Творчая, актыўная, ветлівая і пазітыўная!

Менавіта такое ўражанне пра сябе пакінула пры першай сустрэчы загадчыца Свяцілавіцкага СЦК Кацярына МАСЛЯНКОВА.
Пазнаёміліся з ёй падчас аднаго з творчых заданняў: трэба было напісаць пра актыўнага сельскага старасту. Так-так, Кацярына ўжо дастаткова доўгі час выконвае абавязкі старасты вёскі Краснае Лебядзянкаўскага сельсавета. Там яна і жыве са сваёй сям’ёй. Муж Міхаіл працуе вальшчыкам лесу ў Свяцілавіцкім лясніцтве, старэйшы сын Аляксей вучыцца ў сельгасакадэміі ў Горках, сярэдні Аляксандр – 11-класнік Свяцілавіцкага ВПКДССШ, а малодшы, Ільюша, у школу пойдзе толькі ў верасні.
Загадвае сельскай установай культуры Кацярына Маслянкова нядоўга, але за гэты час тут прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў: тэатралізаваныя пастаноўкі, канцэрты, народныя святы запомніліся надоўга вясковым жыхарам. І яны з задавальненнем наведваюць сельскі Цэнтр культуры.
– Усе мерапрыемствы арганізоўваем разам з мастацкім кіраўніком Карынай ГАЛУЗА, – распавядае Кацярына. – Шмат ідэй, вядома, выбіраем з інтэрнэта, адаптуем іх пад нашага гледача. Але ўсю падрыхтоўчую працу выконваем з Карынай удваіх. Яна заўважае ўсё да дробязей, на што я, мабыць, не звярнула б увагі. Але гэтыя дробязі бачыць глядач і запамінае іх. З вялікім поспехам у нас прайшоў спектакль «Стомлены д’ябал», які паставіла Карына і сама выканала ў ім галоўную ролю, а сёлета мы з ёй удзельнічалі ў пастаноўцы казкі «Навагодняя быль-небыліца», якая амаль два месяцы ішла ў РЦК. Самымі актыўнымі сярод нашых сельскіх аматараў мастацкай самадзейнасці магу назваць Анатоля ШАРСНЁВА і Генадзя ДЗЯМІДАВА. Яны ўдзельнічаюць літаральна ва ўсіх тэатральных пастаноўках і мерапрыемствах элементамі тэатралізацыі. Спяваюць на сцэне Святлана АКУНЁВА, Алена БАРТАШЭВІЧ, Таццяна і Сяргей ВАШАЦЬКОВЫ. І школьнікі актыўна да іх далучаюцца.

Не забываецца Кацярына і на абавязкі старасты, хоць большую частку яе часу забірае праца. Купіць пажылым аднавяскоўцам лекі, патэлефанаваць у сельсавет, калі не гарыць святло на вуліцы, ці выканаць якое даручэнне ў «раёне», заўсёды пагаджаецца. А вясной, як заўсёды, нагадае прыбраць смецце каля сядзіб і суботнік арганізуе.
Столькі клопатаў, падума ецца, у маладой жанчыны, як тут знайсці час для сябе? Аказваецца, можна! Шмат гадоў Кацярына Маслянкова захапляецца вязаннем. І не толькі «рукавічна-шкарпэтачным». З-пад яе ўмелых рук выходзяць прыгожыя світары, камі зэлькі, сурвэткі, шапачкі, цацкі і нават упрыгожванні.
– Прыахвоціла мяне да гэтай справы пажылая суседка, – гаворыць Кацярына. – Яна вельмі прыгожа вязала. Калі я перайшла на працу ў Свяцілавічы, часу на захапленне стала крыху менш, але ўсё роўна не пакідаю пруткі і кручок. Асабліва калі ўбачу дзе-небудь новую вязаную рэч, хочацца зрабіць такую ж. Большасць вязаных цацак і аксесуараў робім у тандэме з Карынай. Я вывязваю аснову, а яна аздабляе.
Пакуль аб заробках на ручной працы казаць рана, большасць падзелак дзяўчаты робяць для душы, дораць сябрам і блізкім, дапаўняюць імі рэквізіт, што выкарыстоўваюць у клубных мерапрыемствах.


Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара і з архіва Кацярыны Маслянковай.