Пятница, 4 июля 2025 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - Талент ад прапіскі не залежыць
15 февраля

Талент ад прапіскі не залежыць

Загадчык Ланькаўскага СЦКіВЧ Ірына ЕМЯЛЬЯНАВА з’яўляецца не толькі добрым адміністратарам, але і ўмее аб’яднаць вакол сябе ўлюблёных у сваю справу людзей, накіраваць іх энергію ў патрэбнае рэчышча.

– Ірына Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра свой шлях у прафесію, якая стала адзінай на ўсё ваша жыццё, і што сёння ўяўляе сабой Ланькаўскі СЦКіВЧ?

– Працую ва ўстанове з 1985 года. Скончыўшы Магілёўскае вучылішча культуры, вярнулася на сваю малую радзіму. Я нарадзілася ў пасёлку Васільеўка, які знаходзіцца непадалёку ад Ланькава. Месяц папрацавала мастацкім кіраўніком Ланькаўскага СДК, а з 1 верасня і ўзначаліла яго калектыў. З таго часу змяняліся толькі статус вясковай установы культуры ды назвы маёй пасады.

Зрэшты, спачатку хацела вучыцца ў Мінску. Калі ехала ў сталіцу, тадышні парторг калгаса імя Энгельса, дзе брыгадзірам працавала мая маці, Мікалай СЫЦЭВІЧ на легкавіку спрабаваў дагнаць той аўтобус, каб угаварыць мяне паступаць вучыцца ў Магілёўскае вучылішча культуры. У мясцовым Доме культуры тады адчуваўся дэфіцыт культработнікаў. Але, як гаворыцца, чалавек мяркуе, а Бог ладкуе. З-за адсутнасці прапіскі павучыцца ў Мінску мне так і не давялося. Паслухалася парады Мікалая Васілевіча і лічу, што добра зрабіла.

Што ж да сённяшняга Ланькаўскага СЦКіВЧ, якім я пасля праведзенай аптымізацыі загадваю, а да яе з’яўлялася дырэктарам, то ў штаце яго працуюць чатыры культработнікі і тэхработнік. Да аптымізацыі было восем чалавек. Але аптымізацыя не паўплывала на колькасць і якасць культурніцкіх паслуг, якія мы аказваем насельніцтву. Працуем у ранейшым рэжыме, шукаем і ўкараняем у сваю практыку цікавыя навінкі. Вядзецца работа, скіраваная на арганізацыю эфектыўнага баўлення вольнага часуяк дарослымі, так і непаўналетнімі.

Удзельнікі нашых творчых гуртоў і аб’яднанняў прымаюць удзел у конкурсах і фестывалях самага рознага ўзроўню. Напрыклад, вакальны ансамбль «Медуніца», які паспяхова дзейнічае больш за два дзясяткі гадоў, далёка вядомы не толькі за межамі нашага сельсавета, але і раёна. Дзе яны толькі ні выступаюць са сваімі задорнымі канцэртнымі праграмамі! Выязджалі і ў Мінскую, і ў Віцебскую вобласці, у многія раёны Магілёўскай. Пастаянны склад вакальнага ансамбля налічвае восем чалавек. Кіруе ім Аліна АРЛЁНАК, хормайстар – Валерый МАКАРАНКА.

Лічу, і абсалютна пераканана ў тым, што ў нашым СЦКіВЧ працуе з’яднаны творчы калектыў, які складаюць як штатныя работнікі, так і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Усе яны разумеюць важнасць і адказнасць ускладзенай на іх місіі, нястомна працуюць над выхаваннем высокай грамадзянскай свядомасці насельніцтва, сваімі культурна-мастацкімі праграмамі дапамагаюць мясцовай гаспадарцы падтрымліваць вытворчасць, умацоўваць працоўную дысцыпліну, ствараюць умовы для паўнавартаснага і гарманічнага развіцця дзяцей і падлеткаў, забяспечваюць людзям пажылога ўзросту магчымасць жыць паўнавартасным творчым жыццём. А гэта, пагадзіцеся, вельмі важныя задачы. Чалавек не можа жыць толькі адной працай, альбо наглуха заперціся ў сваёй хаце ці кватэры. Яму патрэбны і змястоўны адпачынак, радасць і натхненне ад сустрэчы з песняй, танцамі, спектаклем, мастацкім чытаннем…

– Вы так шчыра і захоплена распавядаеце пра працу калектыву свайго СЦКіВЧ! Мусіць, вельмі моцна любіце тое, чым займаецеся, любіце дарыць людзям радасць ад іх сустрэч з мастацтвам?

– Не любіць сваю работу і займацца ёй? Гэта зусім не ў маім характары. Працу сваю вельмі моцна люблю, заўсёды раблю з вялікім жаданнем, энтузіязмам і агеньчыкам. І бязмежна ганаруся сваім калектывам, нашымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Усе яны – вялікія малайцы! І, канешне ж, атрымліваю задавальненне ад зробленага. Напэўна, гэта і ёсць вялікае шчасце.

– Ірына Міхайлаўна, а якія яшчэ творчыя калектывы створаны і дзейнічаюць у вашым СЦКіВЧ?

– Тэатральна-драматычны, якім кіруе Святлана КАМЛЁВА. Самадзейныя артысты яго пастаянна ўдзельнічаюць у штогадовых раённых аглядах-конкурсах тэатральнадраматычных калектываў сярод клубных устаноў «Бялыніцкая тэатральная восень». Яны займалі і першае, і некалькі прызавых месцаў. Адна з адметнасцяў працы нашых тэатралаў – гэта і зварот да творчасці як класікаў драматургічнай літаратуры, так і мясцовых аўтараў. Напрыклад, колькі гадоў таму яны ўвасобілі ў спектакль шэсць гумарэсак Міколы ПАДАБЕДА, на прэм’еру запрасілі і аўтара іх. І да сёння мне помніцца тое, як выдатна ў гэтай пастаноўцы сыгралі свае ролі Валерый Макаранка, Леанід ДЗЕРАВЯШКІН, Людміла МЯДЗВЕДЗЕВА, Аліна Арлёнак, Ларыса АТРОШКІНА. Да слова сказаць, і ў мяне ў тым спектаклі была свая роля.

Паставіла наша тэатральная трупа і спектакль па п’есе «Спрэчка, альбо Казка Дамавіка» Аляксандра АЛЯКСАНДРЫНА, які жыве і працуе ў адным з райцэнтраў усходняй Магілёўшчыны. Спісаліся з ім, і ён даслаў тэкст свайго твора. Спектакль глядач прыхільна сустрэў. Цяпер тэатральны калектыў рыхтуецца да чарговага фестывалю «Бялыніцкая тэатральная восень». Папулярнасцю карыстаецца і творчасць калектыву эстраднага вакалу, у якім заняты Людміла КУРГУЗЕНКА, Галіна УЦЬКОВА, Юлія МАРОЗ…

Сям’я карэннай масквічкі Юліі, яе муж – кіяўлянін Максім і дачка Аліса, колькі гадоў таму пераехала на сталае жыццё ў Ланькаў з… Масквы. Набылі тут дом, знайшоўшы спакойнае і ціхае месца для свайго жыцця. Юлія любіць спяваць, удзельнічае ў калектыве мастацкай самадзейнасці Ланькаўскага СЦКіВЧ. Год назад паўдзельнічала ў Маскоўскім міжнародным конкурсе вакалістаў імя Ганны ГЕРМАН. У мінулым выступіла на ім у анлайн-фармаце. Цяпер вось чакаем вынікаў яго.

Вясковыя дзеці і падлеткі з ахвотай наведваюць эстрадна-вакальны гурт «Сонейка».

Рэгіянальная, асабліва – сельская, культура цікавая людзьмі. Кожны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці да драбніц асабіста бачыць і сённяшнюю сітуацыю, і перспектывы. І, бадай, за кожным з іх – канкрэтныя праекты, задуманыя і рэалізаваныя на мясцовым матэрыяле. А ўзровень таленту ад прапіскі ніколькі не залежыць.

– Можа, і нейкую навінку паспелі ўкараніць?

– Не сакрэт, што цэнтрам усіх грамадска-палітычных і культурна-масавых мерапрыемстваў, народных гулянняў, абрадаў, творчай працы розных гурткоў, калектываў, аматарскіх аб’яднанняў з’яўляецца сельскі ЦКіВЧ. Менавіта тут заўсёды гасцінна сустракаюць усіх жыхароў і гасцей аграгарадка. Апроч таго, большасць з іх практычна так ці інакш звязана з нашай установай: альбо дзеці іх, альбо ўнукі, ці сам хто спявае тут.

Наша праца скіравана не толькі на выяўленне і развіццё творчых здольнасцяў, але і на садзейнічанне паспяховай самарэалізацыі непаўналетніх, прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактыку асацыяльных праяў сярод непаўналетніх і дарослых, прадастаўленне культурніцкіх паслуг, праводзіцца работа па маральна-эстэтычным выхаванні ўсяго мясцовага насельніцтва.

Так, на месцы не стаiм: кожны новы год уносіць свае карэктывы ў нашу работу па ўкараненні сучасных перспектыўных форм культурнага абслугоўвання, у працу з дзецьмі, моладдзю, людзьмі сталага ўзросту. Шматлікія формы прыжываюцца і становяцца традыцыйнымі. Гэта пастаянная творчая праца.

У нашай установе з’явілася новае аматарскае аб’яднанне «Зацейнік», удзельнікі якога, у асноўным – дзеці, школьная моладзь, займаюцца гульнёвымі праграмамі, развучваюць беларускія народныя гульні, выкарыстоўваючы элементы лялечнага тэатра, гуляюць у шашкі і шахматы… Такім чынам мы стараемся цікава і змястоўна напоўніць вольны час дзяцей, адцягнуўшы іх ад смартфонаў і камп’ютараў, выхоўваць юнае пакаленне праз забаўляльны характар яго адпачынку.

Гутарыў Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара і Святланы МАГІЛЕЎЧЫК. 

zara.by

­
Поделиться:

Афиша и объявления

27 июня
28 июня 2025 г. с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию в райисполкоме проведет Смычек Александр Владимирович, первый заместитель председателя – начальник...
26 июня
Личный прием граждан
26 июня
Белыничское открытое акционерное общество «Агросервис» сообщает, что 1 июля 2025 года в 14:00 в актовом зале (Белыничский район аг.Искра, ул. Центральная,...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничи, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00