэйшыя – нашы людзі паедуць да вас за таварам", – сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да расійскага журналіста, які задаваў пытанне. Прэзідэнт даў даручэнне вывучыць існуючае становішча і далажыць яму параўнальны аналіз цэн у Беларусі і Расіі.
Справа ўсіх і кожнага
Навядзеннем парадку і добраўпарадкаваннем гарадоў і раённых цэнтраў павінна займацца не толькі дзяржава. Насельніцтва таксама павінна актыўна прымаць у гэтым удзел. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе адкрытага дыялогу з журналістамі.
Адказваючы на пытанне, якія месцы ўвайшлі б у ТОП лепшых мясцін для наведвання і адпачынку ў Беларусі, калі б яго давялося складаць кіраўніку дзяржавы, беларускі лідар адказаў: "Я люблю сваю краіну – ад наваколля Оршы, дзе нарадзіўся, да Белавежскай пушчы, дзе пабываў толькі будучы Прэзідэнтам. У нас шмат нацыянальных паркаў, я ўзяў гэтыя цудоўныя мясціны пад кантроль. Браслаўскія азёры, Бярэзінскі запаведнік, Белавежская пушча, Прыпяцкі запаведнік і іншыя". Кожны з абласных цэнтраў таксама па-свойму цудоўны і ўнікальны.
"У нас, куды ні кінь, паўсюль цудоўныя мясціны. Я як Прэзідэнт не магу нават вылучыць: недзе горш, недзе лепш. Я вельмі ганаруся тым, што мы зрабілі шмат, каб падняць з каленяў раённыя цэнтры – у нас няма такіх, дзе мы хоць бы да іх цэнтра не навялі парадак", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
За апошнія гады ўсе гарады Беларусі прыкметна абнавіліся. Дзяржава зрабіла для гэтага вельмі шмат, цяпер гараджане самі павінны займацца гэтым пытаннем і прыводзіць іх у парадак. "Пачынаючы ад пад'ездаў, вуліц, клумбаў, дрэў, на гэта грошы не трэба траціць", – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аб карупцыі
Генпракурор павінен раз у квартал інфармаваць СМІ аб фактах карупцыі, заявіў Прэзідэнт Беларусі, адказваючы на пытанне журналіста.
"Устанавіць такі парадак, каб генеральны пракурор, які ў мяне адказвае за кантроль у гэтым плане, адзін раз у квартал інфармаваў журналісцкую супольнасць аб барацьбе з карупцыяй", – сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, журналісты крыўдзяцца, што часам ад дзяржчыноўніка нельга атрымаць інфармацыю. Прэзідэнт падкрэсліў, што, размаўляючы з журналістамі, чыноўнік праз іх размаўляе з народам.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі ведамасныя інструкцыі перашкаджаюць СМІ атрымліваць ад ведамстваў інфармацыю, то іх трэба "ўстараніць" праз указ або распараджэнне Прэзідэнта. "І наогул трэба выпрацаваць практыку: калі міністр або службовая асоба, да якой звярнуліся, беспадстаўна адмаўляецца размаўляць з журналістамі і адказваць на іх пытанні, – гэта не міністр, не службовая асоба. Звярнуўся журналіст – адкажы. Калі крытыка, у нас, па-мойму, указ ёсць, – павінен адрэагаваць... Гэта не першы раз я ўжо чую аб такім (аб нежаданні размаўляць з масмедыя, - заўвага рэдакцыі)", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гэта наша Беларусь
Падводзячы вынік адкрытаму дыялогу з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, сказаў наступнае: "У нас цудоўная, зручная, прыгожая краіна з пэўнымі недахопамі, так будзе заўсёды. Але мы будзем працаваць над гэтымі недахопамі – пачынаючы ад клумбы і завяршаючы карупцыяй, пра якую сёння ўжо гаварылі. Мы ўсё роўна праб'ёмся, зробім нашу краіну яшчэ прыгажэйшай". У нас прыгожая краіна і не толькі таму, што нам Бог падарыў яе такой, а таму што мы нямала зрабілі апошнім часам. У цэнтры нашай палітыкі знаходзіцца чалавек. Мы праводзім свой курс, ідзём сваёй дарогай. Я люблю сваю краіну. Гэта добрая зямля з добрымі людзьмі".
Падрыхтаваў Міхась КАРПЕЧАНКА, «Зара над Друццю»