, 11 мая 2025 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - Мэтанакіраванасць народа можа тварыць цуды
27 июня

Мэтанакіраванасць народа можа тварыць цуды

У нашай краіне стала традыцыяй раз на пяць гадоў раіцца з народам праз яго выбраных прадстаўнікоў, якім шляхам ісці далей. У чацвер завяршыў сваю працу пяты Усебеларускі народны сход, на якім вызначаны курс развіцця Беларусі ў чарговай пяцігодцы, названы прыярытэты нашага руху наперад.
Удзельнікамі гэтага народнага веча сталі 2,5 тысячы чалавек – прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, работнікі сельскай гаспадаркі, сацыяльна-культурнай сферы, сродкаў масавай інфармацыі, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў, парламентарыі, вайскоўцы, прадпрымальнікі, студэнты, пенсіянеры, члены палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў… Магілёўшчыну на сходзе прадстаўлялі 350 дэлегатаў, у ліку якіх і сем ад Бялыніччыны.
Перад ад’ездам у Мінск да дэлегатаў Прыдняпроўскага краю звярнуўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.
– Я хачу, – сказаў кіраўнік Магілёўшчыны, – каб усе дэлегаты пранікліся пачуццём адказнасці перад тым, як пачнем абмяркоўваць і вызначаць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і Магілёўскай вобласці ў прыватнасці. Безумоўна, гэта вельмі адказны і пераломны момант у гісторыі нашай краіны. У сённяшніх няпростых эканамічных умовах нам неабходна шукаць рынкі збыту для сваёй прадукцыі, а таксама новых партнёраў на прасторах сусветнай супольнасці.
21 чэрвеня дэлегаты пятага Усебеларускага народнага сходу прысутнічалі на ўрачыстай цырымоніі афіцыйнага адкрыцця абноўленай Рэспубліканскай дошкі Гонару, на якую занесена Магілёўская вобласць як адзін з пераможцаў спаборніцтва па эканоміі рэсурсаў. Такога ж гонару ў адпаведнасці з прэзідэнцкім Указам № 225 “Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2011 – 2015 гады і 2015 год” былі ўдастоены яшчэ сем прадпрыемстваў і арганізацый Магілёўшчыны.
Дэлегаты V Усебеларускага народнага сходу ўсклалі кветкі да манумента Перамогі, наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі мінутай маўчання памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння, 22 чэрвеня, спаўняецца 75 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у ходзе якой трэць насельніцтва Беларусі загінула, памерла ад ран. “Мы вельмі доўга запаўнялі тыя страшныя страты той страшнай вайны мінулага стагоддзя, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. – Нашы суайчыннікі пайшлі ад нас тады дзеля нас, дзеля сённяшняга нашага жыцця. Давайце будзем удзячнымі нашчадкамі той Перамогі».

Пяты Усебеларускі народны сход праходзіў у Палацы Рэспублікі.
Перад дэлегатамі сходу і запрошанымі на яго гасцямі з дакладам выступіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў вынікі і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на сучасным этапе, абазначыў праблемныя пытанні, назваў канкрэтныя шляхі іх вырашэння. У сваім выступленні ён таксама акцэнтаваў увагу на пытаннях знешняй палітыкі краіны, наладжванні ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін з рознымі дзяржавамі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі. У прыватнасці, кіраўнік Беларусі падкрэсліў: адзінства народа, мабілізацыя ўсіх яго сіл – тое, што трэба, каб не толькі выстаяць у ліхую часіну, але і прадухіліць яе надыход, зберагчы мір у краіне і зберагчы саму краіну. Многія звярнулі ўвагу на дату правядзення Усебеларускага сходу – 22 чэрвеня. «Гэта сапраўды сімвалічная, трагічная і – самае галоўнае – павучальная дата. Роўна 75 гадоў таму пачалася самая страшная і кровапралітная вайна ў гісторыі. Мы добра памятаем яе ўрокі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка і прадоўжыў: «Галоўны ўрок у тым, што любую, нават самую вялікую бяду можна адолець толькі разам. Калі перад тварам цяжкасцей народ аб’ядноўваецца, а людзі не падаюць духам, то любыя перашкоды пераадольныя і любыя мэты дасягальныя».
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады накіравана ў будучыню і прадугледжвае канкрэтныя дзеянні. «Гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучага, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не чаканняў», – заявіў Прэзідэнт і ўдакладніў: «Мы цудоўна разумеем: праблемы не вырашацца самі сабой, крызісныя з’явы не знікнуць па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Менавіта таму ў аснову праграмы пакладзены прынцыпы прагрэсу і адкрытасці. Мы робім стаўку на веды і тэхналогіі. У гэтым ключ да вырашэння бягучых праблем і руху наперад».
Яшчэ адна асаблівасць праграмы, паводле слоў Прэзідэнта, у тым, што яна рэальная – без лішніх абяцанняў і нездзяйсняльных планаў. «Тут аналізуюцца не толькі аб’ектыўныя цяжкасці, але і нашы памылкі. І прапануюцца шляхі іх выпраўлення. Наколькі дакладны гэты аналіз, наколькі дакладныя і глыбокія тыя меры, якія прапануюцца, – усё гэта нам трэба абмеркаваць разам».
Кіраўнік дзяржавы таксама – падкрэсліў, што пяцігадовая праграма гэта таксама праграма эвалюцыі, а не рэвалюцыі. «У ёй мы цвёрда захоўваем пераемнасць нашага курсу і базавыя асновы беларускай мадэлі. Мы катэгарычныя праціўнікі радыкалізму, шоку і ломкі ўсяго і ўся. Дзяржава для народа, справядлівасць, абарона простага чалавека – гэта тое, на чым стаяла і стаяць будзе беларуская дзяржаўнасць. Для выпрацоўкі планаў на пяцігодку ў нас ёсць дакладны арыенцір – перадвыбарная праграма Прэзідэнта. Яна падтрымана беларускім народам».
Паводле слоў беларускага лідара, частка пастаўленых задач некаму можа здацца напружанай. «Але іншага выйсця ў нас проста няма. Мы не можам адмовіцца ад развіцця. Не можам пагадзіцца з тым, што нас чакае застой або яшчэ горш – адкат назад. Мы можам і павінны знайсці рэзервы росту! Мы можам і павінны мабілізавацца! Мы можам і павінны даць другое дыханне эканоміцы, забяспечыць новы прарыў!»
Кажучы аб замежных інвестыцыях у эканоміку краіны, Прэзідэнт адзначыў, што паказчыкам сусветнага інтарэсу да беларускай эканомікі з’яўляецца ўзрослая актыўнасць замежных інвестараў. “За апошнія пяць гадоў аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку вырас у 2,5 раза, пры гэтым прыцягнута амаль $11 млрд на чыстай аснове», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. Гэты паказчык вырас з $5,2 тыс. у 1990 годзе да $16,5 тыс. у 2010 годзе і да амаль $18 тыс. у 2015-м.
«І ў эканамічнай сферы ёсць нямала станоўчых фактараў. У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Завяршаецца тэхнічнае абнаўленне дзевяці буйнейшых дрэваапрацоўчых вытворчасцей, уведзены ў строй тэхналагічныя лініі па вытворчасці цэменту «сухім» спосабам, арганізавана вытворчасць комплексных складаназмешаных угнаенняў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што мадэрнізацыя вытворчасці дала магчымасць абнавіць тэхналогіі і істотна скараціць затраты на выпуск вырабаў. Зніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці склала каля 8 працэнтаў. За 5 гадоў уведзена ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснашчаны больш за тысячу малочнатаварных, 55 свінагадоўчых, 456 зернесушыльных комплексаў, больш як 500 птушкагадоўчых ферм.
«У 2016-2020 гадах плануецца рэалізоўваць больш за 20 дзяржаўных праграм, пры гэтым арыенціровачна дзве трэці бюджэтных сродкаў, выдзеленых на іх фінансаванне, будуць інвесціраваны ў сацыяльную сферу. У першую чаргу – у медыцыну, адукацыю, культуру, падтрымку сем’яў, сацыяльную абарону насельніцтва», – адзначыў беларускі лідар.
Ён асабліва падкрэсліў, што ўздым эканамічных галін і рэгіёнаў важны перш за ўсё для павышэння ўзроўню і якасці жыцця людзей. «Гэта прамая залежнасць: трэба лепш працаваць, каб лепей жыць, – сказаў Прэзідэнт. – Рэальны сектар эканомікі ў найбольшай ступені фарміруе бюджэт дзяржавы і тыя рэсурсы, якія інвесціруюцца ў развіццё сацыяльнай сферы. Мы раней выбралі і ў далейшым маем намер прытрымлівацца сацыяльнай арыентацыі дзяржавы. Аб гэтым сведчаць як расходы гадавых бюджэтаў краіны, так і перавага ў дзяржаўных праграмах артыкулаў сацыяльнай накіраванасці».
Ні адзін чалавек, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не павінен застацца без дапамогі дзяржавы, адзначыў Прэзідэнт. Размова ідзе аб укараненні безнаяўных жыллёвых субсідый у мэтах змякчэння наступстваў павелічэння тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Іх павелічэнне павінна праводзіцца адначасова са зніжэннем затрат на аказанне паслуг, ростам даходаў людзей і развіццём сістэмы адраснай падтрымкі сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падзяліўся і сваім бачаннем Беларусі ў 2020 годзе: «Мне бачыцца Беларусь праз пяць гадоў моцнай і працвітаючай, незалежнай і дружалюбнай, прыгожай і ўтульнай для жыцця людзей. Так і будзе».
Дэлегаты V Усебеларускага народнага сходу пасля грунтоўнага абмеркавання адобрылі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады і падтрымалі яе галоўную мэту – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Базавым фактарам эканамічнага развіцця ў бліжэйшае пяцігоддзе з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці кіравання на ўсіх узроўнях, у тым ліку шляхам аптымізацыі функцый дзяржапарату і структуры дзяржаўных актываў.
У час сходу ад дэлегатаў паступіла каля 150 канкрэтных прапаноў, якія тычацца разняволення дзелавой ініцыятывы, крэдытаў для рэальнага сектара эканомікі, замацавання маладых кадраў, павелічэння турыстычнага патоку і шмат іншага.
«Чалавек, яго ініцыятыва, талент і прадпрымальнасць павінны стаць галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны, – гаворыцца ў Звароце пятага Усебеларускага народнага сходу да суайчыннікаў. – Сход выказвае вялікую ўдзячнасць беларускаму народу, яго самаадданай працы і клопату аб нашым агульным доме».
Дэлегаты заявілі і аб тым, што, нягледзячы на пэўныя складанасці ў эканоміцы, у грамадстве захоўваецца сацыяльна-палітычная стабільнасць. Удзельнікі форуму адзначылі, што ў краіне будзе захавана сацыяльная накіраванасць эканомікі. «Асноўнымі індыкатарамі ў гэтай сферы стануць рост дабрабыту людзей, паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, умацаванне здароўя насельніцтва, развіццё сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі», – заяўлена ў дакуменце.
«Форум з усёй відавочнасцю паказаў, што народаўладдзе з’яўляецца важнейшым інструментам прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі, – заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў заключным слове на пятым Усебеларускім народным сходзе. – Мне вельмі спадабаліся вашы дзелавы настрой на работу і адначасова нязмушаная дружалюбная атмасфера сходу. Адчувалася, што дэлегаты прымаюць ускладзены на іх груз адказнасці за рашэнні, што вызначаюць будучыню як грамадства, так і дзяржавы. Я ўдзячны ўсім дэлегатам за падтрымку, разуменне, актыўны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці праграмных дакументаў. Мы з вамі ўсебакова абмеркавалі важнейшыя праблемы нашага жыцця, падвялі на самым прадстаўнічым форуме краіны вынікі, далі самакрытычную ацэнку зробленаму ў папярэднім пяцігоддзі. Намі зацверджана доўгатэрміновая стратэгія развіцця краіны, прыняты праграмныя дакументы на наступныя пяць гадоў, выпрацаваны асноўныя напрамкі інавацыйнага абнаўлення краіны, мадэрнізацыі эканомікі з улікам новых сусветных тэндэнцый».

Падрыхтавана па матэрыялах БелТА.
Поделиться:

Афиша и объявления

21 апреля
23 апреля 2025 г. с 14.00 до 16.00 «прямую телефонную линию» на тему «Порядок временного ввоза транспортных средств для личного пользования, а также порядок...
21 апреля
Любой желающий сможет бесплатно получить консультации профсоюзных юристов по вопросам, связанным с защитой трудовых прав и социально-экономических интересов.
21 апреля
24 апреля 2025 г. с 12.30 до 13.30 в кабинете № 6 Белыничского райисполкома (г.Белыничи, ул.Советская, 29) личный прием граждан и юридических лиц...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничи, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00