, 28 июля 2024 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - У чацвер на Бялыніччыне стартавала абласная...
28 июля

У чацвер на Бялыніччыне стартавала абласная сацыяльна-інфармацыйная акцыя “Цягнік клопату”

Першы маршрут “Цягніка клопату”, у складзе экіпажу якога былі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, прадстаўнікі раённых сацыяльна значымых служб, РАНС, пралёг да вёскі Забалоцце Машчаніцкага сельсавета, дзе пастаянна пражывае крыху больш за тры дзясяткі чалавек. Трэба аддаць належнае жыхарам гэтага паселішча, якія ад старога да малога, амаль усе, сабраліся ў вызначаны час на падворку вясковага дома сацыяльных паслуг. І многія з іх прыйшлі на сустрэчу не толькі, каб выказаць нейкія праблемы, а проста дзеля сумоўя. Напрыклад, пенсіянер Сяргей АСТАПЕНКА адразу ж быў настроены на памяркоўную дыскусію. Першай “пад жартаўлівую раздачу” Сяргея Яфімавіча патрапіла намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Аксана НІЗАЎЦОВА.
— А чаго гэта паштовыя работнікі разам з пенсіяй не прывозяць нам і віна-гарэлачныя вырабы? – паспрабаваў высветліць вясковы старажыл. – Глядзіш, атрымаў пенсію, купіў бутэльку: і пошце выгадна, і мне прыемна.


­

Аксана Міхайлаўна патлумачыла Сяргею Астапенку і прысутным вяскоўцам, што раённы вузел паштовай сувязі не мае ліцэнзіі на рэалізацыю такой прадукцыі. А ў Сяргея Яфімавіча напагатове новая праблема: бяроза насупраць дома сацыяльных паслуг пагражае лініі электраперадачы.
— Паглядзіце: работнікі раёна электрасетак галіны, што навісалі над правадамі, спілавалі. А вярхушка дрэва – пагрозлівая. Вецер яе шкуматне, і куды яна, зламіўшыся, упадзе? Правільна, на правады! Вёска застанецца без электрычнасці. Убіраць трэба гэту старую бярозу.­
Тлумачэнні адносна бярозы старшыні Машчаніцкага сельвыканкама Іны НАПРЭЕНКА, па ўсім было бачна, не задаволілі Сяргея Яфімавіча. Аднак у яго было падрыхтавана яшчэ адно пытанне. У цёмную пару года вёска дрэнна асвятляецца. Трэба яшчэ хоць бы з пару ліхтароў устанавіць.
— Устанавіць дадатковыя ліхтары не з’яўляецца праблемай, — адказвае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ганчук. — А вы гатовы аплачваць расход электраэнергіі, калі ліхтар павесяць насупраць вашай сядзібы?
Крыху падумаўшы, Сяргей Астапенка сказаў, што ён можа аплачваць расход спажытай электрычнасці “ўласным” ліхтаром.
—Тады падавайце заяўку, — паставіў кропку на праблеме Андрэй Ганчук.
Пасля выступлення Эдуарда АТРАШКОВА, інспектара РАНС, які настойліва парэкамендаваў вяскоўцам у летні сезон паклапаціцца загадзя аб пажарнай бяспецы свайго жылля ў чарговы ацяпляльны перыяд, звярнуўшы ўвагу на стан печаў і грубак, таксама ўзнікалі сустрэчныя пытанні. Аб неабходнасці, для прыкладу, пабелкі печаў. Калі ёсць скразная шчыліна, патлумачыў спецыяліст, то чорны след дыму, як сігнал трывогі, будзе бачны на белай паверхні. У такім выпадку бяду можна папярэдзіць. Зайшла размова і аб неабходнасці трымаць у пастаянна спраўным стане аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія выратавалі жыцці не адной тысячы чалавек. Найперш гэта тычыцца таго, каб па неабходнасці рэгулярна мяняць крыніцу сілкавання – батарэйку. Як правіла, найчасцей менавіта па гэтай прычыне АПА не працуе.



Нехта з вясковых жанчын удакладніў у прадстаўніка РАНС: колькі прыбораў АПА павінна быць у жылым доме. У адказ прагучала – па колькасці спальных пакояў.
Намеснік начальніка РВПС Аксана Нізаўцова паінфармавала вяскоўцаў аб тым, што прыборы АПА могуць даставіць ім і паштальёны. Дарэчы, і па больш нізкім кошце.
— Рабіце паштальёну заяўкі, — прапанавала Аксана Міхайлаўна.
Падчас сустрэчы была высветлена і яшчэ адна праблема. Забалатчане не разумеюць, чаму газавы балон пры яго ўстаноўцы пламбіруюць самі дастаўшчыкі.
— Нас папярэдзілі, — кажа адна з бабуль. — Крый Божа, самі падключым новы балон, аштрафуюць! А ў нас жа ў кожнага па два газавыя балоны! Як разлічыць, калі скончыцца газ у апламбаваным балоне?
Андрэй Ганчук патлумачыў вяскоўцам, што такое новаўвядзенне прынята па прычыне забеспячэння бяспекі газаспажыўцоў. У рэспубліцы здараліся выпадкі, калі з-за ўцечкі газу з балонаў адбываліся пажары, якія забралі шмат жыццяў, прычынілі вялікія матэрыяльныя страты.
— Тады правільнае рашэнне, — пагаджаюцца вяскоўцы. Хоць, праўда, і не ўсе.



На сустрэчы жыхары вёскі Забалоцце ўзнялі пытанне адносна іх гандлёвага абслугоўвання. Аўталаўка райспажыўтаварыства наведваецца ў вёску тройчы на тыдзень. Жыхароў паселішча і тых, хто прыехаў на лета з дзецьмі ў свае радавыя гнёзды, абурае бедны асартымент прадуктаў харчавання.
— Смятана, — кажуць яны, — толькі аднаго віду. Каўбасы — два-тры гатункі, і самыя дарагія па цане. Пенсіянеры-вяскоўцы не такія багатыя. Ім бы той жа каўбаскі падзешавей.
У спякотныя дні здараліся выпадкі, калі, у прыватнасці, малако рэалізоўвалася кіславатым. Хоць, як адзначаюць забалатчане, яно не было пратэрмінавана па часе прыдатнасці. Значыць, кіраўніцтву райспажыўтаварыства трэба прыняць усе неабходныя меры для таго, каб тавар прапаноўваўся пакупніку толькі якасны. Тым больш, што другая палова лета, а яна традыцыйна вызначаецца асаблівай спякотай, наперадзе, і ў Забалоцце прыедзе яшчэ колькі сем’яў адпускнікоў з дзецьмі.
Прыемным дапаўненнем да акцыі “Цягнік клопату” стала канцэртная праграма, якую адмыслова для забалатчан падрыхтавалі самадзейныя артысты і калектывы Ланькаўскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу. Задушэўныя народныя і папулярныя песні прыйшліся па душы як пастаянным насельнікам вёскі, так і іхнім дзецям, унукам і праўнукам, якія ў знак падзякі не толькі шчыра адорвалі артыстаў бурнымі апладысментамі, але і падпявалі ім, пускаліся ў скокі. Такі цудоўны канцэрт, несумненна, падняў настрой жыхарам і гасцям маланаселенай глыбінкі.
У наступны дзень “Цягнік клопату” сустракалі жыхары вёсак Алешкавічы, Мокравічы, Эсьмоны. Да ранейшага яго экіпажу далучыліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына ФУРСАВА, дырэктар райпалівазбыта Антон ЯНКОЎСКІ, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Алена ХРАПКО. Адна з жыхарак Алешкавічаў паскардзілася на стан вуліцы прыдруцкага пасёлка, якая даўно не ведае, што такое грэйдзіраванне. Зварот будзе адрасаваны балансатрымальніку, а вырашэнне праблемы ўзята на кантроль.
Загадчык мясцовага клуба Пётр КУДРАВЕЦ звярнуў увагу ўдзельнікаў сацыяльна-інфармацыйнай акцыі на тое, што пасля ўрагану ў вёсцы засталося ляжаць некалькі паваленых дрэў. Мясцовыя жыхары сваімі сіламі маглі б прыбраць ветрапавал і скарыстаць дрэвы на дровы, але яны баяцца, што гэта незаконна.


­

Старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна Напрэенка патлумачыла, што ў дадзеным выпадку трэба не баяцца, а дзейнічаць. Ніякага дазволу на прыбранне ветрапавалу не патрэбна. Кіраўнік сельсавета спаслалася на прыклад жыхароў вёскі Мокравічы, якія самастойна прыбралі з вуліц паваленыя ветрам дрэвы.
Падчас сустрэчы зайшла размова і аб праблемах мясцовых малаказдатчыкаў. Здараліся выпадкі, калі сабранае з падворкаў малако вярталася назад, паколькі яно было разбаўленае вадой ці ў ім прысутнічалі сляды антыбіётыкаў.
Малаказдатчыкам параілі: будзьце пільнымі найперш самі, бо ваша малако – вашы грошы. Да слова сказаць, нядаўні прыезд у Алешкавічы лабаранта засведчыў, па словах старшыні сельсавета, што аматараў надурыць усіх тут яшчэ, на вялікі жаль, хапае.
У Мокравічах на сустрэчу з удзельнікамі сацыяльна-інфармацыйнай акцыі “Цягнік клопату” прыйшло толькі некалькі чалавек. Загадчыца мясцовага магазіна райспажыўтаварыства Ірына ЦІКУНОВА патлумачыла, што цяпер ягадна-грыбная пара, і ўсе, “хто можа хадзіць”, кінуліся ў лес. Вяскоўцы стараюцца заробіць грошы на дарунках прыроды. Сабранае здаюць ці ў магазін, калі тут даражэй прымаюць, ці скупшчыкам, калі тыя прапаноўваюць за кілаграм большую капейку.
– На зменлівы цэнавы фактар, – кажа Ірына Міхайлаўна, – макраўчане рэагуюць чуйна: як барометр на надвор’е.
Мокравіцкі пенсіянер, былы механізатар, Іван КУРАПАТА з роспаччу гаварыў аб тым, што вёска адмірае, што мала хто з яго аднавяскоўцаў застаецца працаваць на роднай зямлі, якая з’яўляецца асновай багацця як кожнага чалавека, так і краіны ў цэлым.
Падчас сустрэчы высветлілася, што некаторыя макраўчане не ведаюць аб тых паслугах, напрыклад, ААТ “Бытпаслугі”, райспажыўтаварыства і шэрагу іншых арганізацый, якія аказваюцца вяскоўцам: абкасіць прысядзібны ўчастак, скасіць траву, узараць агарод, даставіць дровы і г. д. Да слова сказаць, адпаведныя аб’явы рэгулярна друкуюцца ў раённай газеце “Зара над Друццю”. Высветлілася, што тыя з вяскоўцаў, хто не ведае пра гэтыя паслугі, раёнку не выпісваюць. Як гаворыцца, наракайце самі на сябе.
Завяршыўся маршрут другога дня сацыяльна-інфармацыйнай акцыі “Цягнік клопату” сустрэчай з жыхарамі вёскі Эсьмоны. У ходзе яе вяскоўцы даведаліся пра бягучае жыццё раёна, атрымалі кампетэнтныя рэкамендацыі, як паводзіць сябе ў пажаранебяспечны сезон, па падрыхтоўцы жылля да чарговага асенне-зімовага перыяду, а таксама выслухалі тлумачэнні адносна сваіх зваротаў па ўласных жыццёвых праблемах.



Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.
Поделиться:

Афиша и объявления

26 июля
Сведения о продаже пустующих домов (Мощаницкий сельсовет)
16 июля
18 июля 2024 года с 12.00 до 12.30 часов в Белыничском районном исполнительном комитете будет проведен выездной личный прием граждан и представителей...
15 июля
17 июля 2024 года с 10.00 до 12.00 в отделе принудительного исполнения Белыничского района будет проводить личный прием граждан, в том числе индивидуальных...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничи, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00