5 февраля
Аб тым, што не забываецца ніколі

Непаўторна асаблівы, адметны перыяд у жыцці кожнага чалавека – гэта, безумоўна, гады, праведзеныя ім у школе. Усе мы выйшлі са школы, бо там шукалі сваё месца ў дарослым жыцці, там сустрэлі сяброў, а нашы настаўнікі адкрывалі перад намі таямнічы свет новых ведаў, нястомна выяўлялі, падтрымлівалі і развівалі нашыя таленты.
Канечне, роднай школе, усім любімым настаўнікам ніколі не позна сказаць шчыры і сардэчны дзякуй. Менавіта такая падзяка мне пабачылася і ў музычным дыску “Альбом школьных песень”, які нядаўна выдаў з сябрамі бялынічанін Юрась Несцярэнка, аўтар і выканаўца, заснавальнік музыкальных гуртоў з бялыніцкай прапіскай “Блюз Белай Ночы”, “Нестары Бэнд”, удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў.
Прэзентацыя дыска адбылася ў літаратурна-мастацкай гасцёўні раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі акурат напярэдадні традыцыйнай сустрэчы выпускнікоў школ.
Змест альбома складаюць адзінаццаць беларускамоўных песняў на школьную тэматыку: “Першыя ўрокі”, “Школьны вальс”, “Школьная настальгічная”, “Дырэктар школы”, “Апошні званок”, “Вальс развітання”... Як бачна, творы адлюстроўваюць, бадай, усю палітру школьнага жыцця – ад урачыста запамінальнага першага званка да суму развітання і настальгіі па дзяцінстве, роднай навучальнай установе, настаўніках.
Каштоўнасць гэтага дыска яшчэ і ў тым, што да дзесяці цікавых, арыгінальных песень падаецца і “мінусоўка” – фанаграма, пад якую ўдзельнікі школьнай мастацкай самадзейнасці, вучні і настаўнікі, урэшце, кожны жадаючы могуць паспрабаваць уласныя вакальныя здольнасці. Зрэшты, гэты чарговы творчы прадукт нашага земляка можа аказаць вялікую паслугу таксама і арганізатарам разнастайных школьных мерапрыемстваў, вечарын, тых жа, скажам, традыцыйных сустрэч выпускнікоў.
З другога боку, школьных і менавіта беларускамоўных песень зараз не так ужо й зашмат. Запоўніць гэту нішу ўдала і паспрабаваў Юрый Несцярэнка са сваімі аднадумцамі.
У прэзентацыі “Альбома школьных песень” бралі ўдзел: арганізатар гэтага творчага праекта Юрась Несцярэнка (ён таксама напісаў музыку да 6 песняў і словы – да чатырох), аўтары і выканаўцы – магістр філалагічных навук, выкладчыца Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Дар’я Несцярэнка, лаўрэат аднаго з папулярных фестываляў “Залатая мелодыя”, што праводзіцца ў Бялынічах, работнік Клічаўскага РЦК Андрэй Гаварушка. Песні з альбома прагучалі таксама і ў выкананні бялынічанаў – Надзеі Несцярэнка, удзельніц узорнага вакальнага дзіцячага ансамбля “Расінка” (кіраўнік – Валянціна Лянькова) МЦ “Ветразь” Ганны Краўцовай, Любові Герцавай і Хрысціны Трусавай.
Фінальным акордам прэзентацыі стала ўзнёсла-шчымлівая песня “Нашы настаўнікі” ў выкананні Юрыя і Надзеі Несцярэнкаў. Выступ іх суправаджаўся не толькі авацыямі прысутных, але і відэакліпам, у аснову якога пакладзены хвалюючыя моманты першавераснёўскіх урачыстых лінеек у СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага і СШ № 2 Бялынічаў.
Прэзентацыі “Альбома школьных песень”, па словах Юрыя Несцярэнкі, неўзабаве пройдуць у Магілёве, Мінску, іншых гарадах і раённых цэнтрах, а таксама школах Беларусі.
Марыя ШУТ,
вучаніца СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага
Поделиться: