Наступныя кірмашы пройдуць 3 і 4 кастрычніка

Агульная грашовая выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, рыбы, дарункаў прыроды, дроў на кірмашы ў Бялынічах, які прайшоў у мінулую суботу, склала 75 мільёнаў 900 тысяч рублёў. Доля райспажыўтаварыства, якое прапаноўвала бялынічанам капусту, памідоры, цыбулю, часнок, яблыкі, журавіны, а таксама пачаставацца шышлыком, дасягнула 17 мільёнаў рублёў. Лідар папярэдняга кірмашу, СВК “Калгас “Радзіма”, рэалізаваў уласнай прадукцыі на 12 мільёнаў рублёў.
Найменшую суму грошай на райцэнтраўскім кірмашы выручыла ААТ “Бялыніцкі пратэінавы завод”, якое выставіла на продаж камбікорм і мясакосцевую муку, – 0,9 мільёна рублёў. ААТ “Падзевічы” прадала па цане 2500 рублёў за кілаграм на 6,4 мільёна рублёў бульбы. У той жа час агульная грашовая выручка ААТ “Новая Друць”, якое па аналагічнай цане прапаноўвала пакупнікам бульбу, а таксама агуркі (8500 руб. за кг), капусту (4000), цыбулю (6000) і таматы (14500), крышачку перавысіла 7 мільёнаў рублёў. С(Ф)Г “Дамашнія прадукты” таксама прапаноўвала бялынічанам бульбу, праўда, па 2600 – 2700 рублёў за кілаграм. Іншымі словамі, для тых, хто прыйшоў на кірамаш дзеля таго, каб набыць на зіму бульбу, выбар быў забяспечаны.
Адзначым, што ААТ “ПМК № 83 “Вадбуд” прапаноўвала пакупнікам жывую фарэль – па 85 тысяч рублёў за кілаграм. Нягледзячы на тое, што па суседству рэалізоўвала жывую рыбу (сом, карась, таўсталобік, карп) рыбная гаспадарка “Волма”, ПМК № 83 прадала фарэлі на 6,2 мільёна рублёў, альбо збыла яе крыху больш за 70 кілаграмаў.
Ад продажы дроў лясгас выручыў 5250000 рублёў, філіял райпалівазбыт – 4 мільёны 200 тысяч. Дарэчы, як і на папярэднім кірмашы дровы былі дастаўлены ў двары іх пакупнікоў.
Карысталіся попытам у пакупнікоў і збожжавыя культуры: авёс, ячмень, пшаніца, трыцікале.
Кіраўніцтва ААТ “ДруцьІнвест” таксама спрабуе заняць месца на мясцовым рынку. І, мабыць, даволі паспяхова: на кірмашы, які прайшоў 27 верасня, пакупнікі набылі туалетнай паперы на 1 мільён 350 тысяч рублёў.
Запатрабаванай аказалася і паслуга дастаўкі набытай прадукцыі пакупніку. Яе аказвалі БУКП “Жылкамгас” і раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
У адпаведнасці з графікам правядзення кірмашоў з мэтай забеспячэння насельніцтва раёна сельскагаспадарчай прадукцыяй чарговыя кірмашы адбудуцца 3 кастрычніка ў аграгарадку Цяхцін, а 4 кастрычніка на рынку райспажыўтаварыства ў Бялынічах пройдзе “Асенні кірмаш”.
