Праверылі лецішчы

Супрацоўнікі РАНС на пастаяннай аснове праводзяць прафілактычную працу з насельніцтвам па прадухіленні надзвычайных сітуацый. Каб праверыць захаванне імі правілаў пажарнай бяспекі, выратавальнікі наведваюць іх домаўладанні ў складзе аглядальных камісій.
Днямі старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна НАПРЭЕНКА і начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ праверылі дачныя дамы вёскі Мяльнік. Да іх далучылася і журналіст райгазеты.
Як правіла, заспець гаспадароў лецішчаў у асенне-зімовы час складана, таму што на дачы прыязджаюць яны рэдка. Але цяпер, калі летні сезон у самым разгары, члены аглядальнай камісіі змаглі праверыць дамы і пагаварыць з іх гаспадарамі.

– Калі печка маецца, яна павінна быць падрыхтаванай да ацяпляльнага сезона, – звярнуў увагу Віталь Валянцінавіч.
На самой справе гэта правільна. Члены аглядальнай камісіі не змогуць пракантраляваць і пераканацца ў тым, што печкай сапраўды ніхто не карыстаецца. А калі ўжо яна не патрэбна, дык прасцей знесці яе наогул.
– Ведаю, што дачнікі топяць печкі, каб высушыць грыбы і ягады, – дадае начальнік РАНС. – Дый у сырое надвор’е пагрэцца ніхто не адмовіцца.

Як аказалася, летась гаспадара лецішча папярэджвалі, што расколін на печы быць не павінна, на лямпачках патрэбны плафоны, але той за год так і не ліквідаваў парушэнні.
Члены камісіі апошні раз папярэдзілі Аляксея і звярнулі ўвагу, што калі сітуацыя не будзе выпраўлена, домаўладальнік будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Падчас праверкі лецішча Марыі ЗАЙЦАВАЙ у правяраючых таксама ўзніклі пытанні. У доме дзве печкі. І калі ў адной няспраўная запорная прылада, якую абавязкова трэба адрамантаваць, то другая наогул размешчана няправільна. З аднаго боку да печкі прымыкае сцяна, з другога – ушчыльную стаіць ложак.
– Так быць не павінна, – адзначае Віталь Воранаў. – Печ трэба ставіць так, каб сцены і прадметы побыту знаходзіліся на бяспечнай адлегласці – як мінімум 10 см.
Людзі не да канца разумеюць, што падобныя праверкі праводзяцца дзеля захавання іх жыцця і бяспекі, і гэта самае сумнае. Таму выпраўляць парушэнні трэба не толькі “для камісіі”, але ў першую чаргу – для сябе!