Ліпавы Гай зайграе новымі фарбамі
Карэспандэнт раённай газеты “Зара над Друццю” высвятляў, калі завершыцца рэканструкцыя і якія новыя аб’екты з’явяцца на яго тэрыторыі.
Парк адпачынку Ліпавы Гай ператвараецца. Будаўнічыя, рэканструкцыйныя работы ў ім падыходзяць да завяршэння.
На ўваходзе ў парк нас ужо сустракае ўстаноўленая тут жалезабетонная арка. Прадугледжана стварэнне дзіцячай гульнёвай пляцоўкі, ідзе закупка адпаведнага абсталявання.
– Запланавана не толькі замяніць пакрыццё існуючых пешаходных дарожак, але і пракласці новыя ў тых месцах, дзе людзі пратапталі сцяжынкі. Каб ім было зручней хадзіць, – распавёў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый ДАВЫДАЎ. – Паабапал гэтых дарожак прадугледжваецца ўстанавіць таршэры вулічнага асвятлення.
Будуць зроблены веладарожкі з асфальтабетоннага пакрыцця. Ужо хутка аматары веласпорту змогуць зручна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі парку адпачынку.
Сажалка нязначна зменшыцца, яна робіцца ў выглядзе васьмёркі. На ёй будзе ўзведзены пераходны мост. У мэтах выключэння перасыхання сажалкі ў летні перыяд прадугледжваецца гідраізаляцыйная падсцілка з сістэмай водазабеспячэння.
У цэнтры парку вядзецца перабудова летняй сцэнічнай пляцоўкі з абсталяваннем крытага навеса для выступаючых.
Помнікі на Алеі Герояў плануецца абліцаваць гранітам. Выканаўцы гэтых работ прыступілі да працы.
Асноўныя работы выконваюць будаўнікі ПМК-241. Спецыялісты ДЭУ-74 займаюцца пракладкай веладарожак, абліцоўкай помнікаў на Алеі Герояў – спецыяльна навучаныя людзі з прыватнай кампаніі. Добраўпарадкаванне тэрыторыі парку Ліпавы Гай праводзяць работнікі жылкамгаса.
– Завяршэнне ўсёй працы па рэканструкцыі любімага месца адпачынку бялынічан запланавана да 7 мая, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Давыдаў.
Дзмітрый ЦІХАНАЎ.
Фота аўтара.
Поделиться: