Перамаглі госці з Віцебска

Сёлета, як і ў мінулыя гады, за галоўны прыз “Сельскай газеты” – каляровы тэлевізар, спаборнічалі 6 каманд. Гэта бялыніцкія валейбалісты, гульцы з Віцебскага раёна, гарадоў Беразіно, Клічаў, Сянно, г.п. Круглае.
У першы дзень турніру, пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, традыцыйных хлеба-солі кожнай камандзе і пажаданняў добрых спаборніцтваў намесніка старшыні райвыканкама Надзеі Серыкавай, адбыліся 6 гульняў на вызначэнне 4 лепшых каманд у дзвюх падгрупах. На жаль, наша каманда ў сваёй падгрупе заняла трэцяе месца, таму ў фінальных спаборніцтвах удзел не прымала. Дамоў адправілася і спартыўная дружына з Беразіно, якая ў сваёй падгрупе саступіла камандам з Круглага і Віцебскага раёна.
-- Наша каманда, якая створана, дарэчы, усяго 3 месяцы таму, удзел у спаборніцтвах прымала ўпершыню, -- распавядае начальнік спартыўнага аддзела ЦФАіСР і галоўны суддзя спаборніцтваў Генадзь Даўгалёў. – Мабыць, крыху не хапіла вопыту, але ж каманда перспектыўная, імкненне працаваць у рабят вялікае. Упэўнены, у наступным турніры ў іх ёсць усе шанцы атрымаць выдатны вынік.
У другі дзень турніру спаборніцтвы спачатку разгарнуліся паміж круглянскай і клічаўскай камандамі, якія доўжыліся з пераменным поспехам, але ў выніку з лікам 2:1 перамаглі круглянцы. Наступнымі на пляцоўку выйшлі каманды Сянно і Віцебскага раёна, дзе апошнія ўзялі верх над сенненцамі, якія, дарэчы, з’яўляюцца пераможцамі мінулагодняга турніру.
Самая гарачая барацьба разгарнулася паміж пераможцамі за 1 і 2 месцы. Спачатку абедзве каманды былі аднолькава актыўнымі і па чарзе забівалі мячы. Але ў хуткім часе госці з Віцебскага раёна перамаглі ў першай партыі, з вялікім адрывам вырваліся ўперад у другой, не пакінуўшы сапернікам ні адзінага шанцу на перамогу.
-- У спаборніцтвах наша каманда ўдзельнічае ўжо колькі год запар, але перамогу атрымалі ўпершыню, -- дзеліцца ўражаннямі капітан каманды-пераможцы Антон Фомчанка. - Вельмі прыемна кожны раз прыязджаць у Бялынічы, дзе нас заўсёды сустракаюць з цеплынёй і павагай. А сёлетняе дасягненне стане для нас добрым стымулам для яшчэ больш узмоцненай працы і новых перамог.
На цырымонію ўзнагароджання пераможцаў завітаў намеснік рэдактара “Сельскай газеты” Мікалай Шчарбачэня. Ён падзякаваў камандам за прыгожую гульню і ўручыў пераможцам тэлевізар і дыплом. Каманды з Круглага і Клічава за 2 і 3 месца ў якасці падарункаў атрымалі кававаркі, якія былі закуплены з дапамогай ПВУП “БелЭнергаПрагрэс”, індывідуальных прадпрымальнікаў Алега Мяцеліцы і Мікалая Валькова.
За два дні гульні гледачы і балельшчыкі сталі сведкамі цікавых матчаў, захапляючай барацьбы, тэхнічнага валодання мячом і трапных удараў, а таксама атрымалі шмат пазітыўных уражанняў і вялікі зарад бадзёрасці.
На здымку: Каманда-пераможца з падарункамі ад “Сельскай газеты”.
Вольга НАБОКАВА, “Зара над Друццю”