Аўтамабілісты і дарожныя рабочыя адзначылі сваё прафесійнае свята

У нядзелю адзначылі сваё прафесійнае свята не толькі тыя, хто праводзіць працоўныя будні за рулём аўтамабіля, але і дарожныя рабочыя, дзякуючы якім вадзіцелі ездзяць па адрамантаваных і добраўпарадкаваных дарогах.
Вось ужо 55 гадоў у раёне функцыянуе філіял КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ № 170. За больш чым паўвекавую гісторыю арганізацыя некалькі разоў відазмянялася, пераймяноўвалася, але свае галоўныя задачы – ажыццяўленне комплексу дарожна-будаўнічых работ па забеспячэнні круглагадовага бесперабойнага і бяспечнага праезду па дарогах мясцовага значэння – выконвае да гэтага часу.
– У нашы функцыі ўваходзіць не толькі абслугоўванне дарог, але і іх бягучы і капітальны рамонт, – адзначыў начальнік ДРБУ № 170 Алег ФІЛІПАЎ. – Спецыялісты займаюцца ўсімі відамі дарожна-будаўнічых работ, а таксама будаўніцтвам новых аб’ектаў па дагаворах. Пералік відаў дзейнасці арганізацыі даволі шырокі. Гэта абслугоўванне і рамонт дарог, паслугі па ўкладцы тратуараў, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, на якія ДРБУ № 170 не так даўно атрымала ліцэнзію.

Варта адзначыць, што праца бялыніцкіх дарожнікаў не абмяжоўваецца тэрыторыяй нашага раёна. Па словах Алега Філіпава, яны ўдзельнічаюць у тэндарах, складаючы пры гэтым канкурэнцыю іншым дарожным арганізацыям, а калі выйграюць, то працуюць на аб’ектах суседніх раёнаў.
Напрыклад, сёлета брыгадай ДРБУ № 170 выкананы бягучы рамонт тэрыторыі ТАА “Бярэзінскі мясакамбінат”, асфальтабетоннага пакрыцця па вуліцах Крупскай, Жамчужнай, Турава ў Магілёве, капітальны рамонт участка дарогі па вуліцы Савецкай у Шклове і іншых аб’ектаў, агульная колькасць якіх – восем.

Працай калектыву, у якім добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі 63 чалавекі, начальнік задаволены.
– Упэўнена магу сказаць, што ганаруся кожным работнікам, – адзначыў Алег Філіпаў. – Тут сабраліся сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія не першы год працуюць у дадзенай сферы. У той жа час ёсць у калектыве і маладыя спецыялісты, якія толькі пачынаюць сваю працоўную дзейнасць і паспяхова пераймаюць вопыт сваіх старэйшых калег.
У працоўнай кніжцы Віталя БІРУКОВА адзін запіс – прыняты на працу дарожным рабочым. У ДРБУ № 170 ён уладкаваўся адразу пасля службы ў войску. Да гэтага атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю па спецыяльнасці трактарыст-машыніст.
У дарожную арганізацыю Віталь Міхайлавіч трапіў не выпадкова: больш за сорак гадоў у дарожным упраўленні шчыруе яго маці Марыя Рыгораўна. Нягледзячы на тое, што яна належыць да слабага полу, у працы Марыя Рыгораўна ніколі не адставала ад мужчын. Таму Віталь Бірукоў вырашыў пайсці па слядах маці.
Як распавёў мужчына, на працягу года ён выконвае работы розных відаў. Гэта і ямачны рамонт, і праца на асфальтаўкладцы, афарбоўка знакаў, абмежавальнікаў, замена бардзюраў, абкос прыдарожнай паласы і многае іншае. Напрыклад, падчас напісання матэрыялу ён са сваёй брыгадай высаджваў дрэвы на прыдарожнай паласе ў аграгарадку Галоўчын.

За гэты час Мікалай Мураўёў у выбранай прафесіі не расчараваўся. Наадварот, задаволены ўмовамі працы. І нават ненармаваны працоўны дзень ні разу не напалохаў машыніста.
– Толькі бывае цяжкавата нашым сем’ям, – адзначыў Мікалай Мураўёў. – Часам, вяртаемся дадому позна ўвечары. У дарожнікаў не бывае агульнаўстаноўленых святочных ці выхадных дзён. У дождж і ў снег, улетку і ўзімку нас чакае наша праца, якую імкнемся выконваць добрасумленна і ў тэрмін.
З добрым настроем робіць сваю справу дарожны рабочы Аляксандр МІНКЕВІЧ. Яго працоўны дзень у асноўным праходзіць у сталярні, але пры неабходнасці ён выязджае і на аб’екты, каб дапамагчы сваім калегам.
Цяпер ён займаецца афарбоўкай абмежавальных вешак. Як патлумачыў Аляксандр Аляксандравіч, яны спатрэбяцца ў зімовы перыяд:
– Пры расчыстцы снегу на канкрэтным участку дарогі расстаўляюцца вешкі для бяспекі, каб пазначыць тэрыторыю, на якой працуе снегаўборачная тэхніка.
Варта адзначыць, што калектыў у ДРБУ № 170 дружны, усе дапамагаюць адзін аднаму, працуюць зладжана і сумленна. Таму большасць работнікаў шчыруюць тут даўно, назапашваючы вопыт і перадаючы яго з пакалення ў пакаленне.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.