На Бялыніччыне адзначылі Дзень моладзі

У апошнюю нядзелю чэрвеня жыхары Бялыніччыны весела адзначылі Дзень
моладзі. У парку-адпачынку «Ліпавы Гай» сабраліся ўсе тыя, хто не толькі
малады ўзростам, але і душой.
Падчас святкавання адбылася цырымонія ўзнагароджвання лепшых маладых
работнікаў Прыдрутчыны. Хлопцы і дзяўчаты адзін за адным падымаліся
на сцэну, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды ад раённага выканаўчага
камітэта, райкама ГА «БРСМ», раённай арганізацыі Рэспубліканскага
грамадскага аб’яднання «Белая Русь», кіраўніцтва арганізацый,
прадпрыемстваў і гаспадарак, у якіх шчыруюць. Весела і цікава было
ў гэты вечар у «Ліпавым Гаі»: працавалі дзіцячыя пляцоўкі, гандлёвыя
кропкі, бадзёры настрой прысутных падтрымлівалі выступленні мясцовых
самадзейных артыстаў. Свята маладосці атрымалася на славу!