Ініцыятыву па добраўпарадкаванні водных кропак дружна падтрымалі

І хоць у многіх населеных пунктах працуюць цэнтралізаваныя вадаправоды, аднак калодзежы былі і застаюцца неад’емнай часткай вясковых вуліц.
На жаль, вёскі пусцеюць, і людзі карыстаюцца калодзежамі ўсё радзей і радзей. А вада, якая доўга стаіць, хутка псуецца.
Апошнім часам у Вішоўскі сельскі Савет пачасцілася колькасць зваротаў з просьбамі правесці ачыстку калодзежаў. Паслуга гэтая не вельмі танная, таму старшыня сельсавета Фёдар РЫДЗЕЦКІ выйшаў да вяскоўцаў з ініцыятывай аплаціць добраўпарадкаванне водных кропак.
— Лічыце самі, кошт ачысткі аднаго калодзежа працаўнікамі БУКП “Жылкамгас” будзе вагацца ад 6 да 8 з лішнім мільёнаў рублёў, – па-гаспадарску разважае Фёдар Уладзіміравіч. – Карыстаюцца калодзежамі ў асноўным пенсіянеры і дачнікі. Хто пагодзіцца адразу выкласці такую суму? На сённяшні дзень (8 красавіка – заўв. аўт.) да нашай ініцыятывы прыслухаліся гаспадары некаторых сядзіб у Нежкаве, там пачысцілі 4 калодзежы, і ў Ермалавічах – 1. Людзі знайшлі брыгаду грабараў, якія згадзіліся выканаць аб’ём работ значна танней – ад паўтара да двух мільёнаў рублёў за калодзеж. Падзяліце гэтыя грошы на некалькіх пастаянных карыстальнікаў, і атрымаеце суму, якая не ўдарыць па кішэні.
Разам са старшынёй Вішоўскага сельсавета накіроўваемся ў вёску Нежкаў для таго, каб пагутарыць з людзьмі, якія падтрымалі ініцыятыву і добраўпарадкавалі свае водныя кропкі.
Першы калодзеж належыць гаспадарам лецішча. Магіляўчанін Уладзімір ЯРЖЭНІН купіў дом некалькі гадоў назад. Ён навёў парадак вакол свайго падворка і не пакінуў без увагі крыніцу вады: пачысціў, паправіў на калодзежы дах, пафарбаваў, зрабіў падсыпку.
Наступны прыпынак – калодзеж каля хаты пенсіянераў МІХАЙЛАВЫХ. Івану Іванавічу і Марыі Ільінічне ўжо за восем дзясяткаў, але яны не адасабляюцца ад грамадскага жыцця.
— Вадой карыстаемся ў асноўным мы ды суседка, — распавядае Марыя Міхайлава. – Калі прыязджалі прадстаўнікі санстанцыі і ўзялі пробы вады, то параілі як мага хутчэй пачысціць калодзеж. Мы так і зрабілі. Гэтая паслуга абышлася нам у 1 800 тысяч рублёў, частку грошай аплаціла суседка. Я раней працавала ў сельскім Савеце, потым была старастам вёскі і па сабе ведаю, колькі абавязкаў ускладзена на мясцовую ўладу, таму мы з мужам усімі сіламі стараемся дапамагаць нашаму старшыні. Хто, як не мы самі, будзем пра сябе клапаціцца?
Ініцыятыву па ачыстцы калодзежаў падтрымалі і ў Лебядзянцы. Па інфармацыі старшыні сельскага Савета Леаніда КОРШУНАВА, жыхары вёсак пачынаюць добраўпарадкоўваць калодзежы за ўласныя сродкі. 2 крыніцы вады адрамантаваны ў Рудні, па адным калодзежы ў Лебядзянцы і Гуце. Людзі не чакаюць, што нехта прыйдзе і зробіць, а самі прыкладваюць намаганні, каб іх жыццё было камфортным.
Дарэчы
Ініцыятыву па добраўпарадкаванні месцаў агульнага выкарыстання праяўляюць і ў іншых рэгіёнах Магілёўскай вобласці. Напрыклад, у вёсцы Казелле Краснапольскага раёна жыхары сабралі грошы і абгарадзілі мясцовыя могілкі. Усё гэта робіцца дзякуючы неабыякавасці сельскіх актывістаў,школьнікаў, якія наводзяць і падтрымліваюць парадак у сваіх населеных пунктах.